Сёння, напярэдадні 100-годдзя беларускай дыпламатычнай службы, Аляксандр Лукашэнка прыняў у Палацы Незалежнасці міністраў замежных спраў, якія ў розны час узначальвалі МЗС Беларусі. Сваімі думкамі наконт шляхоў развіцця знешняй палітыкі падзяліліся [4] Пётр Краўчанка (узначальваў знешнепалітычнае ведамства ў 1991-1994), Уладзімір Сянько (1994-1997), Іван Антановіч (1997-1998), Урал Латыпаў (1998-2000), Міхаіл Хвастоў (2000- 2003), Сяргей Мартынаў (2003-2012) і, вядома, цяперашні міністр, Уладзімір Макей. На сустрэчы ўдзельнікі абмеркавалі ролю і месца Беларусі ў сусветнай супольнасці, а таксама тое, куды рухаецца наша краіна. Не абышлося без размовы аб адносінах нашай краіны з асобнымі дзяржавамі ў прыватнасці.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сапраўды рады гэтай сустрэчы, і дадаў, што такое мерапрыемства магло б стаць добрай традыцыяй. Ён нагадаў, што гэтая сустрэча праходзіць напярэдадні 100-годдзя беларускай дыпламатычнай службы, што з'яўляецца "прызнаннем вашых заслуг".
"Вы — людзі дасведчаныя, і з боку вы назіраеце усе працэсы, з боку, кажуць, лепш відаць. Гэта сапраўды так, калі знаходзішся ў гэтым катле, не заўсёды заўважаеш нюансы, дэталі", — сказаў ён.
Наш адказ на правакацыі
Прэзідэнт нагадаў прысутным, што ў апошні час яго і міністра замежных спраў абвінавачваюць нібыта не ў тым курсе, які Беларусь праводзіць у знешняй палітыцы. Паводле яго слоў, з аднаго боку маецца меркаванне, што наша краіна — залішне празаходняя, з другога боку нас крытыкуюць за залішнюю прыхільнасць Расіі.
"Што мяне трывожыць. Справа не ў манеўрах падатковых — перажывем мы іх. Мне не зусім зразумелая — я думаю, мне давядзецца задаць пытанне кіраўніцтву Расіі — некалькі такая атака на Беларусь у СМІ, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Насцярожвае тое, што яны спрабуюць нас сутыкнуць з расіянамі".
Беларускі лідар прывёў у прыклад навіну з інтэрнэту — канфлікт у метро, які быў паднесены ў такім ключы, быццам у Беларусі здзяйсняюцца нападкі на рускіх. Ён дадаў, што калі прачытаў гэта, то даручыў неадкладна разабрацца ў сітуацыі. Аказалася, што расіян там не было, гэта быў канфлікт двух беларусаў (дарэчы, абодва — з даволі цёмным мінулым), які быў хутка зняты на відэа і скінуты ў інтэрнэт. І прычым тут рускі народ?
"Нас не ўдасца сутыкнуць, беларусаў з расіянамі, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Не толькі з рускімі, наогул з расіянамі. Гэта не той шлях, каб неяк атрымаць у Расіі камусьці дывідэнды ад гэтага. Вы ведаеце, якія там патрэбныя дывідэнды. Не атрымаецца".
"Няўжо камусьці ў Расіі Украіны не хапае? Няўжо трэба абавязкова вось стварыць праблему на роўным месцы? Няма ў вас магчымасці кампенсаваць нам гэтыя страты ад падатковага манеўру — ну і Гасподзь з вамі. Мы ж у вас не адбіраем тавар", — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Беларускі лідар адзначыў, што нагадваў Уладзіміру Пуціну аб тым, хто бурыў гэтыя свідравіны ў савецкія часы. Ён таксама падкрэсліў: мы не просім грошай, мы ў стане іх зарабіць. Кіраўнік дзяржавы заклікаў не баяцца канкурэнцыі на агульным рынку і не ставіць палкі ў колы.
Выбраць лепшыя ўмовы для роўнасці
Таксама Прэзідэнт нагадаў, што пры падпісанні ўсіх дагавораў Беларусь патрабавала роўных умоў для суб'ектаў гаспадарання і для людзей. "Дзе яны (умовы — “Звязда”) зараз?" — пацікавіўся ён. — Саюз — калі ласка, аб'яднанне — калі ласка, але толькі гэта павінны людзі вырашыць, а не мы. Мы не адмаўляемся ні ад аднаго тэзіса".
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што калі хтосьці яму пачынае гаварыць пра аб'яднанне, то, напрыклад, закранаюць тэму агульнай валюты. "Мы не супраць, але гэта павінна быць агульная валюта, а не валюта Цэнтрабанка Расіі. Гэта павінен быць эмісійны цэнтр — і не важна, дзе ён размяшчаецца — у Казані або ў Маскве, Смаленску або Мінску. Гэта павінен быць эмісійны цэнтр, створаны на роўных умовах. Калі вы прыводзіце прыклад ЕС — добра, на прынцыпах ЕС, але каб умовы былі роўныя, і падыходы", — зноў падкрэсліў ён.
Таксама Расія хоча ўніфікаваць падатковую і мытную палітыку — беларускі лідар пагадзіўся, аднак гэта павінна быць зроблена на лепшых умовах. Гэта значыць, калі ў Беларусі сістэма лепш — за аснову браць яе, у расіян лепш — бярэм яе. Але гэта не павінна быць зроблена па прынцыпе "мы вялікія — вы малыя, рабіце так, як у вас".
Чаму гэта ўсё адбываецца? На гэтае пытанне Прэзідэнт даў адказ. "Ніякіх тут міждзяржаўных і міжнародных адносін няма. Усё ў прыватнасцях, усё ў асобах, усё ў тым, што камусьці не падабаецца курс, які Беларусь праводзіць — нават не знешнепалітычны, а тая эканоміка, якую мы будуем, той сацыяльны ўклад, які мы ствараем на прынцыпах, перш за ўсё, справядлівасці ", — лічыць Аляксандр Лукашэнка.
Ён перакананы: такім чынам і пачынаюцца нападкі на нашу краіну. "Як мы павінны на гэта рэагаваць? Спакойна і мэтанакіравана. Мы павінны абараніць свой суверэнітэт і незалежнасць. Мы не супраць расіян, не супраць палякаў, літоўцаў. Мы хочам быць у любым саюзе, але мы хочам жыць ва ўласнай кватэры. У нас гэтая кватэра ёсць", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Беларускі лідар у чарговы раз звярнуў увагу, што суседзяў, якімі б яны ні былі, не выбіраюць. І Беларусь гатова з усімі будаваць добрыя, цёплыя, узаемавыгадныя адносіны — нават з Літвой, якая палітызуе любое пытанне. Магчыма, атрымаецца выбудаваць адносіны з гэтай краінай пасля выбараў прэзідэнта Літвы.
"Як бы ў нас не складваліся адносіны з Расіяй, мы ніколі не дазволім, каб у нас у Беларусі, на гэтай святой зямлі, дрэнна ставіліся да расіян. Не толькі да рускіх. І калі камусьці там хочацца сутыкнуць нас — не атрымаецца. Мы ведаем, як на гэта рэагаваць", — рэзюмаваў ён.
Паводле яго слоў, сёння не толькі з дапамогай тэлебачання, але і інтэрнэту можна данесці да рускага чалавека пункт гледжання Беларусі. Прэзідэнт адзначыў, што сёння ў кіраўніцтве Расіі некаторыя асобы занялі пазіцыю ціску — нават на кіраўніка расійскай дзяржавы. Тым не менш, па сустрэчах з Уладзімірам Пуціным беларускі лідар выразна убачыў яго намер: ні ў якім разе не разрываць адносіны. Гэта вельмі нявыгадна, гэта будзе стратна для абодвух бакоў.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што сёння ў сувязі з нагнятаннем расійскія сродкі масавай інфармацыі могуць сфальсіфікаваць інфармацыю — у гэтым заключаецца небяспека. Пры гэтым ён папярэдзіў: калі ж будуць факты агрэсіі ў Беларусі ў адносінах да расіян, то рэакцыя будзе найжорсткая. Праваахоўныя органы атрымалі ўказанне спыняць такія рэчы і разбірацца.
Украінскае пытанне адмаўляюцца вырашаць
Прэзідэнт звярнуў увагу, што за гады незалежнасці краіна дамаглася прыкметных поспехаў на міжнароднай арэне, стаўшы ўдзельнікам многіх інтэграцыйных праектаў. Пашырана кола замежных партнёраў і саюзнікаў. Адкрыты перспектыўныя рынкі — не зусім так, як хацелася б па хуткасці, але тым не менш.
Беларуская дыпламатыя выйшла на якасна новы ўзровень. На мінскай перамоўнай пляцоўцы абмяркоўваюцца вельмі складаныя рэгіянальныя і глабальныя праблемы. Пры гэтым беларускі лідар заклікаў не акцэнтаваць увагу на месцы правядзення перамоў, паколькі здарылася "бяда ў нашых родных людзей". Дарэчы, ініцыятарам сустрэчы ў Мінску па Украіне была канцлер Ангела Меркель, а прапанову перадаў Уладзімір Пуцін на перамовах у Сочы.
"Мяне турбуе тое, што адбываецца там, і тое, што ўжо ўплывае на нас", — сказаў ён. Сур'ёзныя асцярогі выклікае прыток зброі праз мяжу, пра што Прэзідэнт гаварыў не аднойчы. Ён зноў успомніў пра больш чым сотні тысяч бежанцаў з Украіны, якія атрымалі роўныя правы з беларусамі. Будзе дрэнна, калі гэты канфлікт зацягнецца, упэўнены Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама распавёў, што ў апошні час Беларусь абвінавачваюць у тым, што нібыта мы запраўляем танкі дызельным палівам. Ён даручыў разабрацца ў сітуацыі, на што было даложана, што паліва там расійскае. Пры гэтым аб'ёмы паставак бензіну і дызеля толькі нарошчваюцца.
Беларускі лідар зноў заявіў, што ўкраінскі канфлікт — гэта падарунак для Захаду.
Нядаўна на Мюнхенскай канферэнцыі амерыканцы сказалі: мы хочам міру ва Украіне, хочам, каб у Еўропе быў парадак. У адказ Прэзідэнт прапанаваў сабрацца ў рамках АБСЕ, абмеркаваць праблему. У адказ прагучала "не". "У кожнага свае мэты, — канстатаваў ён. — Давайце выйдзем на нейкія Хельсінкі-2, калі на тое пайшло".
Пры гэтым з Еўропы паступаюць адназначныя намёкі: цяпер гэтага рабіць не трэба, значыць, ім гэта і не трэба. Неабходна тушыць гэты пажар, паколькі далей будзе горш, але пакуль рашэнняў няма. "Усе хочуць пагрэць рукі на Украіне. І вось гэты пажар, які там палае, невядома, чым скончыцца, ён не павінен перакінуцца на Беларусь. Таму нам трэба тысячу разоў быць асцярожней, акуратней, і ні ў якім разе не дапусціць ўнутранай дэстабілізацыі ў краіне . Падобна на тое, што пераважная большасць нашага насельніцтва і нават пераважная большасць нашай так званай апазіцыі гэта разумеюць, што гэта можа скончыцца вельмі дрэнна", — сказаў Лукашэнка.
Адкрыты да меркавання кожнага
Што тычыцца МЗС, то кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што аўтарытэт і ролю міністэрства пастаянна падтрымліваюць — усталявалі Дзень дыпламатычнага работніка, увялі геральдычныя сімвалы. Акрамя таго, па-за Беларуссю цікавяцца меркаваннем нашага Міністэрства замежны спраў, запрашаюць на канферэнцыі. На думку беларускага лідара, гэта сведчыць аб тым, што Беларусь пачынае адыгрываць усё большую ролю на міжнароднай арэне. "Таму ў гэтай сітуацыі мяняць знешнепалітычны курс я падстаў не бачу. Можа быць, вы бачыце нейкія нюансы, якіх я не ведаю. Можа, прычыны нейкія ёсць для таго, каб дзе-небудзь што-небудзь карэктаваць. Я чакаю ад вас, каб вы гэта сёння выказалі", — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён запрасіў усіх прысутных да гутаркі, каб адказаць на пытанні, як дзейнічаць далей і выбудоўваць збалансаваную знешнюю палітыку.
Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей падкрэсліў, што Аляксандр Лукашэнка рэгулярна цікавіцца меркаваннем папярэднікаў міністра адносна тых ці іншых крокаў нашай краіны. Паводле яго слоў, гэта знакавая сустрэча з пункту гледжання пераемнасці, паколькі "карціна сучаснай Беларусі напісана пэндзлямі ўсіх папярэдніх пакаленняў".
"Вельмі важна ўлічваць тое, што было напрацавана, і абапірацца на тое, што напрацавана сваімі папярэднікамі", — сказаў ён.
Раней Уладзімір Макей даў грунтоўнае інтэрв'ю [5] "Звяздзе".
Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/uladzislau-lukashevich
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/prezident
[4] http://zviazda.by/be/news/20190118/1547818056-uladzimir-makey-vyzhyc-adnoy-dzyarzhave-samastoyna-nemagchyma
[5] http://zviazda.by/be/news/20190115/1547571832-uladzimir-makey-pryyarytetu-ekanamichnay-dyplamatyi-patrabue-chas
[6] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[7] https://zviazda.by/be/tags/mzs