Свой, адметны чытач у газеты «Звязда». Ён жа, хочацца верыць, глядач тэлеканала «Беларусь 3» і ў прыватнасці праграмы «Размаўляем па-беларуску». Гэтая тэлевіктарына ўжо каторы год у эфіры і магла б выходзіць далей — у звычным фармаце. Аднак стваральнікі вырашылі ўдасканаліць яго (над чым і працуюць)...
А пакуль усе, хто цікавіцца мовай, шануюць яе і, магчыма, плануюць удзел у віктарыне, могуць удасканальваць сваё веданне з дапамогай «Звязды». Такім чынам,
ці ведалі вы, што:
- аббэрсаць — неахайна абвязаць што-небудзь, аблытаць вяроўкай;
- ветах — месяц у апошняй квадры, на зыходзе;
- пошчак — пералівісты дрыжачы гук; водгук, рэха;
- корт — тоўстая баваўняная тканіна для рабочага і спартыўнага адзення;
- козыт — адчуванне лёгкага нервовага раздражнення, якое выклікаецца дотыкам да скуры;
- прытном — непасрэдна адзін за адным; запар;
- латак — адкрыты жолаб для сцёку, ссыпання чаго-небудзь;
- назіркам — не спускаючы з вачэй;
- з камарову дзюбу — пра што-небудзь надта малое, мізэрнае (беларускія сінонімы: з вераб'ёву душу, камарова жменя, з курачу галаву; рускі адпаведнік: с гулькин нос);
- вочы замыльваць — уводзіць у зман, ашукваць каго-небудзь (беларусы яшчэ скажуць: вочы сляпіць (туманіць), жвір у вочы сыпаць, мазгі назад завярнуць; рускія: замазывать глаза).