Фатаграфаванне і вызначэнне птушак на час, або адным словам — фотабёрдынг, набірае ў Беларусі папулярнасць. Пад эгідай ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) ужо праведзена восем чэмпіянатаў, якія праходзілі як у сталіцы, так і ў двух абласных цэнтрах — Брэсце і Гомелі. Цяпер жа, 26 студзеня, стартуе першы зімовы чэмпіянат па фотабёрдынгу, які носіць пакуль эксперыментальны характар па фармаце правядзення.
Па-першае, месца правядзення — любое, гэта значыць кожны выбірае яго сам. Ведаеш, дзе больш за ўсё птушак зімой, едзь туды і фатаграфуй на здароўе. Па-другое, ужо можна карыстацца любым відам транспарту. Гэта, дарэчы, і з пункту гледжання ўмоў надвор'я вельмі правільна. Замерз — сеў у аўтобус ці маршрутку, праехаў да наступнага «птушынага» пункта, заадно і сагрэўся.
Птушак зімой у Беларусі, вядома, паменш будзе, чым у астатнія поры года (і істотна, прыкладна ў два разы), затое менавіта ў зімовы час на тэрыторыі нашай краіны з'яўляюцца віды птушак, якіх не ўбачыш гарачым летам. Акрамя знаёмых многім гілёў і амялушак, «пагрэцца» да нас прылятаюць звычайная і попельная чачоткі, сняжуркі (пуначкі), рагатыя жаваранкі і інш. Рагатых жаўрукоў я якраз і сустрэў гэтым студзенем у вёсцы Даўгалессе Гомельскага раёна. Там жа і планую прымаць удзел у чэмпіянаце па зімовым фотабёрдынгу. Дарэчы, удзел бясплатны, і любы ахвотны можа падаць заяўку да 17.00 25 студзеня. Спяшайцеся! Больш падрабязна пра акцыю па спасылцы http://ptushkі.org/news/656030.html [2].
Птушкі чакаюць удалых здымкаў!
Максім ШАСТАКОЎ, член савета Гомельскага рэгіянальнага аддзялення АПБ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/krayaznaustva
[2] http://ptushkі.org/news/656030.html
[3] https://zviazda.by/be/tags/fotabyordyng
[4] https://zviazda.by/be/tags/ahova-ptushak-backaushchyny