Папулярны праект — віктарына для ўсёй сям'і «Я ведаю!», зладжаная сумесна Белтэлерадыёкампаніяй і Міністэрствам адукацыі, вяртаецца ў эфір канала «Беларусь 1». Ужо 12 студзеня «знайкі» з усёй краіны — школьнікі, якія прайшлі папярэдні адбор у сваіх раёнах і абласцях, адкрыюць захапляльныя інтэлектуальныя спаборніцтвы.
Як і ў мінулым сезоне 2017/18 года, спачатку свае веды прадэманструюць эрудыты з асобна ўзятай паралелі — з 5 па 11 клас, а экзаменаваць і разам з тым падтрымліваць удзельнікаў будуць Георгій Калдун, за пультам вядучага, і Дзмітрый Новік — з педагогамі ў «настаўніцкай». Вучні сярэдніх і старшых класаў, якія набяруць найбольшую колькасць балаў, працягнуць барацьбу ў суперфіналах, а пераможцаў у кожнай паралелі чакаюць дыпломы і падарунак-сюрпрыз для ўсяго класа.
У медыяхолдынгу «Звяздзе» расказалі, што шоу-віктарына, якая летась мела высокія рэйтынгі і станоўчыя водгукі гледачоў, крыху пашырылася — па-першае, выходзіць у эфір яна цяпер будзе двойчы на тыдзень, па суботах і нядзелях, а па-другое, акрамя вундэркіндаў, у кожным выпуску прадставіць шырокай публіцы таленавітых дзяцей з рэгіянальных школ мастацтваў.
«Я заўжды папярэджваю дзяцей, што пытанні ў нас вельмі розныя — як надзвычай складаныя, на якія не кожны дарослы адкажа, так і самыя простыя, — гаворыць вядучы шоу-віктарыны «Я ведаю!» Георгій Калдун. — У працэсе абмеркавання стараюся разгаварыць кожнага ўдзельніка, каб зразумець: ён ведае правільны адказ проста таму, што завучыў яго, альбо разбіраецца ў прадмеце і можа лагічным шляхам растлумачыць свае высновы. Калі ніхто не ведае адказу, мы з Дзімам Новікам часта звяртаемся да настаўнікаў, або я прашу падняць рукі тых гледачоў у зале, хто ведае адказ, — і дзеці бачаць, што гэта не яны такія някемлівыя, а пытанне насамрэч такое мудрагелістае. І, натуральна, я таксама ніколі не саромеюся прызнавацца, што чагосьці не ведаю, і буду ўдзячны, калі нехта падкажа і растлумачыць».
Некаторыя ўдзельнікі, дарэчы, паспрабуюць свае сілы ўжо другі раз, многія таксама спецыяльна глядзелі мінулы сезон праграмы, каб лепш падрыхтавацца да інтэлектуальных іспытаў. У каго гэта атрымалася і як далёка маглі б прасунуцца ў віктарыне вы — глядзіце і правярайце па суботах і нядзелях у 13.30.
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/teletydzen
[4] https://zviazda.by/be/tags/belteleradyyokampaniya
[5] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne