Мабільная праграма для вывучэння гісторыі, месенджар для выкладчыкаў і студэнтаў, навучальны курс па фінансавай пісьменнасці, камп’ютарная праграма для спартсменаў… Усе гэтыя праекты былі прадстаўлены ў фінале III Рэспубліканскага конкурсу маладзёжных праектаў “Інфармацыйныя і мабільныя тэхналогіі для адукацыйнага працэсу”.
У гэтым годзе ў аргкамітэт паступіла больш за 120 заявак ад школьнікаў, навучэнцаў прафесійна-тэхнічных, сярэдніх спецыяльных устаноў і студэнтаў ВНУ, а ў фінал прабіліся з іх толькі 13.
— Для нас, як для сацыяльна адказнай кампаніі, маладзёжныя ініцыятывы асабліва важныя з пункту бачання перспектыў развіцця інавацыйных і інфармацыйных тэхналогій. Менавіта таму ўжо трэці год запар кампанія МТС падтрымлівае гэты конкурс, — падкрэслівае кіраўнік камерцыйнага дэпартамента МТС, член журы Мікалай БУЛАШ.
Работы канкурсантаў ацэньвала экспертная група, у склад якой увайшлі спецыялісты Міністэрства адукацыі, БДЭУ, кампаній МТС, beCloud і мясцовага сацыяльнага фонду “Добра”. Рашэннем журы пераможцамі былі аб’яўлены тры праекты.
Цімафей Стамброўскі са слуцкай сярэдняй школы № 11 перамог са сваёй мабільнай праграмай для вывучэння фізікі пры дапамозе робата RiBFoP. Ён, дарэчы, набраў найбольшую колькасць балаў і стаў абсалютным пераможцам конкурсу.
У ліку пераможцаў трапіў і праект навучэнца Столінскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа Ільі Архіпава — мабільная праграма для хуткага ўспрымання тэксту 4Read. А вучаніца мінскай школы №218 Селен Караман перамагла са сваёй даследчай анлайн-платформай GeekStarterPRO.
Аўтары найлепшых праектаў атрымалі падарункі ад кампаніі МТС, а абсалютны пераможца — ноўтбук ад Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Мінадукацыі.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/infarmacyynyya-i-mabilnyya-tehnalogii-dlya-adukacyynaga-pracesu
[5] https://zviazda.by/be/tags/konkurs
[6] https://zviazda.by/be/tags/fizika
[7] https://zviazda.by/be/tags/mts