Новы год — свята, якое ва ўсіх без выключэння выклікае настальгію. Прадстаўнікі розных пакаленняў расказалі, якія традыцыі святкавання Новага года запомніліся ім з дзяцінства.
50-я: баль-маскарад, факстрот, вінегрэт
Лунінчанка Наталля Казанкова трымае ў руках томік з чэхаўскімі апавяданнямі. На вокладцы пазначаны год выдання — 1954-ы, а на форзацы каліграфічны запіс, зроблены рукой дырэктара: «Першая прэмія за найлепшы касцюм на навагоднім вечары 1955 г. Валынец Н., вуч. 7 «Б» класа».
— Дэбютны «выхад у свет» я чакала не менш, чым Наташа Растова з «Вайны і міру». Школьны баль-маскарад быў галоўнай гарадской падзеяй на Новы год. Удзел у ім маглі браць толькі старшакласнікі, — прыгадвае Наталля Іванаўна.
І ўсё ж першыя навагоднія ўспаміны жанчыны звязаныя з пасляваенным часам.
— Маці казала нам з братам: «Будзеце добра сябе паводзіць — Дзед Мароз прынясе ёлку». Святочнай ноччу, калі мы засыналі, бацькі ціхенька ўносілі ў хату дрэва і ўпрыгожвалі яго. Мама-рукадзельніца з імпэтам майстравала цацкі сваімі рукамі. Са старых польскіх часопісаў выразала прыгожыя тварыкі, а з тканіны і ваты рабіла «цельцы» балерын, прынцэс і казачных герояў. На калючыя галінкі вешалі таксама маленькія яблычкі, цукеркі, пячэнне, пасыпанае цукрам, самаробныя гірлянды — арэхі, загорнутыя ў фольгу. Увенчвала гэта ўсё непаўторная бліскучая зорка, якую прыдумаў і сканструяваў мой дзядзька — настаўнік чарчэння. Раніцай мы, босыя, убягалі ў пакой і не маглі наглядзецца на зялёную прыгажуню! У паветры вітала неперадавальнае адчуванне шчасця з водарам хвоі. Праўда, аднойчы бацькоўскі сюрпрыз не атрымаўся. Будучы школьніцай, я дачакалася запаветнай ночы і сустрэла маму з татам на парозе, калі яны цягнулі ў дом дрэва: «Ага! Вось які Дзед Мароз нам ёлку прыносіць!» Мама тады, здаецца, расстроілася больш за мяне.
Перадсвяточнымі снежаньскімі вечарамі ў кампаніі сябровак Наталлі Іванаўны была традыцыя: збірацца ў кожнай па чарзе на салодкі стол. Бацькі гатавалі прысмакі, а дзяўчаты ладзілі дамашнія канцэрты.
— А навагоднюю ноч мы праводзілі... у школе! Пачыналася ўсё ў дзевяць вечара і працягвалася да гадзіны-другой. Ніякіх закусак ці шампанскага не было і ў паміне, — расказвае лунінчанка. — Затое танцы былі абавязкова парамі — танга, вальс, факстрот... Не ўмееш? Будзеш стаяць увесь вечар каля сценкі. А кожны з нас хацеў адчуць сябе казачным героем у гэтую ноч. Вядома, вадзілі і карагоды, гулялі ў ручаёк. На працягу вечара працавала святочная пошта.
У дванаццаць гадзін музыка сціхала і зала замірала. З хваляваннем мы слухалі па радыё бой курантаў і зварот-віншаванне да ўсяго савецкага народа. Пасля слова брала дырэктар школы. Яна заўсёды казала нешта пранікнёнае, шмат чаго жадала і шчыра дзякавала. Я і цяпер з асаблівай цеплынёй успамінаю гэтыя словы. Пасля афіцыйнай часткі пачыналася касцюміраванае шэсце вакол ёлкі. Строгае журы ацэньвала не толькі касцюм, але і яго падачу.
Мама Наталлі Іванаўны мела надзвычай тонкі густ і залатыя рукі.
— Я кружылася вакол святочнай ёлкі ў вобразах Чырвонай Шапачкі, Царэўны-Жабкі, Папялушкі, Вольгі Ларынай. Адны толькі маскі з карункаў да касцюмаў былі сапраўднымі творамі мастацтва!
Пасля балю ўсе прыходзілі дадому стомленыя і адразу ж клаліся спаць. Сямейным святам у Лунінцы ў 50-х заставалася Раство. У царкву не хадзілі, але збіраліся на вячэру 6 студзеня пасля ўзыходу першай зоркі. «12 страў, сярод якіх куцця, мой любімы вінегрэт, бульбяныя катлеты пад неверагодным соусам з сушаных грыбоў», – ажыўляе ў памяці смачныя ўспаміны жанчына.
— Зараз многія лунінчане не ўяўляюць сабе Новы год без ёлкі на плошчы Леніна ў цэнтры горада. Але да сярэдзіны 50-х на гэтым месцы быў базар. Ёлку ставілі на перакрыжаванні вуліц 17 Верасня і Чырвонай. Дом маёй сяброўкі Алы быў якраз насупраць. Яна звычайна дыхала на заінелае акно, каб шкло адтаяла і можна было любавацца бліскучым хараством у цемры.
70-я: паштоўкі, снежныя забавы, «даё́дванне»
Мінчанка Кацярына Верава правяла сваё дзяцінства ў раёне Нямігі.
— Зімы тады былі па-сапраўднаму снежныя і марозныя. Белы, іскрысты Мінск так і заманьваў выйсці на вуліцу. Разам з бацькам мы каталіся з горак насупраць Траецкага прадмесця, качаліся ў гурбах снегу каля Палаца спорту. Ніякіх кірмашоў з шашлыкамі і канцэртаў самадзейнасці там не было. Мы атрымлівалі асалоду ад простых рэчаў, — дзеліцца жанчына. — Пад ёлку мама клала «кулёк» — хрусткі цэлафанавы пакет, забіты цукеркамі. Бацькі на працы таксама атрымлівалі салодкія прэзенты ад прафкама. Праўда, яны на дзве трэці складаліся з ледзянцоў. Маці ж падыходзіла да адбору з густам і размахам: яшчэ з кастрычніка пачынала хадзіць па крамах у пошуках шакаладнага дэфіцыту — суфле, грыльяжу, «Мішак на Поўначы». Самае смешнае, што кожны з дзяцей у сям'і імкнуўся хутчэй з'есці свае цукерачныя запасы. Інакш прыйшлося б дзяліцца імі з астатнімі.
Другі абавязковы пункт перадсвяточнай праграмы — адпраўленне паштовак сваякам па ўсім СССР.
— У маміным спісе было не менш за паўсотні чалавек: браты, сёстры, пляменнікі. Для кожнай сям'і прыдумваўся арыгінальны тэкст віншавання. Паштоўкі, дарэчы, таксама закупляліся яшчэ з восені. У адказ, вядома, навагоднія весткі прыходзілі пачкамі. Шкада, але папяровая спадчына не захавалася: нешта загубілі пры пераездах, штосьці пайшло на дзіцячыя аплікацыі ў школу.
Бацькі Кацярыны Іванаўны былі з ваеннага пакалення, памяталі пра страшны голад. Калі з'явілася магчымасць накрываць багатыя сталы, яны карысталіся ёй па поўнай.
— Ежы заўсёды гатавалі настолькі многа, што даядаць прыходзілася яшчэ доўга. У нас нават паняцце такое было — «даёдванне». Прычым рабілі гэта ўсёй вялікай сям'ёй: 1-га збіраліся на вячэры ў адной мамінай сястры, 2-га — у іншай, 3-га ішлі да бацькавай радні.
Тэлевізар у сям'і Кацярыны Іванаўны з'явіўся яшчэ ў 60-х. Дзеці і дарослыя з задавальненнем глядзелі «Блакітны агеньчык». На думку жанчыны, сэнсу і душэўнасці ў іх было куды больш, чым цяпер. Адчуванне, што Новы год — вяха: «Пакуль на экране падводзіліся вынікі, ацэньваліся поспехі, строіліся планы для ўсёй краіны, мы рабілі тое ж самае, толькі ў сямейнай перспектыве».
— Самы вясёлы і бесшабашны Новы год у маёй біяграфіі здарыўся на другім курсе ўніверсітэта ўзімку 1978-га. Амаль усёй групай мы сабраліся на чатырохпакаёвай кватэры ў самым цэнтры горада. Каб свята не ператварылася ў звычайную «аб'ядалаўку-выпівалаўку», вырашылі зладзіць гумарыстычнае касцюміраванае прадстаўленне. Загадзя быў прапісаны сцэнарый. Мне выпала самая ганаровая роля — Дзеда Мароза. Вядома, адмысловага касцюма ў той час было не дастаць. У ход пайшло маё новенькае, на заказ пашытае паліто — у яго была шыкоўная ярка-чырвоная падкладка з шоўку. Бараду рабілі з сапраўднай ваты, што прадавалася ў аптэцы. Ідэя з пераапрананнямі дзяўчыны ў мужчыну і наадварот была тады надзвычай арыгінальнай. Таму і Снягуркай стаў галоўны ў кампаніі балака-гумарыст.
90-я: вёска, трансформеры, мандарыны
— Насуперак стэрэатыпам мы ў той час не галадалі. Навагоднія сталы былі накрытыя смачна і сытна. Дзед Мароз заўжды прыносіў падарункі. З іншага боку, цудоўна памятаю, як я з бацькамі хадзіў перад Новым годам «па палучку». Справа ў тым, што ў вялізных чэргах наперад прапускалі людзей з дзецьмі. Але ўсе роўна даводзілася стаяць па 1,5—2 гадзіны ў чаканні, — прыгадвае гамяльчанін Уладзімір Савачкін.
Была ў сям'і хлопца традыцыя — 31 снежня іх з сястрой везлі ў госці да бабулі ў вёску. Бацькі прыдумалі легенду: быццам калі нехта ў доме ёсць, то Дзед Мароз саромеецца прыходзіць. Таму, ад'язджаючы, абавязкова пакідалі адчыненай фортку — «павінен жа быў Дзед Мароз неяк у кватэру трапіць».
— Ідэя выдатная. Замест таго каб нудзіцца ў гарадской кватэры, мы цэлы дзень праводзілі на свежым паветры. У хату было не загнаць: каталіся на санках, гулялі з вясковымі ў сняжкі і ляпілі снежных баб. У гэты час маці з бабуляй маглі спакойна гатаваць святочную вячэру. Праўда, клопату дадавалася, калі мы вярталіся дадому — прамоклыя да ніткі, з расчырванелымі тварамі, — расказвае Уладзімір. — За стол сядалі гадзін у восем-дзевяць. Пад прагляд савецкіх фільмаў сястра ела сваю любімую салату з крабавымі палачкамі і кукурузай, а я — аліўе. Бульба, смажаная курыца, клубнічны кампот. Акрамя таго, нашае застолле ніколі не абыходзілася без пячоначнага торціка. І хаця мандарыны дэфіцытам не былі, для мяне яны і па сённяшні дзень застаюцца выключна навагоднім фруктам. Ем іх толькі ў ноч з 31-га на 1-е.
Хлопец успамінае, як кожны год яны з сястрой хацелі дачакацца таямнічых дванаццаці гадзін ночы, але засыналі яшчэ да адзінаццаці. Раніцай ехалі ў Гомель. Там чакаў працяг застолля і сюрпрызы пад ёлкай.
— Першым падарункам, які мне запомніўся, быў цацачны трактар. Нічога дзіўнага, улічваючы, што бацькі працавалі на заводах, якія выпускалі сельгастэхніку. У школьным узросце самымі жаданымі навагоднімі падарункамі сталі машынкі-трансформеры і пластыкавыя пісталеты...
Сёння амаль любое свята — ад юбілею і хрэсьбін да карпаратыву і вяселля — суправаджаецца феерверкамі. Для дзяцей 90-х агеньчыкі ў небе былі рэдкасцю. Пачуўшы залпы, малыя прыліпалі да вокнаў ці выбягалі на вуліцу, каб хоць на імгненне ўбачыць цуд піратэхнікі.
Адзіны момант, калі Уладзімір адчуў на сабе «цяжкасці» эпохі, — ранішнік у дзіцячым садку. Тады хлопца адзелі ў касцюм сняжынкі, які дастаўся ў спадчыну ад сястры. Але ніякай няёмкасці не было. Хто сказаў, што сняжынкамі могуць быць толькі дзяўчаты?
Ганна Курак
Мінск — Гомель — Лунінец — Мінск
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/ganna-kurak
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/novy-god
[4] https://zviazda.by/be/tags/tradycyi
[5] https://zviazda.by/be/tags/svyatkavanne