Патрабаванне Прэзідэнта — заробкі пры гэтым не павінны паменшыцца.
Пасля нарады Прэзідэнта з кіраўніцтвам Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь [3] першы намеснік прэм'ер-міністра Аляксандр Турчын патлумачыў журналістам сутнасць пытання, якое датычылася праекта ўказа па аплаце працы работнікаў бюджэтных арганізацый.
“Ніякіх надзвычайных рэчаў у гэтым плане няма, — запэўніў першы віцэ-прэм'ер. — Нармальны эвалюцыйны рух па ўдасканаленні аплаты працы работнікаў бюджэтнай сферы. Гэта звязана з тым, што за апошнія 20 гадоў у нас сфарміравался архаічная сістэма. Напрыклад, каб атрымаць канчатковы заробак работніка бюджэтнай сферы, сёння трэба прымяніць каля 22 і больш даплат, заахвочванняў стымулюючага характару”.
Першы віцэ-прэм’ер лічыць, што часам не столькі самому работніку, колькі бухгалтару складана зразумець усю гэтую сістэму фарміравання заработнай платы. “Таму, кажучы прасцей, нарматыўна-прававы акт накіраваны на нармальную зразумелую сістэму аплаты працы. Каб "цвёрдая" частка акладу была на ўзроўні 50-60 %, астатняе — стымулюючыя надбаўкі” — растлумачыў ён.
Паводле слоў Турчына, значна знізіцца адзіная тарыфная сетка. Зараз гэта 27 разрадаў, будзе 18. Каб дыферэнцыяцыя паміж разрадамі складала каля шасці працэнтаў. Сёння з-за падняцця заробкаў розных катэгорый работнікаў узровень дыферэнцыяцыі паміж разрадамі меншы за адзін працэнт. Стымулу рухацца ўгору па тарыфнай сетцы ўжо няма, адзначыў ён.
Першы віцэ-прэм'ер запэўніў, што кіраўнік дзяржавы даручыў змяняць парадак аплаты акуратна і выверана. "На працягу 2019 года мы правядзем падрыхтоўчы перыяд. Бюджэтнікаў у нас каля 850 тысяч, і ні водны чалавек не павінен быць пакрыўджаны. Мяркуем, што дзеянне ўказа наступіць з 1 студзеня 2020 года. Безумоўна, самае галоўнае, што гэта ні ў якім разе не павінна пагоршыць заробкі работнікаў. Чакаецца, што гэта хоць трошкі, але павысіць іх".
Адназначнае патрабаванне Прэзідэнта — ніякага пагаршэння, падкрэсліў Аляксандр Турчын.
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/volga-myadzvedzeva
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] http://zviazda.by/be/news/20181203/1543832439-alyaksandr-lukashenka-groshy-treby-lichyc
[4] https://zviazda.by/be/tags/urad
[5] https://zviazda.by/be/tags/zarplata
[6] https://zviazda.by/be/tags/zarabotnyya-platy-byudzhetnikau
[7] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-turchyn