На Гомельшчыне сёння 52 перасоўныя аддзяленні паштовай сувязі абслугоўваюць 772 населеныя пункты. Гэта азначае, што больш за 45 тысяч вяскоўцаў вобласці атрымліваюць карэспандэнцыю «з колаў».
Зразумела ж, не толькі газеты і часопісы дастаўляюць паштавікі ў маланаселеныя і аддаленыя вёскі. Намеснік дырэктара Гомельскага філіяла РУП «Белпошта» Марына Перагуда расказвае, што мабільныя пошты па сваёй функцыянальнасці і тэхнічнай абсталяванасці з'яўляюцца паўнавартаснымі аддзяленнямі сувязі:
— Насельніцтву аказваецца самы шырокі комплекс паслуг. Перасоўныя аддзяленні паштовай сувязі абсталяваны анлайн-каналамі, таму жыхарам апроч традыцыйных паштовых паслуг даступныя самыя сучасныя сэрвісы. У машыне ёсць ноўтбук, прынтар, абсталяванне для ўзважвання і счытвальнікі банкаўскіх пластыкавых картак. Вітрына пад тавары спажывецкага попыту абсталявана для рухомага транспарту. Арганізавана рэалізацыя тавараў спажывецкага попыту па заяўках насельніцтва.
Да таго ж, гаворыць Марына Антонаўна, у кожным населеным пункце арганізаваны месцы стаянак, дзе ёсць шыльда з указаннем рэжыму работы. Так што кожны вясковец ведае, калі чакаць паштовую машыну з любімай газетай. Час стаянкі складае ад 20 хвілін да гадзіны. Ён залежыць ад колькасці людзей, што жывуць у канкрэтнай вёсцы. У асобных вялікіх населеных пунктах арганізавана некалькі месцаў стаянкі аўтапошты.
Дастаўку пошты і друкаваных СМІ звычайна выконвае кіроўца ці начальнік перасоўнага аддзялення паштовай сувязі. Для гэтага ў населеных пунктах ёсць групавыя абаненцкія шафы і паштовыя скрыні для прыёму пісьмовай карэспандэнцыі.
Між тым вопыт арганізацыі паштовых перасовак мае яшчэ савецкую гісторыю. Пачыналася гэтая работа з асноўнай мэтай наблізіць паслугі пошты да людзей. Сёння ўсе разумеюць, што ўтрымліваць вялікую колькасць стацыянарных аддзяленняў пошце не па сілах. Але ж па сілах арганізаваць усё так, каб жыхары нават самых далёкіх вёсак не адчувалі сябе забытымі.
— Такі фармат абслугоўвання дазваляе павялічыць даступнасць і якасць не толькі паштовых, але і няпрофільных паслуг, — адзначае суразмоўніца. — Па прадукцыйнасці адно перасоўнае аддзяленне паштовай сувязі здольна замяніць каля пяці стацыянарных у невялікіх і цяжкадаступных населеных пунктах. Якасць абслугоўвання насельніцтва не пагоршылася. Выконваецца сацыяльны стандарт па абслугоўванні насельніцтва — дастаўка ажыццяўляецца пяць разоў на тыдзень. Дадам, што за апошнія два гады ў раённых цэнтрах Гомельскай вобласці заменена на новую 21 спецыялізаваная машына, прызначаная для гэтых мэт.
Ірына АСТАШКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-astashkevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/belposhta
[5] https://zviazda.by/be/tags/regiyony-pa-sutnasci-spravy