Адкрытае акцыянернае таварыства «Банк Масква — Мінск» перайменавана ў ААТ «Банк Дабрабыт». Пра гэта ўчора паведаміў старшыня праўлення банка Ігар Ліхагруд.
Ён таксама ўдакладніў, што гэтае рашэнне прадугледжана пастановай праўлення Нацыянальнага банка Беларусі № 41. Пастанова ўступае ў сілу 28 студзеня гэтага года. «Банк Масква — Мінск» з'яўляецца значным гульцом на банкаўскім рынку краіны з пункту гледжання абслугоўвання карпаратыўнага бізнесу. У банку абслугоўваецца больш за 10 тысяч юрыдычных асоб. Банк таксама пастаянна ўваходзіць у топ-3 асноўных удзельнікаў таргоў на валютна-фондавай біржы. Галоўным уласнікам гэтай фінансавай установы з'яўляецца Нацыянальны банк.
Перайменаванне банка можа быць звязана з планамі па яго прыватызацыі. Раней Нацыянальны банк выказваў намер прадаць «Банк Масква — Мінск» у 2019 годзе. На набыццё актыву прэтэндуюць турэцкія і кітайскія банкі.
Пасля правядзення рэбрэндынгу цяпер гэта першы ў свеце банк з беларускім словам у назве. Новае імя і пазіцыянаванне накіраваны на пашырэнне аўдыторыі банка і выступаюць часткай яго перадпродажнай падрыхтоўкі. Сучасны брэнд звернуты да нацыянальнай тэматыкі. Лагатып адсылае да беларускай сімволікі і спалучае знакі «багацце» і «энергія», а слова «дабрабыт» азначае матэрыяльны дастатак.
Сяргей КУРКАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/finansy
[4] https://zviazda.by/be/tags/bank-maskva-minsk