Мерапрыемства, якое нядаўна прайшло ў Доме прэсы, можна назваць свайго роду выязным пасяджэннем парламенцкай камісіі. Па ініцыятыве Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі і «Звязды» была зладжана сустрэча з нагоды 70-годдзя прыняцця Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, у якой прынялі ўдзел дэпутаты і прадстаўнікі нашай рэдакцыі. Адбылася зацікаўленая змястоўная гутарка, самымі адметнымі момантамі якой спяшаемся падзяліцца з чытачамі.
У духу братэрства
Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Андрэй НАВУМОВІЧ на пачатку размовы падкрэсліў: «У канцы 2016 года ў нашай краіне быў прыняты Нацыянальны план па правах чалавека, і, як заявіў Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, гэта стала найважнейшым элементам сістэмнага забеспячэння ўсяго комплексу правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь».
«Адносіны да сваіх правоў у кожнага чалавека свае, і гэта нармальна, бо свет цудоўны сваёй разнастайнасцю», — заўважыў дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Павел СУХАРУКАЎ. «Але існуе стэрэатып, што правы чалавека — гэта вузкая рэч, яна датычыцца пытанняў, якія звязаны перш за ўсё з палітычнымі працэсамі. А ўсё астатняе — рэчы малазначныя, — сказаў ён. — У нас усе жадаюць выратаваць свет, але ў англійскай мове ёсць цудоўны выраз «thіnk glоbаllу асt lосаllу», які можна перафразаваць так: «думай пра выратаванне сусвету, але выратуй свайго бліжняга».
Павел Сухарукаў таксама нагадаў вядомае выказванне пра тое, што свабода аднаго чалавека заканчваецца там, дзе пачынаецца свабода іншага. «У нас правы чалавека, які побач, — гэта часта толькі яго праблемы. Маўляў, мае правы павінны захоўвацца ў першую чаргу, а ўсё астатняе — пастолькі, паколькі, — дадаў ён. — Пакуль кожны не пачне ставіцца да правоў іншага чалавека гэтак жа, як адчувае патрэбу ў забеспячэнні сваіх уласных правоў, будуць узнікаць праблемы».
Права на абарону
Калі казаць пра дзейнасць парламента, то сваю задачу дэпутаты бачаць ва ўдасканаленні правоў чалавека ў нашай краіне праз стварэнне адпаведных законаў. Гэта і ўзмацненне гарантый дзяржаўнай падтрымкі найменш абароненых катэгорый грамадзян. І ўдасканаленне заканадаўства ў сферах аховы здароўя, фізічнай культуры і спорту. І далейшае развіццё маладзёжнай, сямейнай палітыкі. І забеспячэнне дэмаграфічнай бяспекі, і многае іншае.
У свой час Пастаянная камісія па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі падрыхтавала да разгляду закон, мэта якога — абарона дзяцей ад інфармацыі, што наносіць шкоду іх здароўю і развіццю. Ён уступіў у сілу 1 ліпеня 2017 года. Таксама адказвала за падрыхтоўку закона аб унясенні змяненняў у некаторыя законы па пытаннях дзейнасці палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў. Важнасць сацыяльнай місіі такіх арганізацый бясспрэчная: гэта своеасаблівае злучальнае звяно паміж органамі ўлады і грамадствам.
З апошніх заканадаўчых змяненняў можна адзначыць: усталяванне паведамляльнага парадку правядзення масавых мерапрыемстваў; увядзенне апеляцыі ў грамадзянскім судаводстве; павышэнне ўзроўню абароненасці ад негатыўнага ўплыву інтэрнэту, у прыватнасці, абарону правоў дзяцей, барацьбу з незаконным распаўсюджваннем асабістых даных, умацаванне нацыянальнай інфармацыйнай прасторы; увядзенне інстытута абавязковага публічнага абмеркавання для законапраектаў, якія закранаюць правы, свабоды і абавязкі грамадзян.
«Прынятыя на мінулай сесіі законы аб сродках масавай інфармацыі і масавых мерапрыемствах непасрэдным чынам закранаюць правы чалавека, — сказаў Андрэй Навумовіч. — І пры рабоце над імі мы рабілі акцэнт на захаванне стабільнасці, якая сёння ёсць у нашай краіне. Нам патрэбны законы, якія гэта забяспечваюць».
Але стабільнасць не трэба разумець як нейкую застылую субстанцыю, удакладніла намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Валянціна РАЖАНЕЦ. «Стабільнасць спрыяе развіццю, без яе не будзе і руху наперад. Таму гэта вельмі важна», — аргументавала яна.
Права на парадак
За сем дзесяцігоддзяў значэнне Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека не становіцца менш актуальным. «Ведаючы свае правы, трэба навучыцца шанаваць і правы тых, хто побач, — лічыць Валянціна Ражанец. — Трэба таксама ведаць і выконваць свае абавязкі. Тады і праблем будзе менш».
Дэпутат удзельнічала ў прэзентацыі Дэкларацыі правоў чалавека, выдадзенай на беларускай мове, дзе таксама прагучалі думкі пра тое, што ў некаторых куточках свету яшчэ ёсць голад і пакуты ад адсутнасці элементарных умоў для жыцця.
«Мы жывём у цывілізаваным свеце, шануем свае правы і правы іншых. Беларусь — міралюбівая краіна, якая імкнецца захоўваць правы суседзяў, з'яўляецца пляцоўкай для ўрэгулявання многіх канфліктаў», — нагадала Валянціна Ражанец.
Андрэй Навумовіч расказаў, што некаторыя міжнародныя эксперты, якія працуюць з нашымі парламентарыямі па праблематыцы смяротнага пакарання, пасля знаёмства з краінай выказваюць жаданне нават застацца тут і жыць, бо сустракаюць у Беларусі тое, чаго не хапае зараз многім краінам свету: бяспеку і камфорт.
Гэта датычыцца і правядзення масавых мерапрыемстваў. «Нядаўняе абнаўленне заканадаўства ў сферы правядзення масавых мерапрыемстваў накіравана на далейшае ўдасканаленне прававой базы, якая адпавядае сусветным стандартам арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў і сучасным патрабаванням бяспекі, — лічыць дэпутат Валерый САЎКО. — Сёння многія дзяржавы і ў цэлым міжнародная супольнасць сутыкаюцца з нарастаючымі пагрозамі розных формаў экстрэмізму, уключаючы тэрарызм, здольных прывесці да масавай гібелі людзей, дэстабілізацыі абстаноўкі не толькі ў асобнай дзяржаве, але і ў свеце».
Гэта нельга не ўлічваць пры падрыхтоўцы і правядзенні масавых мерапрыемстваў. Такім чынам узнікае няпростая задача пошуку балансу: з аднаго боку — гарантаваць рэалізацыю права на мірныя сходы, з другога — забяспечыць бяспеку як саміх удзельнікаў масавых мерапрыемстваў, так і іншых асоб.
Нормы праекта абмяркоўваліся на дзвюх сустрэчах з кіраўніком прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза і часовым павераным у справах ЗША ў Рэспубліцы Беларусь. Праведзены шэраг пасяджэнняў рабочай групы, у тым ліку пашыранае пасяджэнне з удзелам прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый «Белая Русь», БРСМ, «Беларускі Хельсінкскі камітэт», «Беларуская асацыяцыя журналістаў», кампаніі «Гавары праўду», асветніцкай установы «Цэнтр прававой трансфармацыі», Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і іншых.
«Зараз мы працуем над падрыхтоўкай праекта закона «Аб змяненні законаў Рэспублікі Беларусь па пытанні ўзмацнення барацьбы з прапагандай нацызму і экстрэмізму», — дадаў Валерый Саўко. — З горыччу даводзіцца гаварыць пра тое, што ў ХХІ стагоддзі ў многіх краінах свету неафашызм становіцца палітычнай рэальнасцю».
У цяперашні час і ў нашай краіне мае месца развіццё ідэі вельмі правага толку, фіксуюцца факты скажэння мінулага, у інтэрнэце публікуюцца артыкулы, якія апраўдваюць фашысцкіх злачынцаў і іх памагатых, беспардонна фальсіфікуецца гісторыя, паведаміў дэпутат.
Усё гэта, па-першае, з'яўляецца цынічным здзекам з памяці мільёнаў ахвяр Другой сусветнай вайны, а, па-другое, нясе ў сабе пэўную патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бяспекі нашай дзяржавы, лічыць ён.
Дэпутат Адам Кавалька прымаў удзел у другім форуме па пытаннях правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства права «Парламенты — змагары за правы чалавека, дэмакратыю і вяршэнства права» ў Жэневе (Швейцарская Канфедэрацыя).
У рамках форуму быў падтрыманы пасыл прадстаўнікоў Дзяржаўнай Думы Расійскай Федэрацыі аб тым, што правы чалавека не павінны разглядацца ў адрыве ад культурнай, рэлігійнай, гістарычнай і ў цэлым — канстытуцыйнай ідэнтычнасці дзяржаў.
Дэлегацыя Беларусі ўдзельнічала ў дыскусіях і сустрэчах. У прыватнасці, у ходзе панэльнай дыскусіі, прысвечанай ролі парламентаў у прасоўванні правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства права, было расказана аб вопыце парламента Беларусі ў распрацоўцы і ўдасканаленні заканадаўства ў галіне правоў чалавека, у тым ліку ў рамках ажыццяўлення мерапрыемстваў Нацыянальнага плана дзеянняў па правах чалавека.
Права на жыццё
Што датычыцца прымянення ў краіне смяротнага пакарання, то Беларусь ідзе да яго адмены сваім шляхам і са сваёй хуткасцю, паўтарыў вядомы тэзіс Андрэй Навумовіч.
«Рэдакцыя Крымінальнага кодэкса 1999 года больш чым удвая скараціла колькасць саставаў злачынстваў, за якія прадугледжваецца смяротнае пакаранне, — нагадаў ён. — Пашыраны пералік асоб, якім такое пакаранне не можа быць прызначана: акрамя непаўналетніх і жанчын гэта яшчэ мужчыны, якія дасягнулі да дня вынясення прысуду 65 гадоў».
Ні ў адным артыкуле Крымінальнага кодэкса смяротнае пакаранне не прадугледжана як адзінае магчымае. За апошнія 20 гадоў колькасць асоб, якім была прызначана выключная мера, скарацілася ў разы, паведаміў Андрэй Навумовіч.
«Восем гадоў таму ў беларускім парламенце была створана рабочая група па вывучэнні праблематыкі смяротнага пакарання, — расказаў ён. — Вынікі работы гэтай групы знаходзяць адлюстраванне ў заканадаўстве. У 2015 годзе ў нашай краіне быў уведзены інстытут дасудовага пагаднення: калі абвінавачаны выканаў усе абавязацельствы, якія прадугледжвае такое пагадненне, выключная мера не выкарыстоўваецца. У 2016 годзе смяротнае пакаранне выключана з санкцыі артыкула «Здрада дзяржаве», а таксама замацаваны дадатковыя гарантыі асоб, якія асуджаны да выключнай меры, у рамках працэдур апеляцыйнага абскарджання».
Цяпер парламенцкая група праводзіць шырокую работу ў грамадстве: лекцыі, канферэнцыі, сустрэчы, круглыя сталы, выступленні ў СМІ.
«Беларусь «чуе» заклікі міжнароднай супольнасці да адмены смяротнага пакарання, і мы паступова прыйдзем да рашэння гэтай праблемы», — яшчэ раз працытаваў кіраўніка дзяржавы старшыня парламенцкай камісіі.
Права на свабоду сумлення
У Беларусі на пачатак гэтага года зарэгістравана 25 канфесій і кірункаў, 3532 рэлігійныя арганізацыі і 193 нацыянальна-культурныя грамадскія аб'яднанні, праінфармаваў дэпутат Васілій БАРАНІК.
«Дзяржава не перакладае на рэлігійныя аб'яднанні свае функцыі і не ўмешваецца ў іх дзейнасць, але трымае руку на пульсе і ведае, у якім кірунку яны развіваюцца, — лічыць ён. — Узаемадзеянне ажыццяўляецца ў сацыяльнай сферы. І калі сярэдні ўзрост вернікаў расце, то ўдзельнікі нацыянальна-культурных аб'яднанняў у большасці — моладзь».
Васілій Баранік звярнуў увагу, што ў Беларусі не выкарыстоўваецца тэрмін «нацыянальная меншасць». Дзяржаўная палітыка ў гэтай сферы накіравана на свабоднае развіццё культур, моў, традыцый усіх нацыянальных супольнасцяў, поўную роўнасць, шанаванне і ўлік іх правоў і інтарэсаў, а таксама падтрымку ў рэалізацыі гэтых правоў. Сімвалам такой палітыкі стаў фестываль нацыянальных культур, які раз у два гады праводзіцца ў Гродне.
Яшчэ адзін значны кірунак дзейнасць парламента — работа са зваротамі выбаршчыкаў. Акрамя сустрэч у акругах, гэта яшчэ і прыём грамадзян у Палаце прадстаўнікоў. За мінулы год у Пастаянную камісію па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі паступіла 135 пісьмовых зваротаў, 18 вусных, сёлета — 147 пісьмовых і 10 вусных. Работа з гэтымі зваротамі вядзецца сістэмная і ўважлівая, запэўнілі народныя выбраннікі.
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Фота Ганны ЗАНКАВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/volga-myadzvedzeva
[2] https://zviazda.by/be/author/ganna-zankavich
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/dyyalog
[5] https://zviazda.by/be/tags/pravy-chalaveka