У яе склад увайшлі студэнты чацвёртага курса факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Іван Лук'янаў, Дзяніс Кім і Аляксей Рак.
Права прадстаўляць свой універсітэт у фінале студэнты заваявалі ў паўфінале, які завяршыўся 2 снежня ў Санкт-Пецярбургу. Там яны заваявалі дыплом першай ступені і бронзавы медаль.
Беларусь у фінале Чэмпіянату свету па праграмаванні прадставіць таксама каманда Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі.
Усяго ў паўфінале спаборніцтваў прынялі ўдзел 318 універсітэцкіх каманд з адзінаццаці краін: Беларусі, Расіі, Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Казахстана, Кіргізіі, Латвіі, Літвы, Таджыкістана і Узбекістана. Беларускія ВНУ прадстаўлялі 5 каманд з БДУ, 4 каманды БДУІР і па адной камандзе ад Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна. Кожнай зборнай з трох чалавек падчас спаборніцтваў быў прадастаўлены адзін камп’ютар і 5 гадзін для вырашэння 13 задач на англійскай мове. Студэнтам неабходна было распрацаваць алгарытм, даказаць яго правільнасць і аптымальнасць, напісаць праграму на адной з моваў праграмавання і адправіць для праверкі ў аўтаматызаваную сістэму тэсціравання. Перамога прысуджалася камандзе, якая рашыла найбольшую колькасць задач за меншы час. Па ўмовах спаборніцтваў у фінал можа прайсці толькі адна каманда ад ВНУ. Але ў паўфінале на рахунку каманд БДУ былі яшчэ два дыплома 2-й ступені і два -- 3-й ступені.
Фінал Чэмпіянату свету па праграмаванні пройдзе ў горадзе Порту (Партугалія) у красавіку 2019 года. Гэта найбуйнейшыя міжнародныя спаборніцтвы сярод маладзёжнай эліты сусветнага праграмавання.
Беларускія каманды пачалі ўдзльнічаць у чэмпіянаце з 1995 года. За ўсю гісторыю ўдзелу скарбонку БДУ папоўніў адзін залаты медаль (2004 год, Чэхія), “бронза” (2008 год, Канада) і два “серабра” (2012 год, Польшча і 2013 год, Расія). Пры гэтым БДУ з'яўляецца пастаянным удзельнікам сусветнага фіналу: яго студэнты паспяхова праходзяць чвэрцьфінальныя і паўфінальныя спаборніцтвы, якія папярэднічаюць фіналу.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/bdu
[2] https://zviazda.by/be/tags/alimpiyada-pa-infarmatycy-i-veb-pragramavanni
[3] https://zviazda.by/be/tags/belaruski-dzyarzhauny-universitet