Удзел у V Мінскім міжнародным Калядным конкурсе бяруць 170 вакалістаў з 18 краін — менавіта такая канчатковая лічба канкурсантаў, якія не толькі папярэдне падалі заяўкі, але і даехалі да Беларусі і ўступілі ў вочнае спаборніцтва. Найбольшая колькасць удзельнікаў традыцыйна з Расіі, крыху менш прадстаўнікоў Беларусі і Украіны, а сярод самых далёкіх у геаграфічным плане — прадстаўнікі Рэспублікі Карэя, ЗША і Венесуэлы.
Акрамя распаўсюджаных сапрана, мецца-сапрана, тэнараў і барытонаў, гэтымі днямі ў Вялікім тэатры Беларусі гучаць таксама рэдкія галасы — контртэнар (самы высокі сярод мужчынскіх тэмбраў) і бас-барытон. У выхадныя адбыўся першы тур конкурсу, пасля якога са 170 канкурсантаў барацьбу працягне толькі 31 (сярод іх, як стала вядома пасля доўгіх абмеркаванняў журы, сямёра беларусаў), а да фіналу, які адбудзецца 19 снежня, дойдуць усяго 10 наймацнейшых салістаў. Але ўзнагарода таго вартая: нагадаем, Гран-пры конкурсу складае 10 тысяч долараў, а першыя тры прэміі — 8, 6 і 4 тысячы долараў адпаведна, да таго ж прадугледжаны спецыяльныя прэміі ад журы і, натуральна. прыз глядацкіх сімпатый. Дарэчы, вызначыцца з імі можна, нават калі няма магчымасці трапіць у тэатр — на афіцыйным YouTube-канале [4]. Сёння з 11 раніцы ўдзельнікі выступаюць у другім туры конкурсу, а 19 снежня а 19 гадзіне адбудзецца прамая трансляцыя фіналу.
Як нагадаў генеральны дырэктар Вялікага тэатра Беларусі Уладзімір Грыдзюшка, за папярэднія 4 гады ў Мінскім міжнародным Калядным конкурсе ўзялі ўдзел больш за 500 оперных салістаў з усяго свету, а многія з пераможцаў сталі не толькі запрошанымі салістамі нашага тэатра, але і новымі зоркамі сусветнай оперы.
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Фота vk.com/vocalcompetition [5]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/muzyka
[4] http://www.youtube.com/user/belarusopera/featured
[5] https://vk.com/vocalcompetition
[6] https://zviazda.by/be/tags/kalyadny-konkurs-vakalistau
[7] https://zviazda.by/be/tags/minski-mizhnarodny-kalyadny-konkurs-vakalistau