Пастаянна дзеючая камісія па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва Валожынскага райвыканкама працягвае сваю работу па працаўладкаванні працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы.
Нядаўна ў будынку Івянецкага пасялковага выканаўчага камітэта адбылося чарговае пасяджэнне камісіі, на якім прысутнічалі дванаццаць яе членаў і пяць кіраўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў, што размяшчаюцца на тэрыторыі пасёлка і Івянецкага сельсавета, паведамляе раённая газета Валожыншчыны «Працоўная слава».
Па дапамогу звярнуліся дзесяць чалавек. Чатыры адразу атрымалі накіраванне на працу дзякуючы таму, што з кіраўнікамі загадзя было вывучана пытанне па вакансіях, якія з'явяцца ў найбліжэйшы час. Яшчэ двое прэтэндэнтаў рабочыя месцы атрымаюць на працягу месяца. Астатнім была дадзена юрыдычная кансультацыя па працаўладкаванні ў рамках выканання Дэкрэта № 3.
Між іншым, інфармацыю аб працаўладкаванні можна атрымаць на сайце райвыканкама: httр://www.vоlоzhіn.gоv.bу. У раздзеле «Сацыяльная сфера» трэба выбраць «Сацыяльная абарона», далей — «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва». Тут жа можна даведацца аб наступных пасяджэннях пастаяннай камісіі. Дарэчы, яны праходзяць у будынку райвыканкама кожны другі і чацвёрты чацвер месяца з 15 да 17 гадзін.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/dekret-no3
[4] https://zviazda.by/be/tags/valozhynski-rayon