Свой, адметны чытач у газеты «Звязда». Ён жа, хочацца верыць, глядач тэлеканала «Беларусь 3» і ў прыватнасці праграмы «Размаўляем па-беларуску». Гэтая тэлевіктарына ўжо каторы год у эфіры і магла б выходзіць далей — у звычным фармаце. Аднак стваральнікі вырашылі ўдасканаліць яго (над чым і працуюць)...
А пакуль усе, хто цікавіцца мовай, шануюць яе і, магчыма, плануюць удзел у віктарыне, могуць удасканальваць сваё веданне з дапамогай «Звязды». Такім чынам, ці ведалі вы, што:
абаджгаць — пакусаць (пра пчол, аваднёў і інш.); апячы (крапівою);
амбарас — турботы, непакой;
бахматы — пышны, разложысты;
вільчык — верхні стык даху, канёк;
засаб — запар, без перапынку;
клыпаць — марудна ісці, накульгваючы;
ніжнік — малодшая фігура ў ігральных картах, валет;
разбэрсаць — раскідаць, распусціць, разблытаць;
раннюю расу абагнаць — устаць вельмі рана, на золку; (беларускія сінонімы: з зарою ўстаць, як свет сонцам (устаць); рускі адпаведнік: встать с солнцем);
з тропу збіваць — выклікаць замяшанне, заблытваць (беларусы яшчэ скажуць: з поля зводзіць, з ладу (з толку) збіваць, са штыху збіваць; рускія: сбивать с толку).
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] https://zviazda.by/be/teletydzen
[3] https://zviazda.by/be/tags/razmaulyaem-pa-belarusku-0