У Мінск выпускнік балетмайстарскага аддзялення Ленінградскай кансерваторыі імя М.А. Рымскага-Корсакава Валянцін Елізар'еў прыехаў, як яму здавалася, паставіць адзін-два спектаклі, а застаўся тут на ўсё жыццё. У 26 гадоў ён стаў галоўным балетмайстрам Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балету БССР. Аўтар самых яркіх пастановак, прызнаны аўтарытэт у свеце балету, у 38 гадоў быў удастоены звання народнага артыста СССР.
Прозвішча Елізар'ева стала сінонімам да слоў «беларускі балет», сімвалам росквіту харэаграфічнага мастацтва і сусветнай славы нашага балету. Сёння, напэўна, не варта ўдавацца ў падрабязнасці, чаму ў 2009 годзе разышліся шляхі тэатра і Валянціна Елізар'ева. Важна тое, што калі восенню мінулага года яго прызначылі мастацкім кіраўніком беларускага Вялікага, газеты застракацелі загалоўкамі: «Трыўмфальнае вяртанне Елізар'ева». І гэта не фігура мовы. Яго вяртання чакалі і публіка, і артысты, і нават тэхнічны персанал.
Да свайго 70-гадовага юбілею ён аднавіў «Спартак», а ўжо ў статусе мастацкага кіраўніка падрыхтаваў новую рэдакцыю балета «Рамэа і Джульета». «Праўкі» былі невялікімі, але геній крыецца ў дэталях! Адзін новы, імгненны, але цікавы, адшліфаваны рух артыста – і балет зайграў найярчэйшымі фарбамі.
– Вядома, што вы ўзялі на сябе абавязацельствы аднавіць некалькі балетаў. Ці будуць сярод іх «Стварэнне свету» і «Ціль Уленшпігель»?
– Пры магчымасці тэатра – перш за ўсё, фінансавай – я хацеў бы аднавіць свой рэпертуар. У планах – і новыя пастаноўкі. Але пакуль большую частку часу займае мая асноўная праца – мастацкае кіраўніцтва тэатрам. Раней я быў мастацкім кіраўніком і дырэктарам тэатра балету, цяпер жа нагрузка значна павялічылася, бо я адказваю за творчую дзейнасць усяго тэатра і, адпаведна, усе яго творчыя калектывы: і аркестр, і салістаў оперы, і хор, і балет – аб'ём адміністрацыйнай працы проста велізарны. Але, тым не менш, я знаходжу і буду знаходзіць «вокны» для творчасці.
– Вымушана расстаўшыся з працай у тэатры, вы яго ніколі не пакідалі, наведваючы ўсе новыя пастаноўкі як звычайны глядач, купляючы квіткі ў касе. Цяпер вы ўбачылі стан творчага калектыву знутры. Падзяліцеся, калі ласка, сваімі назіраннямі.
– Ёсць дастатковая колькасць таленавітых людзей, з якімі можна працаваць. Аднак я заўважыў, што творчы калектыў сфарміраваны няроўна і нераўназначна. Па заканчэнні сезону давядзецца прымаць пэўныя рашэнні, верагодна, не самыя папулярныя. У цэлым усе мастацкія калектывы на многае здольныя, важна загрузіць іх працай, каб людзі ў тэатры жылі творчасцю, а не чымсьці іншым.
– Валянцін Мікалаевіч, вашы прыхільнікі са стажам ведаюць гэтую гісторыю, а чытачам нагадаю: у 1986 годзе Ніна Ананіяшвілі і Андрыс Ліепа прадстаўлялі СССР на Міжнародным балетным конкурсе ў ЗША. Патрэбен быў сучасны танец, і яшчэ ў той вялікай краіне не знайшлося балетмайстра, акрамя Елізар'ева, які б мог паставіць гэты нумар. Ніна і Андрыс заваявалі Гран-пры. На VII-м Міжнародным конкурсе артыстаў балету і харэографаў вы былі ўдастоены прэміі за лепшую сучасную харэаграфію. Гэта значыць, вы – класік, якому не чужая сучаснасць. Таму хачу спытаць пра ваша меркаванне наконт эксперыментаў, калі класіку ставяць на рэйкі сучаснасці. У нашым тэатры ёсць такія прыклады на опернай сцэне, а ці можна чакаць нешта падобнае ў балеце?
– Вы ведаеце, усё можна. Але ці трэба гэта – задаеш сабе пытанне. Таму што аўтары ўкладвалі ў музыку, у лібрэта глыбокі сэнс свайго часу. Дакрананне да класікі павінна быць далікатным, і даверыць яго можна толькі вельмі таленавітым людзям. Мне ў жыцці пашанцавала – я многае бачыў. І пры гэтым я вельмі рэдка сустракаў годны прыклад «пераніцоўвання» класікі, або, як кажуць, пераасэнсавання. Поспехі на гэтым шляху вельмі рэдкія, хутчэй, гэта шлях эпатажу. Мне здаецца, калі хочаш паставіць сучасны спектакль – вазьмі новы твор. Я за тое, каб кожны час нараджаў свае спектаклі. Пакіньце класікаў у спакоі.
– Ці вернецца ў тэатр ваша жонка (Маргарыта Ізворска-Елізар'ева, рэжысёр оперы, доктар філасофскіх і педагагічных навук, прафесар Беларускай акадэміі музыкі. – заўв. аўт.) ці хаця б зробіць адну-дзве пастаноўкі?
– Яна не плануе вяртацца ў тэатр або ставіць тут спектаклі. У яе зараз у Акадэміі музыкі дзве вучаніцы – будучыя рэжысёры-пастаноўшчыкі: усім вядомая спявачка Аксана Волкава і рэжысёр нашага тэатра Наталля Бараноўская. Маргарыта будзе суправаджаць у тэатры іх дыпломныя работы.
– Калісьці чытала інтэрв'ю з вамі пад такім загалоўкам: «Я – багаты балет, яна – бедная опера». А якое зараз фінансавае становішча тэатра?
– Гэта вобразны выраз, так ужо літаральна ўспрымаць яго не варта. Сапраўды, калі мы жылі ў розных «кватэрах» (з 1996 па 2009 год Вялікі тэатр падзяляўся на самастойныя структуры: оперы і балету. – заўв. аўт.), і аб'ядноўваў нас толькі аркестр, балет добра зарабляў, шмат гастраляваў за мяжой, паказваючы свае спектаклі. Нягледзячы на тое, што дзярждатацыя размяркоўвалася пароўну, мы жылі лепш. Гэта наогул былі лепшыя гады, таму што ў нас на ўсіх спектаклях была поўная зала. А поўная зала – гэта добрыя даходы. Вялікі і сёння адзін з самых наведваемых тэатраў нашай краіны.
– Ці захаваюцца праекты Вялікага тэатра, напрыклад, «Вечары ў замку Радзівілаў» або Калядны конкурс вакалістаў?
– Усё застанецца. Навошта нішчыць добрыя праекты? Важна знайсці для іх цікавае напаўненне.
– Ці ўваходзіць у вашы планы запрашаць зорак балету з іншых краін?
– Абавязкова. І не толькі на фестывалі, але і для ўдзелу ў рэпертуарных спектаклях.
– Многія артысты тэатра маюць па некалькі замежных ангажэментаў. Вы не будзеце чыніць перашкоды такога роду дзейнасці?
– Не, не збіраюся. Важна, каб ад гэтага не пацярпела іх праца ў нашым тэатры. Усе іх асабістыя ангажэменты павінны быць вельмі дакладна ўвязаныя з асноўнай дзейнасцю. Карыстацца толькі статусам саліста Вялікага тэатра Беларусі і з'яўляцца ў ім вельмі рэдка – я б не хацеў, каб была такая сітуацыя. Калі вы – салісты беларускага Вялікага, вы павінны большую частку творчага часу аддаць гэтаму тэатру. Калі не атрымліваецца, тады трэба выбіраць паміж тэатрам і фрылансам.
– Вас запрашалі ў розныя краіны, у тым ліку ў Японію, для пастаноўкі балетаў. Што з замежнага вопыту вы хацелі б перанесці на беларускую сцэну?
– З Японіі – вопыт працаздольнасці і аддачы. Мы жывем у іншым чалавечым рэжыме, так бы мовіць, больш зберагальным. У Японіі вельмі цэняць сваё творчае працоўнае месца. На рэпетыцыі артысты прыходзяць падрыхтаванымі, вельмі прадуктыўна выкарыстоўваюць час. ККД там нашмат вышэй, чым у Еўропе.
– Між тым, за мяжой прэм'еру паказваюць не менш за тыдзень. У нас прэм'ерны спектакль – максімум два дні запар.
– Бывае, што ў заходнееўрапейскім тэатры і месяц ідзе прэм'ера. Там імкнуцца як мага хутчэй «адбіць» грошы, каб заняцца наступным праектам. Яны не трымаюць доўга спектаклі ў рэпертуары. Усё пастаўлена на камерцыю: калі спектакль карыстаецца вялікім поспехам, у будучыні яго, магчыма, адновяць у гэтых жа дэкарацыях. Калі чаканага поспеху няма, пастаноўка сыходзіць незваротна. У нас іншае разуменне арганізацыі творчага працэсу: вялікі рэпертуар, які паўтараецца на працягу сезона.
– Што, дарэчы, вельмі падабаецца нашым замежным гасцям: яны за тыдзень могуць убачыць пяць спектакляў, прычым па еўрапейскіх мерках – за невялікія грошы.
– У нашым тэатры цэны таксама сталі некалькі вышэй, гэта непазбежна. Але мы ўсё ж імкнемся, каб мастацтва было даступна людзям.
– Ці змянілася публіка за апошняе дзесяцігоддзе?
– Першае, што кідаецца ў вочы: у тэатры больш гледачоў-жанчын. Як і ў царкве. Гэта сведчыць пра менталітэт жанчыны: духоўнасць і мастацтва – яе ключавыя патрэбы.
Прыемны момант, што вельмі памаладзела зала. Пры гэтым засталося ядро сапраўдных аматараў оперы і балету, якое і раней было. І па-ранейшаму ёсць катэгорыя гледачоў, якія прыходзяць на любімых выканаўцаў.
Мне здаецца, што зараз зноў сталі рыхтавацца да паходу ў тэатр. Калі раней прыходзілі ў больш дэмакратычным выглядзе, у джынсах і швэдры, то цяпер выбіраюць уборы. Для многіх выхад у тэатр – гэта вялікая падзея ў жыцці.
Адзінае, што мяне засмучае, – мы ў нейкай ступені страцілі публіку сярэдняга школьнага ўзросту. Ёсць пастаноўкі для дзяцей і падлеткаў, а вось 3-м–6-м класам пакуль няма чаго прапанаваць, акрамя інтэрактыўных праграм. Цяпер думаем, як закрыць існуючую нішу, каб і для гэтай узроставай катэгорыі з'явіўся цікавы спектакль.
– Як вы лічыце, дзецям лепш прыходзіць у тэатр з бацькамі або з класам?
– На мой погляд, добрыя абодва варыянты. А калі вярнуцца да пытання пра публіку, то гадоў дзесяць таму ў тэатр часцей хадзілі з класам, цяпер жа ў асноўным з бацькамі.
– Традыцыйнае пытанне – пра творчыя планы.
– Ім было прысвечана пасяджэнне мастацкага савету. Канчаткова яны яшчэ не сфармуляваны, таму што ў нашым мастацкім савеце людзі актыўныя, адпаведна, шмат розных меркаванняў, і нам трэба прыйсці да агульнага пункту гледжання. Таму пакуль я не магу разгалошваць планы.
– Валянцін Мікалаевіч, у вас інтэрнацыянальная сям'я. Раскажыце, чым займаюцца дзеці, колькі ў вас ужо ўнукаў. Можа, хто-небудзь з іх працягне творчую дынастыю?
– Дачка Ганна працуе літаральна ў суседнім са мной кабінеце, ужо шмат гадоў узначальвае аддзел міжнародных сувязяў тэатра. Сын Аляксандр жыве на радзіме мамы – у Балгарыі, ён доктар філалагічных навук, прафесар Сафійскага універсітэту. Па магчымасці ездзім адзін да аднаго ў госці. У нас трое ўнукаў, усе хлапчукі: старэйшаму – 11 гадоў, сярэдняму – 9, а малодшаму яшчэ і году няма. Старэйшым цікава ўсё! Яны займаюцца ў дзіцячай тэатральнай студыі, вывучаюць акцёрскае майстэрства, харэаграфію, сальфеджыа. Абодва, як і іх тата, каратысты. Як усе дзеці іх узросту, хутка загараюцца новым, потым да чагосьці астываюць. Гэта нармальна, а бацькі павінны паказаць дзецям усе магчымасці. Пакуль цяжка сказаць, ці звяжуць яны сваю будучую прафесійную дзейнасць з мастацтвам. Нам з Маргарытай было б прыемна, калі б дынастыя працягнулася, але выбар за самімі дзецьмі.
– За амаль чвэрць стагоддзя педагагічнай дзейнасці ў статусе прафесара Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі вы выхавалі некалькі цікавых харэографаў. Самы вядомы з іх, мабыць, Раду Паклітару. А Сяргея Мікеля называюць «другім Елізар'евым». Як вы да гэтага ставіцеся?
– Ганаруся сваімі вучнямі. У балеце, як і ў любой творчай дзейнасці, трэба быць перш за ўсё асобай, індывідуальнасцю. І я жадаю сваім вучням стаць першымі!
Аксана ЯНОЎСКАЯ
Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/aksana-yanouskaya
[2] https://zviazda.by/be/tags/yaugen-pyasecki
[3] https://zviazda.by/be/kultura
[4] https://zviazda.by/be/tags/valyancin-elizareu
[5] https://zviazda.by/be/tags/intervyu