Больш за 22 тысячы выбухованебяспечных прадметаў на тэрыторыі Беларусі абясшкодзілі летась рухомыя групы размінавання. Больш за ўсё смяротна небяспечных "сюрпрызаў" з часоў Вялікай Айчыннай вайны было знойдзена і нейтралізавана ў Докшыцкім, Талачынскім, Асіповіцкім і Лагойскім раёнах. Гэтая лічба была агучана падчас збора па размініраванні з начальнікамі інжынерных служб камандзірамі воінскіх часцей інжынерных войскаў і прадстаўнікамі ваенных камісарыятаў, які прайшоў сёння ў 2-й інжынернай брыгадзе.
- Самы вялікі "ўлоў" быў у раёне чыгуначнай станцыі Круляўшчызна. Там быў знойдзены былы склад артылерыйскіх боепрыпасаў часоў Вялікай Айчыннай вайны. Мясцовыя жыхары расказалі, што ў 1941-м падчас адступлення чырвонаармейцы склад падпалілі, але пайшоў дождж, і ён патушыў агонь. Калі ў 1944-м адступалі немцы, то яны падарвалі гэты склад, з-за чаго шмат снарадаў разляцелася па мясцовасці. Летась там было знішчана каля 13 тысяч небяспечных прадметаў, - зазначыў начальнік інжынерных войск Узброеных Сіл палкоўнік Андрэй Куракоў.
А першага лістапада летась у 2-й інжынернай брыгадзе была створана адмысловая процімінная служба. Яна прызначана рыхтаваць спецыялістаў па размініраванні і ачыстцы мясцовасці, аб'ектаў і акваторыі ад выбухованебяспечных прадметаў.
Валяр'ян ШКЛЕННІК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyaryan-shklennik
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/silavyya-struktury
[4] https://zviazda.by/be/tags/boeprypasy