У VІІ—ІХ стагоддзях тэрыторыю раёна засялялі плямёны дрыгавічаў. У розны час землі ўваходзілі ў склад розных дзяржаў. У Х стагоддзі — у склад Кіеўскай Русі, з сярэдзіны ХІV — у склад Мазырскага павета Вялікага княства Літоўскага. Пасля Люблінскай уніі (1569 г.) Ельск у складзе Рэчы Паспалітай, а пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 г.) ён становіцца мястэчкам Міхалкаўскай воласці Мазырскага павета Мінскай губерні Расійскай імперыі.
Паходжанне назвы «Ельск» не такое празрыстае, як здаецца на першы погляд. Елкі на поўдні Палесся ніколі не раслі, не растуць і цяпер. У аснове тапоніма Ельск, сцвярджаюць навукоўцы, хутчэй за ўсё, ляжыць назва невялікай рэчкі Елы ці Елкі, якая тут некалі існавала. Гідронім утварыўся ад фіна-ўгорскай асновы «ел» — «крыніца, лясны раўчук, рэчка». Іншыя даследчыкі сцвярджаюць, што з канца ХVІІ стагоддзя на паўднёвым Палессі жылі і валодалі мясцовымі землямі памешчыкі Ельскія. Быццам, ад іх прозвішча гэты населены пункт стаў называцца Ельскам.
Цяпер у Ельскім раёне пражывае каля 15 тысяч чалавек.
***
— Сёлета намеснік дырэктара ясляў-сада-сярэдняй школы з аграгарадка Рамязы Людміла Трошка стала пераможцай абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу школьных праектаў па эканоміі і ашчаднасці «Энергамарафон». Установе адукацыі ўручаны сертыфікат на суму 30 000 рублёў.
— Вакальны ансамбль «Рэха» Ельскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі заваяваў дыплом І ступені на Міжнародным фестывалі-конкурсе «Творчасць без меж».
— Мікалай Паўлаў, навучэнец Ельскай раённай гімназіі стаў пераможцам заключнага этапу рэспубліканскага тэлевізійнага праекта «Я ведаю!», які праводіць Белтэлерадыёкампанія сумесна з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь. Да конкурсу школьніка падрыхтавала настаўнік Юлія Новак.
— У Год малой радзімы ў Ельскім раёне праведзены музычны фальклорны форум «Напеў роднай зямлі», які даў магчымасць сустрэцца 150 аматарам-гарманістам, аматарам народнай творчасці з шасці рэгіёнаў Гомельскай і Жытомірскай абласцей.
— У раённай цэнтральнай бібліятэцы Ельска сабрана ўнікальная калекцыя вышытых прадметаў народнага побыту, элементаў народнага касцюма, характэрных для Ельшчыны перыяду 50—70-х гадоў мінулага стагоддзя «Вёска зніклая, але не забытая».
***
— У Ельскім раёне да аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь належаць сем матэрыяльных нерухомых аб'ектаў: Свята-Траецкая царква — узор драўлянага народнага дойлідства ХVІІІ стагоддзя, а таксама магілы ахвяр фашызму ў вёсках Жукі, Будкі, Кочышчы, Чэрцень, дзве — у Ельску.
— Ёсць і ўнікальны аб'ект праявы творчасці чалавека — мясцовы песенны стыль аўтэнтычнага фальклорнага калектыву вёскі Казлы. Ён мае статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны краіны.
— Знакаміты Кацярынінскі шлях з Пецярбурга на Валынь, пабудаваны некалі па загадзе расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ, у канцы ХVІІІ — пачатку ХІХ стагоддзя праходзіў праз многія населеныя пункты Ельскага раёна. Па гэтай дарозе праязджалі імператар Мікалай І са сваёй сям'ёй і славуты палкаводзец Міхаіл Кутузаў. У паўднёвую ссылку па гэтых мясцінах ехаў паэт Аляксандр Пушкін.
— У наваколлі вёскі Дзвіжкі растуць дзіўныя помнікі прыроды — чорныя бярозы, у Качышчанскім лясніцтве — хвоя-чаша. Тут можна сустрэць многіх прадстаўнікоў жывёльнага і расліннага свету, якія занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Напрыклад, кураслеп дуброўны, фіялка багнавая, жоўтая лотаць, розныя віды папараці, венерын чаравік, багун, балотны верас... У Ельскіх лясах можна пабачыць лася, дзіка, барсука, рысь, бабра, янота...
Невялікі Ельскі раён знаходзіцца на поўдні Беларусі і мяжуе з Украінай. Больш як 57 % яго плошчы займаюць лясы. Вялікую долю ў яго развіццё ўносіць аграрны сектар — звыш 50 % валавой прадукцыі раёна даюць менавіта сельгаспрадпрыемствы. І хоць землі тут не надта ўрадлівыя, сёлета атрымалася нарыхтаваць 30,5 кармавой адзінкі на ўмоўную галаву жывёлы. Значыць, ёсць неабходная база, што дазволіць атрымліваць малако і мяса, гаворыць старшыня Ельскага райвыканкама Уладзімір Бурмістраў:
— Калі яшчэ нядаўна кармавая база ў сельгаспрадпрыемствах раёна была ў вялікім недахопе, то другі год запар мы кормім жывёл згодна з рацыёнам. Зразумела, летняя спякота вельмі значна адбілася на канчатковых выніках працы сельгасвытворцаў, тым не менш у дзвюх гаспадарках створаны паўтарагадовы запас кармоў. Летась уласнымі сіламі адрамантавалі два хлявы ў дзвюх гаспадарках раёна, і сёлета будавалі навесы і жывёлагадоўчыя памяшканні для дарошчвання буйной рагатай жывёлы. У планах — на кожным сельгаспрадпрыемстве пабудаваць такія памяшканні. У перспектыве ў КСУП «Скараднянскі» пабудуем паўнавартасную малочнатаварную ферму. Час патрабуе наладзіць сельгасвытворчасць па сучасных тэхналогіях.
Сёлета чатыры вуліцы ў Ельску былі капітальна адрамантаваны. Мы ўвялі ў строй дом сямейнага тыпу, пачалі будаваць 45-кватэрны дом, які плануем увесці ў строй налета. У планах — будаўніцтва яшчэ аднаго аналагічнага дома. Гэтыя праекты атрымалася ажыццявіць за кошт сродкаў абласнога бюджэту. За сродкі, выручаныя ад раённага суботніка, набылі спартыўнае абсталяванне, якое будзем устанаўліваць на пляцоўцы каля спартыўнай школы.
У 2015 годзе да абласнога свята «Дажынкі» Ельск быў цалкам прыведзены ў парадак, вуліцы адрамантаваны і пашыраны. Цяпер мы падтрымліваем гэта і працягваем добраўпарадкаванне. Сёлета на возеры ў Ельску зрабілі фантан, адрамантавалі дарожкі, паставілі лаўкі для адпачынку. Прыемна, што ініцыятыву ўладаў падхопліваюць у сельскіх Саветах. У аграгарадках Млынок і Рамязы зроблены прыгожыя дзіцячыя пляцоўкі на месцах знесеных будынкаў. Увогуле ж мы імкнёмся пабудовы, што не выкарыстоўваюцца, прадаць за адну базавую велічыню, каб новыя гаспадары іх адрамантавалі і наладжвалі там вытворчасць.
Некаторыя з новых прыватных прадпрыемстваў заснаваны мясцовымі жыхарамі, іншыя — прадпрымальнікамі, якія прыязджаюць да нас са сталіцы краіны. Яны лічаць, што развіваць бізнес менавіта ў глыбінцы больш прывабна. Такія прадпрыемствы атрымліваюць пэўныя падатковыя палёгкі, тут больш танная рабочая сіла і зусім іншыя адносіны. Мы на руках носім кожнага прадпрымальніка, які ўкладаецца ў развіццё нашага раёна. У планах — рэалізацыя некалькіх вытворчых інвестыцыйных праектаў, у тым ліку ў аграгарадку Дабрынь. У рэшце рэшт гэта дзейнасць дасць рабочыя месцы і грошы ў мясцовы бюджэт.
Ад усёй душы віншую ўсіх з Новым годам! Няхай у 2019-м з'явяцца новыя перспектывы і ўвасобяцца ў жыццё пастаўленыя задачы! Няхай у доме будзе дастатак, а ў сем'ях — мір і любоў. Усім моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту!
Ельская Траецкая царква — помнік драўлянага дойлідства, які прыцягвае ўвагу і вернікаў, і ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй і краязнаўствам.
Царква была пабудавана са звычайнай палескай хвоі ў 1769—1780 гадах у мястэчку Каралін (так называўся ў той час Ельск). Храм з элементамі стыляў барока і класіцызму ў выглядзе крыжа з'явіўся па ініцыятыве і на сродкі памешчыка Казіміра Аскеркі спецыяльна для цудатворнай Васькаўскай іконы Божай Маці. У 1870-х гадах да царквы была прыбудавана трох'ярусная званіца.
Ні ў Першую, ні ў Другую сусветныя войны драўляная царква не пацярпела. Толькі напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны яна была закрыта і пераўтворана ў збожжавы склад, але зноў адкрылася ў 1943 годзе. У храме знаходзіцца святыня — копія з Васькаўскай іконы Божай Маці. З гэтым абразом звязана цікавая легенда.
Неўзабаве пасля з'яўлення абраза каля яго пачалі адбывацца цуды. Вестка пра гэта хутка разляцелася па ўсім наваколлі, і да выявы сталі сцякацца вернікі. З 1773 да 1787 года цуды, якія здзяйсняліся пасля малітвы перад Васькаўскай іконай, былі апісаны ў кніжцы, што захоўвалася ў прыходскай царкве сяла Мялешкавічы, да якой была прыпісана Васькаўская царква. У 1817 годзе па хадайніцтве мінскага губернатара Казіміра Сулістроўскага знакаміты абраз быў перанесены ў ельскую Траецкую царкву.
Сёння ельскі Траецкі храм мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці і знаходзіцца пад аховай дзяржавы.
Яна сама грае, спявае, касцюмы шые і іншых уцягвае ў свае кіпучыя творчыя справы. Гавораць, спяваць здольная навучыць нават тых, каму мядзведзь вушы адтаптаў.
Вось ужо на працягу 17 гадоў Яўгенія Шадрына кіруе Зашырскім культурна-спартыўным цэнтрам. Аб'яднала вакол сябе аднадумцаў і разам яны робяць усё, каб аграгарадок Зашыр'е ведалі не толькі на Ельшчыне. Дарэчы, тры гады запар гастралююць удзельнікі мясцовага ўзорнага ансамбля «Сонейка» ў розных гарадах Германіі. Творчыя калектывы і асобныя выканаўцы цэнтра неаднаразова станавіліся стыпендыятамі прэмій спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай творчай моладзі.
Кожны з праектаў Яўгеніі Аляксандраўны варты ўвагі і асобнага аповеду. Напрыклад, яна стала ініцыятарам стварэння «Вуліцы выселеных вёсак» і «Рамеснага двара». У выніку этнаграфічных экспедыцый па Ельскім раёне пры цэнтры створана краязнаўчая база, якая ўключае ўспаміны старажылаў, фота і відэаматэрыялы, а таксама прадметы сялянскага побыту.
Расіянка, якая некалі за мужам прыехала з вялікага Чэлябінска ў самую глыбінку беларускага Палесся, сёння ведае яго традыцыі, робіць усё, каб яны працягваліся і жылі ў нашчадках. Напрыклад, займаецца адраджэннем старадаўніх рамёстваў. Прычым, прапануе не толькі тэарэтычна азнаёміцца з імі, але і сваімі рукамі ў ганчарнай майстэрні вылепіць посуд па старадаўняй тэхналогіі. Самаробныя скульптуры — яшчэ адзін з кірункаў дзейнасці і несуцішнага таленту Яўгеніі Шадрынай.
Сем з 25 клубных калектываў маюць ганаровыя званні «народны (узорны) калектыў аматарскай творчасці». Многія з іх да таго ж з'яўляюцца дыпламантамі і ўдзельнікамі фестываляў, конкурсаў розных узроўняў — ад раённых да міжнародных.
Штогод работнікамі культурна-спартыўнага цэнтра праводзіцца больш за 250 мерапрыемстваў для жыхароў сельскай мясцовасці. Пра яе лідарскія здольнасці ў раёне ходзяць легенды. Але ж самае галоўнае — тут, у Зашыр'і, культурнае жыццё віруе, тут нараджаюцца цікавыя ідэі, тут рэалізуюцца самыя дзёрзкія планы і задумкі.
Нездарма сёлета дырэктар Зашырскага КСЦ Яўгенія Шадрына атрымана высокую дзяржаўную ўзнагароду — медаль Францыска Скарыны: за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм і ўзорнае выкананне службовых абавязкаў у сферы культуры і мастацтва.
Ірына АСТАШКЕВІЧ
* На правах рэкламы
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-astashkevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/elski-rayon
[5] https://zviazda.by/be/my-razam-belarus
[6] https://zviazda.by/be/tags/reklama-na-partale