Парламенцкая дэлегацыя Францыі на чале з кіраўніком групы дружбы «Францыя — Беларусь» Сената Францыі Шарлем Генэ сёлета наведае з візітам Мінск.
Як паведамляе прэс-служба Савета Рэспублікі, візіт адбудзецца па запрашэнні беларускага боку і будзе садзейнічаць рэалізацыі дамоўленасцяў, дасягнутых падчас сустрэчы спікера верхняй палаты беларускага парламента Міхаіла Мясніковіча з прэзідэнтам Сената Францыі Жэрарам Ларшэ ў лістападзе мінулага года.
У рамках візіту французскіх парламентарыяў у Беларусь плануецца абмеркаваць шырокі спектр пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва. Асаблівая ўвага будзе аддадзена ўмацаванню міжпарламенцкага ўзаемадзеяння і ролі парламенцкага вымярэння ў пашырэнні гандлёва-эканамічных сувязяў і інвестыцыйнага партнёрства паміж краінамі.
Адзначым, што ў 2018 годзе ўпершыню ў гісторыі беларуска-французскіх адносін былі створаны рабочая група па супрацоўніцтве з Францыяй у Савеце Рэспублікі і група дружбы «Францыя — Беларусь» у Сенаце Францыі.
Дзейнасць гэтых груп накіравана на пашырэнне супрацоўніцтва пабрацімскіх гарадоў Беларусі і Францыі, усталяванне прамых кантактаў паміж дзелавымі коламі, развіццё двухбаковых адносін у інвестыцыйнай, сельскагаспадарчай, экалагічнай і іншых сферах.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://zviazda.by/be/parlament
[3] https://zviazda.by/be/tags/francyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/belarus