“Кандытарская фабрыка “Слодыч” пачала вытворчасць дзіцячага растваральнага печыва “Любачка” для харчавання дзяцей ранняга ўзросту ад шасці месяцаў. Зараз лінейка складаецца з двух смакаў: класічнага і яблык+гарбуз, паведамілі ў канцэрне “Белдзяржхарчпрам”.
Рэцэптура печыва распрацавана тэхнолагамі ААТ, раней такое для дзяцей ранняга ўзросту ў Беларусі не выпускалася і бацькам малечы даводзілася набываць толькі імпартнае.
Печыва вырабляецца на сметанковым масле, не ўтрымлівае фарбавальнікаў і кансервантаў, у яго склад уваходзіць пшанічная мука вышэйшага гатунку, сухое абястлушчанае і цэльнае згушчонае малако, цукар, гарбузовае і яблычнае пюрэ.
Для дзяцей, якім больш за шэсць месяцаў, рэкамендуецца распусціць дзве-тры пячэнькі у 100 міліграмах вадкасці, якую ўжывае дзіця ў адпаведнасці з яго ўзростам (грудное малако, дзіцячая сумесь, сок, вада і г.д.). Для дзяцей старэй за 12 месяцаў пячэнне можна выкарыстоўваць у якасці дапаўнення да асноўнай ежы без папярэдняга распускання. Колькасць растваральнага печыва на адно кармленне і індывідуальную схему кармлення дзіцяці ім дапаможа вызначыць урач-педыятр.
Сяргей РАСОЛЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/kandytarskaya-fabryka-slodych-0
[2] https://zviazda.by/be/tags/slodych
[3] https://zviazda.by/be/tags/pechyva