Перавод адміністрацыйных працэдур «аднаго акна» ў электронны фармат і стварэнне шматфункцыянальных цэнтраў па аказанні паслуг. Падпісанне дагавораў аб узаемнай дапамозе па грамадзянскіх, эканамічных і крымінальных справах з Кувейтам, Індыяй і Ганконгам і змены ў закон аб дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці. Пра гэтыя і іншыя планы Міністэрства юстыцыі Беларусі, якое сёлета адзначае 100-годдзе, расказаў міністр Алег СЛІЖЭЎСКІ.
Адзін з асноўных момантаў работы ў 2018-м — прыняцце закона «Аб нарматыўных прававых актах», які ўступіў у сілу 1 лютага 2019-га. Гэты дакумент, у прыватнасці, рэгламентуе парадак публічнага абмеркавання праектаў нарматыўных прававых актаў, ажыццяўленне прававога маніторынгу (ацэнкі якасці заканадаўства і практыкі яго правапрымянення), а таксама прагназаванне наступстваў прыняцця нарматыўных актаў.
— Органам, якія былі ініцыятарамі прыняцця дакументаў, неабходна ў далейшым маніторыць, як нормы працуюць на практыцы. А да гэтага, яшчэ на стадыі распрацоўкі, — прааналізаваць магчымыя наступствы дзеяння нормаў, каб разумець, дзеля чаго мяняецца заканадаўства і ці трэба прымаць той ці іншы дакумент, — абазначыў Алег Сліжэўскі.
Ён таксама падвёў вынікі пяцігадовай дзейнасці органаў прымусовага выканання:
— Створаная сістэма выконвае ўскладзеныя на яе задачы. Калі ў 2013 годзе было 53,8 % дакументаў, выкананых у поўным аб'ёме (у тым ліку і па месцы працы даўжніка), то ўжо летась іх было 81,3 %.
Пры гэтым амаль удвая паменшылася колькасць спраў, якія вярталіся спагнанніку ў сувязі з немагчымасцю выканання, і ў некалькі разоў узрасла сума вернутых грошай: 300 мільёнаў рублёў у 2013-м і 1,1 мільярда рублёў — летась. У АРІП у мінулым годзе створаны сэрвіс, дзякуючы якому можна аплаціць запазычанасць па выканаўчым дзеянні. А рэестр запазычанасцяў пры Мінюсце штомесяц апрацоўвае больш за 35 мільёнаў запытаў.
Сярод меркаваных сёлета змен міністр назваў поўны пераход да электроннага выканаўчага вядзення і аўтаматызацыю інфармацыйнага абмену паміж усімі бакамі гэтага працэсу. А таксама заканадаўчую забарону супрацоўнікам аднаго і таго ж рыэлтарскага агенцтва адначасова прадстаўляць і пакупніка, і прадаўца.
Ірына СІДАРОК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/minyust
[4] https://zviazda.by/be/tags/daugi