У гэтым горадзе непрадказальнае надвор'е, веласіпедаў больш, чым жыхароў, а ў музеях выстаўляюць не толькі творы мастацтва, але і прылады для сексу. Амстэрдам настолькі папулярны ў вандроўнікаў, што ўлады па просьбе мясцовага насельніцтва задумваюцца аб тым, каб павысіць турыстычны падатак і забараніць здаваць кватэры на суткі ў цэнтры. Чаму ваш найлепшы сябра ў галандскай сталіцы — гэта пластыкавая картка, дзе можна знайсці цюльпаны ў горадзе ў любую пару года і чым частуюць у кавашопах? Давайце разбірацца разам...
На работу — на веласіпедзе
Амстэрдам — горад тэхналогій. На вакзале няма касіраў: білеты на грамадскі транспарт купляеш праз тэрмінал (запасіцеся манетамі або пластыкавай карткай, бо купюры ён не прымае). На вуліцах стаяць аўтаматы з падагрэтымі бургерамі: апускаеш пару еўра — і забіраеш з ячэйкі гарачы перакус.
У супермаркетах таксама большасць кас працуе без прадаўцоў. Абслугоўваеш сябе сам — скануеш штрых-код прадуктаў і прыкладаеш картку, каб разлічыцца. Хоць у маленькіх крамах тэхналогіі пакуль не выцеснілі чалавека.
У аўтобусах бясплатны вай-фай. А ў электробусах яшчэ і раздым для USB-кабеля, каб падзарадзіць гаджэт. Элекрамабілі тут, дарэчы, не рэдкасць: яны ёсць нават у таксапарках. А разеткі для «запраўкі» такіх аўто ўстаноўлены непадалёк ад уваходных дзвярэй дамоў.
Але па горадзе вельмі мала хто ездзіць на ўласных машынах. Па-першае, дарогі тут вузкія. А па-другое, клапоцячыся аб экалогіі, галандцы аддаюць перавагу веласіпедам — зранку ў строгіх касцюмах і спадніцах едуць на іх на работу. Велапаркоўкі ў Амстэрдаме на кожным кроку — як і таблічкі каля кавярняў і крам з просьбай не пакідаць тут свой двухколавы транспарт. Веласіпеды часта крадуць, таму многія гараджане ездзяць на старэнькіх, а кошт замка для «жалезнага каня» можа быць вышэйшым за цану яго самога.
З гісторыі мастацтва і не толькі
Што паглядзець? Вядома ж, архітэктуру. Прагуляйцеся па брукаваных вулачках уздоўж каналаў, каб палюбавацца дамамі, якія стаяць каля самай вады, шчыльна прыціснуўшыся адзін да аднаго. Будынкі такія вузкія, бо ў сярэднявеччы бралі падатак за шырыню фасада. Дзверы і лесвіцы ў старых дамах таксама вузкія, а таму мэблю і іншыя буйнагабарытныя рэчы дастаўляюць праз шырокія вокны — пад дахам спецыяльна для гэтага прымацаваны крук. Многія гараджане не зашторваюцца, і, ідучы па вуліцы, можна выпадкова ўбачыць праз акно, як вячэрае звычайная галандская сям'я. Кажуць, гэта традыцыя — не падглядаць у вокны, а трымаць іх адкрытымі — пайшла з Сярэдніх вякоў, калі герцаг Альба баяўся рэвалюцыі і патрабаваў, каб усё было на віду.
У спісе славутасцяў таксама старая каменная царква Аўдэкерк, узведзеная ў XІV стагоддзі, цагляны будынак былой галоўнай фондавай біржы сталіцы, каралеўскі палац.
Зазірніце на кветкавы рынак непадалёк ад цэнтра, дзе прадаюцца цюльпаны ўсіх сартоў. І не толькі яны: на прылаўках ёсць нават саджанцы каноплі — у Нідэрландах дазволена яе вырошчваць для ўласнага карыстання. А яшчэ на гэтым рынку бадай самыя танныя сувеніры ў горадзе.
У Амстэрдаме шмат музеяў. Самы папулярны прысвечаны Ван Гогу. Калі зберацеся туды, закажыце білет загадзя праз інтэрнэт: у дзень наведвання іх можа ўжо не быць у продажы. У музеі сабраны амаль усе вядомыя карціны мастака — «Сланечнікі», «Пшанічнае поле з варонамі», «Едакі бульбы». Нават калі вы нічога не ведаеце пра Ван Гога акрамя таго, што ён адрэзаў сабе вуха (аўтапартрэт, напісаны пасля гэтага здарэння, дарэчы, таксама вісіць у адной з залаў), не хвалюйцеся. Возьмеце зручны мультымедыягід, дзе ёсць экскурсія на рускай мове, і пачуеце, чаму мастак маляваў у такой дзіўнай тэхніцы і навошта яму столькі партрэтаў самога сябе (спойлер: на натуршчыкаў у будучага генія проста не было грошай).
Літаральна за некалькі крокаў знаходзіцца Рэйксмузеум — дзяржаўны мастацкі музей Нідэрландаў. Турысты сцякаюцца сюды, каб пабачыць «Начны дазор» Рэмбранта. Падказка: побач з гэтай карцінай (і іншымі значнымі творамі) ёсць раздрукаваныя памяткі на англійскай мове, дзе тлумачыцца, чаму гэта шэдэўр. З нечаканага — у музеі можна знайсці велізарныя лялечныя домікі XVІІ стагоддзя. Але гэта цацкі не для дзяцей, а для заможных жанчын, у якіх было шмат грошай і вольнага часу. Спадарыні абсталёўвалі домікі з такой увагай да дэталяў, што сёння па іх можна лёгка ўявіць, як выглядала жыллё тагачасных арыстакратаў.
Дарэчы, перад Рэйксмузеумам знаходзіцца той самы славуты надпіс І amsterdam. Але нават не спадзявайцеся на прыгожае фота побач з ім: дзясяткі турыстаў, якія таксама хочуць здымак на памяць з фішкай горада, будуць вісець у вас над галавой і выглядаць з-за пляча.
Але пакінем мастацтва. Упэўнена, большасць падарожнікаў едзе ў Амстэрдам паглядзець не толькі карціны Рэмбранта, але і квартал «чырвоных ліхтароў». Увечары гэта самы ажыўлены раён горада. У вокнах публічных дамоў красуюцца аголеныя жанчыны, тут гэта легальны занятак: секс-работніцы плацяць падаткі, маюць сацпакет і прафсаюз. А на вітрынах будынкаў квартала вісяць аб'явы аб здачы «офісаў» у арэнду. Акрамя публічных дамоў тут працуюць эратычныя клубы і прыватныя кабінкі для прагляду «гарачых» шоу.
Амаль гэтак жа часта, як сувенірныя крамы, па горадзе сустракаюцца кавашопы. Толькі прадаюць там не каву, а марыхуану. З-за яе на вуліцах бывае спецыфічны пах. Калі думаеце, што ён падобны да водару прыпраў, то моцна памыляецеся: гэта, хутчэй, рэзкі пах гумы — вельмі непрыемны.
Мора, чайкі і ветраныя млыны
Каб лепш пазнаць Нідэрланды, не палянуйцеся выбрацца ў прыгарад. У спісе must see — Валендам і Заансе Сханс. І туды, і туды з цэнтральнага вакзала кожныя 15 хвілін ходзяць аўтобусы.
Валендам — гэта рыбацкая вёска. Акуратныя домікі з тэрасамі, лавачкі на ўзбярэжжы (адны з відам на вёску, другія — развернутыя да мора) і чайкі, якія абсалютна не баяцца людзей і паблажліва пазіруюць для фота. Пакуль я абедала ў кавярні, на рыбны кіёск, што стаяў насупраць, прызямлілася чапля... Па набярэжнай шпацыруе шмат турыстаў, але варта звярнуць на суседнюю вулачку, і вы не сустрэнеце ні душы: толькі вецер гойдае бялізну на вяроўцы, нацягнутай паміж дамамі.
Хочаце ўбачыць сапраўдныя драўляныя млыны? Едзьце ў Заансе Сханс — музей пад адкрытым небам, дзе сабраны аўтэнтычныя пабудовы XVІІ—XVІІІ стагоддзяў з усёй краіны. Ветраныя млыны да сёння працуюць: на іх вырабляюць фарбы, алей, гарчыцу. У вёсцы можна пабачыць, як выразаюць кломпы — традыцыйныя галандскія драўляныя чаравікі. У Нідэрландах вільготны марскі клімат, і, каб не прамачыць ногі, сяляне раней насілі такі абутак (скураны яны не маглі сабе дазволіць). А зімой кломпы з тоўстай падэшвай добра абаранялі ад маразоў. Выраблялі чаравікі з асіны ці таполі. Вядома, цяпер яны не такія папулярныя сярод насельніцтва, але некаторыя агароднікі і рыбакі дагэтуль у іх ходзяць.
Што пакаштаваць? Абавязкова паспытайце галандскі сыр. Класічны, з травамі, папрыкай, труфелем... Ва ўсіх фірмовых крамах дэгустацыя бясплатная. А ў некаторых ёсць нават музеі сыру. З цікавых фактаў пра мясцовую «малочку»: у Нідэрландах налічваецца 18 тысяч вытворцаў сыру, якія вырабляюць 660 мільёнаў кілаграмаў прадукту ў год! А «настойваецца» сыр на драўляных паліцах — ад чатырох тыдняў да двух гадоў. Чым старэйшы ўзрост, тым больш насычаны смак і высокі кошт.
Традыцыйны ласунак — вафлі. Калі бельгійскія тоўстыя і лёгкія, то галандскія — тонкія і хрусткія, з карамельнай праслойкай.
Папулярным фаст-фудам лічыцца... селядзец. Падаюць яго ў булачцы з цыбуляй і марынаванымі агуркамі, а прадаюць у асобных рыбных кіёсках. Галандцы таксама любяць бульбу фры.
Не ўражаннямі аднымі
Для беларусаў у Амстэрдаме дорага. Прадукты ў сярэднім каштуюць у два разы больш (за выключэннем веганскага і здаровага харчавання: соевае малако і мюслі тут часам нават таннейшыя, чым у Мінску). Вулічны фаст-фуд — той жа сэндвіч ці кулёк бульбы фры — прадаюць па тры-чатыры еўра. А гарачая страва ў кавярні (гарнір, мяса ці рыба і салата) абыдзецца мінімум у 10 еўра. Калі хочаце сэканоміць, гатовы абед у кантэйнеры можна купіць у супермаркеце: у залежнасці ад прадуктовага набору ён будзе каштаваць ад трох да сямі еўра.
Цана за адну паездку на грамадскім транспарце — тры еўра. Таму больш выгадна купляць праязны: на дзень ён абыдзецца ў 7,5 еўра, на два — у 12,5.
У Амстэрдаме прапануюць набыць турыстычную картку, якая ўключае ў сябе праезд на гарадскім транспарце, білеты ў музеі, экскурсію на лодцы па каналах і зніжкі ў некаторых установах. Такі абанемент на суткі каштуе 59 еўра, на двое — 74. Але, на мой погляд, у большасці выпадкаў у ім няма патрэбы. Так, уваход у папулярныя музеі тут абыдзецца нятанна, у 17—18 еўра, але наўрад ці за дзень у вас хопіць сіл і ўвагі наведаць больш за два.
Некалькі слоў пра жыллё. Ложак у пакоі на шэсць чалавек у хостэле паблізу цэнтра каштуе каля 25 еўра за ноч. За 60 можна знайсці нумар на дваіх, але гэта будзе на ўскрайку горада. Праўда, калі для вас важны камфорт, гэта неістотная пераплата. Тым больш грамадскі транспарт працуе ўсю ноч і дабрацца да сваёй гасцініцы зможаце ў любы час.
Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/natallya-lubneuskaya
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/tags/chyrvonaya-zmena-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/amsterdam
[5] https://zviazda.by/be/tags/niderlandy
[6] https://zviazda.by/be/tags/padarozhzha