Традыцыі нараджаюцца проста: нешта робіцца ўпершыню, а потым і альтэрнатывы як быццам няма: трэба вяртацца, рабіць яшчэ і яшчэ.
Так было са звяздоўскім «Народам на провадзе...» [3], так — з рубрыкай «Хто каго?» [4]. Увесь прамінулы год (і гэта ж які ўжо — па ліку?!) чытачы, як той казаў, адрываліся: прыдумвалі вершаваныя подпісы да здымкаў, дасылалі ў рэдакцыю. Найлепшыя версіі друкаваліся ў традыцыйных аглядах конкурснай пошты, там жа называліся прозвішчы пераможцаў, адзін з якіх узнагароджваўся квартальнай падпіскай на «Звязду»...
Усё як быццам добра, але ж быў адзін недахоп: здымак друкаваўся раней, а той найлепшы подпіс — пазней, і такім чынам — як бы адставаў. Таму ў апошнім нумары года карціна ўжо цэлая: конкурс «Хто каго?». Найлепшае!».
«Везла сумкі, як падняць, — сустракаў з вагона зяць...» [5]
Галя — не злачынца,
Галя — не зладзейка.
Маці навучыла
Берагчы капейку.
Тут жа тых капеек
Столькі накідалі...
Хопіць павячэраць —
І не раз — для Галі!
Віктар Сабалеўскі, г. Узда
У вёсцы з крана бруд бяжыць —
Ні памыцца, ні паліць,
Таму ў горад едзе Таня
Асвяжыцца ў фантане.
Соф'я Кусянкова, в. Лучын, Рагачоўскі раён
Забіралі з вёскі Дуню
І на сметнік яе чуні,
Следам боты і сандалі...
Туфлі новыя прыдбалі.
Дуня ведае цяпер:
Замаленькі быў памер.
Ногі сцерла да крыві,
Хоць на свеце не жыві...
Таму знайце, гараджане,
Дуня... лечыцца ў фантане.
Любоў Чыгрынава, г. Мінск
Калі не стане раптам газу,
Распалім вогнішча адразу.
Калі вады не будзе ў кране,
Памыем ногі ў фантане.
Калі ж святла, крый бог, не будзе,
Павыміраюць, мусіць, людзі,
Счарнее, згіне белы свет,
Бо не ўключыш... інтэрнэт.
Наталля Шкут, Светлагорскі раён
Везла сумкі, як падняць, —
Сустракаў з вагона зяць.
Дома ванну рыхтаваў
Торцік з чаем падаваў...
Дзе падзеўся той імпэт,
Як пры ёй пусты пакет?
Валерый Гаўрыш, г. Чавусы
«Мужчыны ў нас — на пералік, вось і шануем іх без меры...» [6]
Во дзяўчо ахову мае —
Не сказаць, не апісаць!
Ці не золата зграбае,
Каб бюджэт наш папаўняць?
Мікола Кісель, г. Мінск
Не шкадуюць мужыка
Ў гэтай самай ПМК:
То ж пакуты
для Мікіткі —
Цэлы дзень глядзець
на лыткі!
Каб на іх камбінезон,
Ці ж курыў бы
столькі ён?
Валерый Гаўрыш, г. Чавусы
Былі, былі ў нас
перакуры —
Ды так, хвіліначак
на пяць...
А з тэлефонам
сёння здуру
І змену можна
прастаяць!
Любоў Чыгрынава, г. Мінск
Дзеўка грошыкі грабе
І вядома ж, пад сябе.
Каб падаткі
ўсе сплаціла, —
Сочыць дзядзечка
з мабілай.
А высокі самы з іх
Кантралюе... абаіх.
С. Півавараў, г. Бабруйск
«...Жонак трэба выбіраць не па інтэрнэту!» [7]
Што, малойчыкі, здранцвелі?
Й вы на Дошку захацелі?
Той Алімп, хоць і мясцовы,
Не прымае выпадковых:
На халяву — не ўзляцець,
Трэба добра папацець...
Дык смялей за працу, хлопцы:
Мёд збіраецца па дробцы.
Іна Алісевіч, Уздзенскі раён
Талкавалі ў народзе:
«Шукай жонку ў гародзе».
Але ўжо каторы год
Не ва ўсіх ёсць агарод...
Дзе ж цяпер знайсці «Яніну,
Працавітую дзяўчыну»?
— Выйсце ёсць, — прамовіў Лёва. —
Тут, на дошцы ганаровай!
Мікалай Старых, г. Гомель
Хто на дошцы, той у трэндзе —
Гэткая традыцыя:
Лепш на ёй быць, чым на стэндзе...
Вышуку з міліцыяй.
Валянціна Гудачкова, г. Жыткавічы
— На заводзе наш дырэктар
Зараз вельмі рэдкі госць.
Паглядзім хоць на партрэце:
Тут напісана, што ёсць...
Віктар Сабалеўскі, г. Узда
У краіне й не калісьці
Дошкі ГОНАРУ вяліся.
А цяпер каторы год
Замест гонару — «почет».
Пэўна, гэта нездарма,
Можа... гонару няма?
Сужэнцы Астроўскія,
г. Мінск
«Мала твор намаляваць — трэба і людзям паказаць...» [8]
Зіма забавілася дзесьці:
Прыйсці да нас —
не блізкі свет.
Але ж адправіла прынесці
Тым, хто чакае,
свой партрэт.
Валянціна Гудачкова, г. Жыткавічы
Зноў сіноптыкі ў праколе,
Таму й твары пахавалі:
Ні сняжыначкі на полі
(Яны гурбы абяцалі)...
Ну й цярплівы мой народ.
Бо вось так — не першы год.
Валерый Гаўрыш, г. Чавусы
Закаханы ў дзяўчыну,
Маляваў мастак карціну.
Толькі дзеўка не прымае,
Бо сцяны такой не мае.
Л. Савосцік, г. Бабруйск
Мегаполісны пейзаж
Хлопцы ажывілі,
Саматужны вернісаж
Да Каляд адкрылі.
Малявалі тры гады,
Неслі — пешым ходам
Даказалі: сапраўды
Мастакі — з народам!
Іван Сіманёнак, г. Паставы
«Дзяўчаты, — кажа двортэр'ер, — ды майце ж вы сумленне!» [9]
Калісьці быў дзіцячы бум:
Ля крам стаялі чэргі, шум...
Цяпер такога не чутно,
Бо адзяваць няма каго...
Штодня сумуюць небаракі —
І прадавачкі, і сабакі.
Мікалай Старых, г. Гомель
У гэтай крамцы, як здаецца,
І сабака прадаецца!
Бо цяпер жа ўсё часцей
Іх купляюць для дзяцей...
А яшчэ — замест дзяцей,
Бо з сабакамі прасцей.
Сужэнцы Астроўскія, г. Мінск
— Пачакай
ля той вітрыны, —
Жонка
загадала, —
Я скуплюся
за хвіліны...
І... паўдня
прапала!
Знерваваўся —
Больш не быць
«Рыцарам
у смокінгу»:
Воўкам
хочацца завыць
Ад такога
шопінгу!
Іван Сіманёнак, г. Паставы
Прамільгнуць нябачным ценем
За вясною лета, восень...
Прадавалася адзенне,
А цяпер — ніхто не просіць.
Зарастаюць сукні пылам,
Павуцінне наступае...
І Кардэн-Дзіёр нямілы,
Калі грошыкаў не маеш...
Віктар Сабалеўскі, г. Узда
«Закахаўся Верчын Саўка ў спакусніцу-русалку...» [10]
Ля скульптуры над вадой
Любка тармазнула,
Між наядай і сабой
Еднасць душ адчула.
Прыліла да сэрца кроў,
Успаміны — хваляй:
— Ну й круціла ж я любоў!..
Як цяпер... педалі!
Іван Сіманёнак, г. Паставы
— Ты, Русалка, раскажы,
Ад чаго нашы мужы
Ля цябе ўсё рыбу вудзяць?
Можа, вабяць
твае грудзі?
— Не, у іх палаюць
вочы,
Калі бачаць
стан дзявочы...
Пахудзееш,
станеш стройнай —
Вось тады й
жыві спакойна.
Сужэнцы Астроўскія, г. Мінск
Вусны, грудзі,
стан дзявочы —
Хочацца спаткання!
Зверху ўніз сігаюць вочы:
Хвост?!
Расчараванне!..
Аляксандр Матошка, г. Расоны
Паглядзіце, як сядзіць
Цаца ганаровая...
А сукенка хоць блішчыць,
Ды зусім храновая.
Любоў Чыгрынава, г. Мінск
— Я ў мароз без паліто —
Слёзы
капаюць:
Не кахае
аніхто —
Толькі
лапаюць.
Галіна Пятроўская, в. Ардашы, Смаргонскі раён
Апошні (у прыватнасці, сёлета) агляд конкурснай пошты і, адпаведна, здымак, да якога патрабуецца подпіс, змешчаны [5] 21 лістапада. Многія з чытачоў ужо даслалі свае прапановы, многія, хочацца верыць, яшчэ дашлюць, бо конкурс, як вы зразумелі, працягваецца і далучыцца да кагорты ўдзельнікаў ніколі не позна.
Пішыце!
Валянціна ДОЎНАР
Фота Анатоля КЛЕШЧУКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] https://zviazda.by/be/hto-kago-0
[3] http://zviazda.by/be/vyasyolyya-gistoryi
[4] http://zviazda.by/be/hto-kago-0
[5] http://zviazda.by/be/news/20181120/1542724598-vezla-sumki-yak-padnyac-sustrakau-z-vagona-zyac
[6] http://zviazda.by/be/news/20180904/1536070335-muzhchyny-u-nas-na-peralik-vos-i-shanuem-ih-bez-mery
[7] http://zviazda.by/be/news/20180516/1526489496-zhonak-treba-vybirac-ne-pa-internetu
[8] http://zviazda.by/be/news/20180206/1517929638-mala-tvor-namalyavac-treba-i-lyudzyam-pakazac
[9] http://zviazda.by/be/news/20180713/1531494903-dzyauchaty-kazha-dvorterer-dy-mayce-zh-vy-sumlenne
[10] http://zviazda.by/be/news/20180320/1521553468-zakahausya-verchyn-sauka-u-spakusnicu-rusalku
[11] https://zviazda.by/be/hto-kago