Крыху больш як год таму адбыўся маштабны рэбрэндынг АНТ. Яго канал правёў па ўсіх кірунках — ад лагатыпа да тэхнічнага перааснашчэння, запуску новых праектаў і адкрыцця мадэрнізаваных або цалкам новых студый. Да добрага прызвычайваешся хутка, і на сёння ўжо здаецца, быццам так было заўжды — мала хто прыгадае нават, што на вяшчанне ў фармаце HD-канал перайшоў толькі сёлета ў лістападзе. Але гэта вонкавы бок, які мы бачым на экране. Як выглядаў працэс перамен знутры і якім АНТ будзе заўтра, «Звязда» распытала старшыню праўлення ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал» Марата Маркава.
— Марат Сяргеевіч, на погляд чалавека, які дакладна ведае маштаб праведзеных работ, — вы задаволены вынікам?
— Па шчырасці, калі б паўтара года таму хтосьці сказаў, што мы асілім такі каласальны аб'ём работы, я ніколі не паверыў бы. Напэўна, зроблена нават занадта многа, якім бы недарэчным не падалося такое азначэнне.
Хоць цяжка ацэньваць сябе самога, і мне, безумоўна, хацелася б, каб гэтую ацэнку са свайго боку далі гледачы. Сёння можна гаварыць аб тым, што ўсе перамены і абнаўленні на тэлеканале (і гэта я не бяру нябачны бок, тую ўнутраную «кухню», якая садзейнічала працэсу), далі плён: мы з'яўляемся першымі па ахопе аўдыторыі ў краіне, і доля глядзення паступова прырастае. Значыць, нашу працу заўважылі і гледачы.
Задача з усімі вядомымі
— Складваецца ўражанне, што з вашым прыходам АНТ узяў кірунак у бок інфармацыйных жанраў: з'явілася больш навін, інфармацыйна-аналітычных праграм, спецыяльных рэпартажаў. Але пры гэтым захоўваюцца і «брэндавыя» праекты канала ў забаўляльным фармаце: я маю на ўвазе і «Міс Беларусь», і «Талент краіны», і «Песню года Беларусі»...
— Рэч у тым, што сама арганізацыя канала ставіць нам пэўныя ўмовы: не сакрэт, што на сёння АНТ — мікс з інфармацыйна-палітычнага складніка, у асноўным ён беларускі, і самых рэйтынгавых, цікавых забаўляльных праектаў расійскага Першага канала. Але д'ябал у дэталях: насамрэч усе каналы, якія працуюць у нашай краіне, у тым ліку цалкам беларускія, у той ці іншай ступені выкарыстоўваюць замежны кантэнт. Доля кантэнту, які АНТ бярэ ад Першага канала, складае 44 % ад усяго аб'ёму вяшчання, што цалкам параўнальна з доляй замежнага кіна- і серыяльнага паказу на іншых каналах. Натуральна, мы разумеем, што маючы добры забаўляльны кантэнт, мы можам і павінны нарошчваць аб'ём уласных праектаў — тое, што адбываецца побач з намі, што цікава гледачам пра Беларусь. І мы свядома ідзём менавіта па гэтым шляху.
Так, АНТ заўжды славілася адметнымі ўласнымі праектамі, і мы будзем іх працягваць — прыкладам, калі «Што? Дзе? Калі?» у Беларусі» мае добрую долю глядзення, навошта ад яго адмаўляцца, будзем рабіць і паказваць надалей. Гэтаксама як працягнем рабіць лінейкі дакументальных фільмаў, сацыяльныя ролікі, журналісцкія расследаванні, — а ў гэту пятніцу запускаем новую крымінальную праграму, дзе будзе некалькі вядучых. На мой погляд, за апошні год мы ўзмацнілі сваё грамадска-палітычнае вяшчанне і маем уласнае ток-шоу, грамадска-палітычнае інтэрв'ю, вельмі якасныя навіны, — я без перабольшання ганаруся тым, што «Нашы навіны» першыя па праглядзе ў Беларусі. Асартымент інфармацыйных праграм у нас на сёння багаты, цяпер будзем паляпшаць іх з пункту гледжання зместу на базе праведзенай мадэрнізацыі, у тым ліку трох новых студый, якія з'явіліся за гэты год. І на гэтай базе зможам думаць аб стварэнні новых уласных забаўляльных праектаў — хоць, канешне, не ў рэжыме нон-стоп і многа, адзін-два праекты ў год.
— Лічба цалкам зразумелая, бо забаўляльныя праекты — справа вельмі дарагая і доўгая.
— Цалкам так. А паколькі мы навучыліся лічыць грошы, і практычна адзінай крыніцай на развіццё кантэнту з'яўляюцца ўласныя сродкі канала, то ў вытворчасці прытрымліваемся галоўнага правіла: не рабіць праекты дзеля праектаў. АНТ здымае і будзе здымаць праграмы, якія акупляюцца, — за кошт рэкламы, партнёрства з бізнес-структурамі і г. д. На сёння ўсе нашы праекты як мінімум рэнтабельныя.
Штосьці больш цікавае
— Вяртаючыся да названай лічбы расійскага і ўласнага кантэнту, атрымліваем, што новаўвядзенне ў законе аб СМІ, якое зацвярджае мінімальную планку для тэлеканалаў у 30 % уласнага прадукту, вас ніякім чынам не закранула?
— Яно нас датычыцца, скажам так, для інфармацыі, бо ўжо даўно мы маем больш за трэцюю частку ўласнага кантэнту і будзем яго нарошчваць. Але тут важна знайсці баланс. На сёння той аб'ём платформы, які мы выкарыстоўваем, на мой погляд, аптымальны. Захоўваецца адзін расійскі выпуск навін — проста для таго, каб трымаць шчыльную сувязь з краінай-партнёрам па Саюзнай дзяржаве і атрымліваць інфармацыю з першакрыніцы. Тым больш Першы канал вельмі добра робіць міжнародныя агляды навін. Усе астатнія навіны — нашы, беларускія, і гэта звязка добра працуе.
— Вы пайшлі на нетыповы крок, адвязаўшыся ад пачатку тэлевізійнага сезона, і новыя праекты на АНТ з'яўляюцца цягам усяго года. Вось і цяпер выйдзе «Трывожная кнопка» і абноўлены «Метэагід». Чаму пад канец года?
— Яшчэ год таму, святкуючы 15-годдзе тэлеканала, я сустракаўся ў Маскве з кіраўніком Першага канала Канстанцінам Эрнстам — і ён выказаў думку, што сёння не існуе жорсткай прывязкі да новага тэлесезона. Вось і я не прыхільнік адзінага арыенціру — лічу, больш важна развівацца пастаянна. Мы на АНТ прытрымліваемся той лініі, каб практычна штодня на канале адбываліся няхай нябачныя, але станоўчыя змены. Каб глядач перыядычна бачыў штосьці больш цікавае, чым было раней, — а значыць, бачыў дынаміку ў развіцці канала і ў рэшце рэшт заставаўся з намі. Хоць цяпер мы знаходзімся ў дастаткова складанай сітуацыі: са снежня мінулага года зрабілі ўжо многа вялікіх крокаў (я нездарма сказаў, мо, і занадта многа), а аўдыторыя інтуітыўна чакае ўсё новых і новых. Тым не менш, паводле кітайскай прымаўкі, галоўнае — не спыняцца.
— Апошнім часам эксперты гавораць пра ўсё большую лічбавізацыю медыя. АНТ прысутнічае ў сацыяльных сетках, мае ўласнае інтэрнет-тэлебачанне ont.by, якое адрозніваецца ад эфірнага і прадстаўляе мікс найлепшых праграм за ўсе мінулыя гады, нарэшце, ваш афіцыйны YouTube-канал першым сярод беларускіх СМІ яшчэ ў пачатку года набраў больш за 100 мільёнаў праглядаў. Якой бачыце далейшую работу ў гэтым сегменце?
— Гэта адна з галоўных задач на наступны год. Расставіўшы асноўныя ключавыя акцэнты сёлета, мы завяршаем мадэрнізацыю канала і будзем развіваць яго ўжо не кардынальна, а паступова. Затое засяродзімся менавіта на развіцці ў інтэрнэце, каб прыцягнуць новую аўдыторыю. У тых момантах, якія вы назвалі, напэўна, мы выглядаем лепш у параўнанні з іншымі тэлеканаламі, але ўсё ж гэта толькі зыходны пункт. Бо такіх вынікаў мы дасягнулі наяўнымі сіламі, не прыцягваючы дадатковых рэсурсаў і не павялічваючы штат. А вось налета колькасць людзей, якія займаюцца развіццём АНТ у інтэрнэце, сапраўды павялічыцца, прычым стаўку зробім на прафесіяналаў, якія разумеюць тэхналогіі і працэсы, што адбываюцца ў інтэрнэт-асяроддзі. Бо гэта пытанне не толькі іміджу, але і фінансаў: прыцягваючы дадатковую аўдыторыю, мы павялічваем манетызацыю канала. Натуральна, мы разумеем, што паступова прывабнасць навізны аслабне: ужо сёння трэнды, якія мы бачым у ЗША і краінах Еўропы, сведчаць, што традыцыйны глядач нікуды не прападзе, і людзі, і рэкламныя сродкі вяртаюцца да тэлебачання. Тым не менш маладзёжную аўдыторыю, якая «жыве» пераважна ў інтэрнэце, страціць не хочацца, і для нас гэта адна з прыярытэтных задач на 2019 год.
Прафесіяналізм у трэндзе
— Гледачы заўважылі, як абнавілася не толькі праграма вяшчання, але і каманда АНТ, колькі ў ёй новых людзей. Не так даўно вы пыталіся ў аўтарскай праграме ў кіраўніка холдынга «СБ — Беларусь сегодня» Дзмітрыя Жука, якім мусіць быць ідэальны газетчык. Адрасую цяпер гэта пытанне да вас: назавіце тры якасці ідэальнага тэлевізійніка, які робіць цікавае, якаснае ТБ?
— Як паказала практыка, глыбокія журналісты выходзяць з тых, хто мае, акрамя журналісцкай, яшчэ нейкую адукацыю, глыбока разбіраецца ў пэўнай сферы. Для мяне важна, каб чалавек быў прафесіяналам, які спецыялізуецца на адной, а лепш на некалькіх тэмах і можа адказаць на любое нечаканае пытанне з гэтай сферы. Другі момант, у якім я згодны з Дзмітрыем Аляксандравічам, — мусіць быць такое добрае журналісцкае нахабства. Бо чалавек, які гаворыць нешта з экрана, павінен быць пераканаўчым, а значыць, упэўненым у кожным сваім слове, каб глядач яму таксама паверыў. І, напэўна, трэці момант, які я лічу важным, — прыстойнасць — у шырокім сэнсе слова. Каб журналіст быў гатовы падставіць плячо свайму калегу, а не падставіць, напрыклад, суразмоўніка, выдаючы ў эфір неправераныя звесткі, каб не ішоў па галовах, а ўмеў працаваць у камандзе, бо кумулятыўны эфект заўжды больш моцны і цікавы, чым праца аднаго чалавека. Вось гэтыя якасці ў нашай прафесіі надзвычай важныя.
— Ваш аўтарскі праект «Маркаў. Нічога асабістага» ў фармаце вялікага інтэрв'ю анансавалі яшчэ вясной, а ў эфір ён выйшаў у канцы восені. Чаму?
— Па-першае, вялікая частка людзей, і я ў тым ліку, была занятая ў вырашэнні іншых пытанняў — мадэрнізацыя канала, падрыхтоўка да пераходу на HD-вяшчанне. Па-другое, мне як аўтару і вядучаму было важна самому зразумець, што мы гатовы да праграмы як псіхалагічна, так і арганізацыйна. Можна сказаць, што праект «даспяваў» патрэбны час. Ёсць яшчэ трэцяя прычына, якая была, ёсць і будзе заўжды. Мне вельмі хочацца данесці да людзей, што знаходзяцца на кіруючых пасадах, якія дасягнулі чагосьці ў жыцці, што не трэба баяцца экрана. Калі ты прафесіянал у сваёй сферы, табе заўжды ёсць што сказаць, а ўжо цуды мантажу дазволяць згладзіць любыя шурпатасці.
— Няўжо нехта з патэнцыйных суразмоўнікаў адмаўляўся ад інтэрв'ю?
— Скажу так: з тых, хто быў у эфіры, нікога ўгаворваць не давялося, хіба толькі ўвязваць пытанне занятасці, паколькі людзі ўсе сур'ёзныя і надзвычай занятыя, нават той жа Дзмітрый Малікаў.
— Дарэчы, пра Малікава. Праграма з яго ўдзелам атрымалася, на мой погляд, самай «асабістай» з усіх, насуперак назве, і самай нечаканай: як спявак, няхай і вельмі вядомы, трапіў у адзін шэраг з дзяржаўнымі людзьмі?
— Задача праграмы якраз у тым, каб паказаць цікавых людзей абсалютна з любых сфер дзейнасці. І гэта не абавязкова кіраўнікі пэўных структур і арганізацый, могуць быць нават шараговыя супрацоўнікі, але з тымі поглядамі і пазіцыямі, якія цікавыя для вялікага кола аўдыторыі. Важна не проста «злавіць хайп» у дачыненні канкрэтнага героя, асабліва калі ён публічная асоба, а паказаць яго погляды і іх трансфармацыю ў часе. Для некага гэта можа стаць арыенцірам у важных жыццёвых пытаннях, як, скажам, пытанне сурагатнага мацярынства, якое мы абмяркоўвалі з Дзмітрыем Малікавым, альбо работа з моладдзю і іншыя сур'ёзныя жыццёвыя рэчы... Таму падобныя героі будуць з'яўляцца надалей. І рэйтынгі ад праграмы да праграмы пацвярджаюць, што глядацкая цікавасць расце, — свежыя даныя параўнальныя з рэйтынгамі серыялаў і навін, так што пастараемся не зніжаць планку. Хочацца не «драбніць» у плане выбару герояў — як кажуць, залікоўка абавязвае.
Гутарыла Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/teletydzen
[4] https://zviazda.by/be/tags/teletydzen
[5] https://zviazda.by/be/tags/ant
[6] https://zviazda.by/be/tags/marat-markau