«Прывід оперы» са знакамітага рамана Гастона Леру на адну ноч паселіцца ў Нацыянальным тэатры оперы і балета Беларусі. Менавіта гэты раман стане тэмай 10-га па ліку Вялікага каляднага балю, што пройдзе ў ноч з 13 на 14 студзеня.
Улічваючы тэму і круглую дату, юбілейны баль арганізатары абяцаюць зрабіць загадкавым, поўным цудаў, ілюзій, містыфікацый і нестандартных рэжысёрскіх хадоў. Дамы і кавалеры ў арыгінальных масках і вячэрніх уборах, «жывыя скульптуры», шакаладны фантан і фотабудка для імгненных здымкаў, мім-віктарына для знаўцаў тэатра і снежнае шоу, танцавальны экспрэс-курс і караоке з опернымі зоркамі, шахматны «аўтамат», прыдуманы яшчэ ў XVІІІ стагоддзі, а таксама астролагі, майстры таро і хіраманты і — упершыню — майстры па бодзіграфе, якія робяць і расшыфроўваюць унікальныя карты-структуры кожнага чалавека... Апоўначы на галоўнай сцэне пачнецца канцэрт-сюрпрыз, дэталі якога галоўны рэжысёр тэатра Міхаіл Панджавідзэ трымае ў найстражэйшым сакрэце. Як плануецца, баль працягнецца прыкладна да чатырох гадзін раніцы.
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/bal