Учора на чарговым пасяджэнні пятай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання сенатары ўхвалілі змяненні і дапаўненні ў Лясны кодэкс.
У прыватнасці, прапануецца ўпарадкаваць выдзяленне ўчасткаў ляснога фонду для нарыхтоўкі драўніны на корані як фізічным, так і юрыдычным асобам пры правядзенні іншых высечак. «Зараз гэта досыць праблематычна ў сувязі з неабходнасцю ўнясення змяненняў у лесаўпарадкавальны праект, — растлумачыў журналістам першы намеснік міністра лясной гаспадаркі Валянцін ШАТРАЎКА. — Пасля змянення заканадаўства гэта будзе не патрэбна, рашэнне будзе прымацца юрыдычнай асобай, каб насельніцтва магло нарыхтоўваць сабе дровы ў лесе больш проста».
Першы намеснік міністра растлумачыў, што цяпер дзеля атрымання такога дазволу дастаткова будзе звярнуцца ў лясніцтва, і пытанне вырашыцца на працягу максімум двух дзён.
Таксама прапануюцца змяненні ў сувязі з адсутнасцю ў заканадаўстве азначэння «найважнейшыя інвестыцыйныя аб'екты». Гэта важна пры ажыцяўленні арэнды ляснога фонду дрэваперапрацоўчымі арганізацыямі. Прапануецца дэлегаваць Савету Міністраў права вызначаць крытэрыі выдзялення гэтых участкаў і дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы, якія маюць права атрымаць іх у арэнду. Гэта таксама ўпарадкуе сітуацыю, бо апошнім часам назіраецца пэўная дыспрапорцыя ў выдзяленні такіх участкаў, заўважыў Валянцін Шатраўка.
Акрамя таго, праект закона ўзмацняе адказнасць юрыдычных асоб, якім участкі ляснога фонду даюцца ў арэнду. «Справа ў тым, што юрыдычныя асобы не ўвесь аб'ём драўніны нарыхтоўваюць на гэтых участках, — растлумачыў першы намеснік міністра. — Прапануецца ўнесці таксавы кошт драўніны на корані за ўвесь аб'ём драўніны».
Яшчэ адна норма спрашчае для насельніцтва працэдуру доступу для нарыхтоўкі галін для выкарыстання ў рамесніцкай і прадпрымальніцкай дзейнасці.
- Закон уступіць у сілу праз тры месяцы пасля падпісання кіраўніком дзяржавы. Чакаецца, што гэта адбудзецца ў сярэдзіне сакавіка.
- Усяго на гэтым пасяджэнні сесіі члены Савета Рэспублікі разгледзелі восем законапраектаў, у тым ліку змяненні ў законы «Аб раслінным свеце», «Аб бяспецы генна-інжынернай дзейнасці», змяненні ў некаторыя законы па пытаннях прававой аховы тапалогій інтэгральных мікрасхем і шэраг ратыфікацый міжнародных дакументаў.
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/volga-myadzvedzeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/savet-respubliki