Яшчэ нядаўна мы пісалі [3], як спартыўна-біятлонны комплекс «Сялец» змяніўся ў летні перыяд. Тады на базе, дзе вырасла дастаткова шмат тытулаваных спартсменаў, было пашырана біятлоннае стрэльбішча, з'явілася 20 новых механічных установак, створаны трыбуны і пабудаваны судзейскія домікі. Пасля гэтага спартыўны аб'ект правёў І этап Кубка Беларускай федэрацыі біятлона па летнім біятлоне і працягнуў свае змены да лепшага.
У наш першы візіт дырэктар навагрудскай ДЮСШ № 1, на базе якой знаходзіцца спартыўна-біятлонны комплекс, Віктар Літвінскі казаў, што для лета база ў Сяльцы вельмі добрая, а вось у бясснежныя зімы комплексу не хапае снежнай падушкі, таму кіраўніцтва вядзе праектныя работы па далейшым развіцці спартыўнай базы. Гэтую ініцыятыву падтрымала і Федэрацыя біятлона і асабіста галоўны трэнер нацыянальнай каманды Юрый Альберс.
І вось ужо ў лістападзе ў Сяльцы пачаліся работы па ўладкаванні сістэмы штучнага снегаўтварэння. Праекціроўшчыкі не толькі ўлічылі ўсе асаблівасці ландшафту комплексу, але і вывучылі вопыт па асняжненні трасы з дапамогай снегагенератара ў «Каробчыцкім Алімпе» (Гродзенскі раён), цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі «Раўбічы» і Наваполацку.
Асняжненне будзе ажыццяўляцца з дапамогай снегагенератара, а для яго работы патрабуюцца значныя аб'ёмы вады і электрычныя магутнасці (каб з вады атрымаўся снег, трэба пад ціскам развеяць ваду, змешаную з разраджаным паветрам). Таму работы па ўладкаванні сістэмы штучнага снегаўтварэння вядуцца адразу ў некалькіх кірунках. Навагрудскае прадпрыемства меліярацыйных сістэм праводзіць ачыстку возера, вядуцца работы па ўладкаванні сістэм водазабеспячэння і электразабеспячэння па трасе. Працягваецца ўладкаванне водапрыёмнікаў і калодзежаў для забора вады і падачы ў так званую перасоўную помпавую станцыю, а затым ужо ў снежную пушку.
Фінансаванне работ, у тым ліку закупка неабходнага абсталявання, ажыццяўляецца за сродкі раённага і абласнога бюджэту. Увогуле над добраўпарадкаваннем спартыўна-біятлоннай базы «Сялец» цяпер працуе каля 10 адзінак тэхнікі. Спецыялісты адзначаюць, што самую вялікую складанасць у працы выклікаюць рухомыя грунты і падводныя крыніцы на гэтай тэрыторыі.
Плануецца, што снегагенератар зможа распыляць ваду ў радыусе ад 5 да 40 метраў, гэта значыць штучны снег дазволіць павялічыць або з нуля стварыць снежнае покрыва патрэбнай шчыльнасці і вышыні. А гэта, у сваю чаргу, гарантуе наяўнасць снежнай трасы ў любое надвор'е, нават пры плюсавых тэмпературах. Для комплексу, дзе займаецца вялікая колькасць моладзі, гэта вельмі важна, бо пастаянны снег гарантуе рэгулярны бесперапынны трэніровачны працэс і магчымасць праводзіць у «Сяльцы» біятлонныя спаборніцтвы не толькі ў летні перыяд, а цэлы год.
Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/darya-labazhevich
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] http://zviazda.by/be/news/20180830/1535645015-yak-pad-navagrudkam-ryhtuyuc-perspektyunyh-biyatlanistau
[4] https://zviazda.by/be/tags/sport
[5] https://zviazda.by/be/tags/biyatlon