Перспектывы ў двухбаковых адносінах краін і выбары новага прэзідэнта абмеркавалі Аляксандр Лукашэнка і пасол Грузіі ў Беларусі Валерый Кварацхелія
На мінулым тыдні Прэзідэнт Беларусі накіраваў віншаванне з перамогай на выбарах сваёй грузінскай калезе Саламэ Зурабішвілі. Першая ў гісторыі краіны жанчына-прэзідэнт набрала большасць галасоў у двух турах і стала апошнім кіраўніком дзяржавы, якога абралі ўсеагульным прамым галасаваннем. Дарэчы сказаць, пост прэзідэнта ў парламенцкай рэспубліцы (якой з’яўляецца Грузія) мае цырыманіяльны характар, але немалаважная роля належыць прэзідэнту ў міжнародных сувязях. А ў Беларусі з Грузіяй яны маюць амаль чвэрцьвяковую гісторыю. За гэты час удалося наладзіць супрацоўніцтва ў палітычным, эканамічным і гуманітарным вектарах.
Перспектывы ў двухбаковых адносінах краін і выбары новага прэзідэнта абмеркавалі Аляксандр Лукашэнка і пасол Грузіі ў Беларусі Валерый Кварацхелія.
"Якія бы выбары не былі — гэта важная палітычная кампанія, якая, як лакмусавая папера, прасвеціць грузінскае грамадства, да чаго яно схіляецца сёння, у якім кірунку гатовае рухацца і гэтак далей. Нежартоўныя ішлі баталіі", — сказаў Прэзідэнт, адзначыўшы, што сачыў за выбарамі і атрымоўваў інфармацыю ад СМІ і беларускага пасольства.
Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Валерыя Кварацхелію і ўвесь грузінскі народ з заканчэннем паспяховай выбарчай кампаніі і перадаў віншаванні абранаму прэзідэнту. "У Вас упершыню прэзідэнтам абрана жанчына, да і на постсавецкай прасторы. Гэта можа быць добры вопыт ", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт Беларусі абсалютна задаволены супрацоўніцтвам з Грузіяй. "Фундаментам як заўсёды з'яўляецца эканоміка і гандлёва-эканамічныя адносіны. У нас і гандаль развіваецца. Мы пачыналі калісьці з нуля", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Зараз з афіцыйным візітам у Грузіі знаходзіцца віцэ-прэмьер Міхаіл Русы. "Мною прынята рашэнне, каб ён паехаў з нагоды пасольскіх пытанняў. Але галоўнае, каб правёў сустрэчы і яшчэ раз "зверыў" гадзіннікі пасля гэтага палітычнага перыяду і выбараў прэзідэнта. Гэта сведчыць пра тое, што мы вельмі вялікую ўвагу надаем сяброўскаму і братскаму грузінскаму народу. І мы поўныя рашучасці прасоўваць гэтае супрацоўніцтва ва ўсіх сферах", — акцэнтаваў увагу беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што чакае сустрэчы з новым кіраўніцтвам Грузіі і ўрадам: "Пасля майго візіту там абнавіўся і ўрад, і будзе вельмі важна "зверыць" гадзіннікі".
Пасля размовы з Аляксандрам Лукашэнкам Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Грузіі ў Беларусі Валерый Кварацхелія адказаў на пытанні журналістаў.
"Мы абмяркоўвалі палітычныя пытанні, дзе, у прынцыпе, у нас няма непаразуменняў. І мы як бы праводзім палітыку ўзаемаразумення і ўзаемадапамогі адзін аднаму. Былі пытанні па эканамічнай сітуацыі і тут ў нас таксама ёсць сур'ёзныя зрухі наперад. Тавараабарот расце з кожным годам", — сказаў пасол.
Асаблівая ўвага — турыстычная сфера. Паток падарожнікаў з Беларусі ў Грузіі расце. І ў гэтым годзе павышэнне колькасці звыш 40 працэнтаў. Па словах дыпламата, яшчэ раз было адзначана, што паміж Беларуссю і Грузіяй няма закрытых тэм, і па ўсіх напрамках ідзе супрацоўніцтва.
У пачатку будучага года ў Беларусь плануе прыехаць новы міністр замежных спраў Грузіі, а ўжо вясной чакаюць прэ'мер-міністра.
У тэму
У студзені – верасні бягучага года тавараабарот паміж Беларуссю і Грузіяй склаў 62 мільёны долараў ЗША. Экспарціравана беларускай прадукцыі на 46,3 мільёны долараў, імпарт склаў звыш 15 мільёнаў долараў. Станоўчае сальда ў знешнім гандлі і паслугах. За дзевяць месяцаў 2018 года на экспарце паслуг зарабілі 13,2 мільёнаў долараў.
Сярод асноўных экспартных пазіцый — малочная прадукцыя, табачныя вырабы, сельгас машыны, лекі. Імпартуюцца з Грузіі мінеральныя воды, віна, нафтапрадукты.
Марыя ДАДАЛКА
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/maryya-dadalka
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/prezident
[4] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[5] https://zviazda.by/be/tags/gruziya