Як адзначаюць у Белтэлерадыёкампаніі, якая выступае асноўным арганізатарам нацыянальнага адбору, гэта рэкордная колькасць за апошнія сем гадоў (напрыклад, летась ахвотных спяваць на еўрасцэне ад Беларусі было 93 чалавекі, а ў 2017-м — усяго 67).
Сёлета ж усяго за дзесяць дзён, што доўжыўся прыём, медыяхолдынг атрымаў 113 заявак. Улічваючы спрошчаную працэдуру афармлення (праз сайт) і адсутнасць абмежаванняў па грамадзянстве ўдзельнікаў, жаданне выступіць за Беларусь выказалі артысты не толькі з нашай краіны, але таксама з Расіі, Украіны, Польшчы, Латвіі, Румыніі, Італіі, Іспаніі, Вялікабрытаніі, Швецыі, ЗША, Канады, Ізраіля і нават Нігерыі. Ёсць сярод іх даволі вядомыя выканаўцы — так, шведскі рок-спявак і гітарыст Себасцьян Рос праславіўся ў Паўночнай Еўропе як адзін з найлепшых выканаўцаў хітоў Thе Bеаtlеs, Міхай Трайстарыу з Румыніі ўжо выступаў на «Еўрабачанні» ў 2006-м і заняў 4-е месца ў фінале, Dаz Sаmрsоn з Вялікабрытаніі таксама прадстаўляў родную краіну на шоу 2006 года. Хапае ў спісе і ўдзельнікаў мінулых адбораў — гурт «Аўра», Nароlі, Ален Хіт, Анжаліка Пушнова і адна з патэнцыйных фаварытак адбору ЗЕНА — беларуская артыстка прадзюсарскага цэнтра Віктара Дробыша Зіна Купрыяновіч, якая летась нагадала аб сабе на дзіцячым «Еўрабачанні» — праўда, у якасці вядучай.
Пасля праверкі атрыманых заявак на адпаведнасць умовам конкурсу стане вядома, ці ўсе прэтэндэнты трапяць у наступны этап — жывое праслухоўванне. Яно пройдзе ў вялікай студыі Белтэлерадыёкампаніі ўжо ў панядзелак, 4 лютага, і па выніках праслухоўвання фокус-група абвесціць імёны дзесяці фіналістаў. Зрэшты, адзначаюць арганізатары, колькасць фіналістаў можа быць змененая ў той ці іншы бок, калі прафесіяналы палічаць гэта неабходным. Анлайн-трансляцыю праслухоўвання можна паглядзець на сайце www.tvr.bу, а падрабязны рэпартаж пра тое, што застанецца па-за ўвагай тэлекамер, шукайце на сайце і ў адным з наступных нумароў «Звязды».
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/eurabachanne-1
[4] https://zviazda.by/be/tags/muzyka