71-гадовы Жан-Жак Савен з Францыі адправіўся ў бочцы ў марское падарожжа па Атлантычным акіяне, паведамляе выданне Ouest-France.
Былы ваенны парашутыст і спартсмен-экстрэмал пачаў свой шлях у канцы снежня на судне без вёслаў і рухавіка ад Канарскіх астравоў Эль-Ера. Мужчына ўзяў з сабой у дарогу фуа-гра і віно для святкавання свайго 72-га дня нараджэння, які адбудзецца 14 студзеня. «Я выдатна праводжу час у судне, якое шчасна рухаецца з хуткасцю 2—3 кіламетры ў гадзіну», — сказаў француз. Судна, якое сам Савен называе бочкай, мае даўжыню тры метры і амаль два метры ў дыяметры, важыць 450 кілаграмаў і выканана з вільгацетрывалай фанеры. Унутры капсулы знаходзіцца спальная зона, невялікая кухня і адсек для захоўвання рэчаў. У падлогу ўбудаваны ілюмінатар для назірання за рыбамі. У мінулым мужчына працаваў лесніком і пілотам. Ён разлічвае, што зможа пераадолець 4500 кіламетраў да Карыбаў у сваёй бочцы дзякуючы толькі акіянскім плыням. Савен спадзяецца, што плынь натуральным чынам даставіць яго на Карыбскія астравы да сакавіка 2019 года. Для падарожжа пенсіянер сабраў 60 тысяч еўра з дапамогай краўдфандынга.
У амерыканскім горадзе Хэтфілд, штат Масачусетс, рабаўнік некалькі гадзін хаваўся ад паліцыі на дрэве, паведамляе сайт Masslіve.com.
30-гадовы Майкл Тэйлар уварваўся ў банк і, пагражаючы касіру палкай, забраў грошы, пасля чаго ўцёк на аўтамабілі. Неўзабаве машыну заўважылі на шашы, пазней мужчына даехаў да лесу і пабег у гушчар. Да пошукаў рабаўніка прыцягнулі паліцэйскіх з пяці дэпартаментаў, аперацыя працягвалася суткі і ўвянчалася поспехам толькі выпадкова. Як высветлілася, увесь гэты час мужчына сядзеў на дрэве з мяшком грошай. Яго схапілі, калі пад ім зламалася галіна і ён упаў на зямлю разам са здабычай.
Дзевяцігадоваму хлопчыку з нямецкага горада Цэтэль на паўночным захадзе краіны не спадабаліся атрыманыя падарункі на Каляды, і ён выклікаў паліцыю, паведамляе тэлеканал NDR.
Адзначаецца, што паліцэйскія прыбылі па выкліку ў дом, дзе іх чакаў вельмі сярдзіты хлопчык. Праваахоўнікі параўналі яго спіс жаданых падарункаў з тым, які ляжаў пад каляднай ёлкай, але не знайшлі ні аднаго супадзення. У рэшце рэшт ім удалося спыніць сварку паміж хлопчыкам і яго сям'ёй. Яны растлумачылі малому, што Санта-Клаус, відавочна, з прычыны ўзросту мог пераблытаць падарункі.
У ЗША падлетак глядзеў ноччу серыялы, нягледзячы на забарону маці, і з-за гэтага змог своечасова заўважыць пачатак пажару, паведамляе партал WІVB.
Інцыдэнт адбыўся ў штаце Дэлавэр у пачатку студзеня. Анжэла Бордэр загадала свайму 13-гадоваму сыну Даміру не глядзець серыялы дапазна і ісці спаць. Аднак падлетак не паслухаўся яе, а ў гадзіну ночы адчуў пах дыму. Дамір разбудзіў маці і патэлефанаваў ратавальнікам. Яны разам выбеглі з ахопленага полымем дома. «Не ведаю, дзе мы былі б, калі б ён паслухаў мяне і пайшоў спаць», — прызналася жанчына. Яе муж быў на рабоце ў момант здарэння. Узгаранне адбылося з-за няспраўнасці ў размеркавальным шчыце, дом не падлягае аднаўленню.
Іван КУПАРВАС
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/ivan-kuparvas
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/tags/zamore