Нашы турыстычныя вандроўкі па Магілёўскай вобласці працягваюцца. І няхай скептычна ўсміхаюцца аматары далёкіх падарожжаў, якія аддаюць перавагу шырока разрэкламаваным маршрутам. Маўляў, ну што там можна ўбачыць у гэтай беларускай глыбінцы. Дзесьці яны маюць рацыю, сапраўды, часцей даводзіцца задавольвацца прыгожымі краявідамі і легендамі. Але ж яны таксама наша спадчына. Мы працягваем вывучаць айчынны турыстычны патэнцыял і ацэньваць яго даступнасць. Вось, напрыклад, у Глуск з Магілёва ніколі не абернешся за адзін дзень. Чамусьці для адзінага рэйса выбраны не самы зручны час — 15.30. У Глуск аўтобус прыбывае вечарам. Каму гэта цікава? Дакладна не турысту. Але мы не шукаем лёгкіх шляхоў. А сёмай гадзіне раніцы едзем у маршрутцы на Бабруйск, а адтуль у 9.20 накіроўваемся ў Глуск. А палове на адзінаццатую мы ўжо на месцы.
Дзякуй, Паліяна
На афіцыйным сайце гарадскога пасёлка ёсць каардынаты гасцініцы жылкамгаса. Канешне, умовы пражывання на аматара, але, калі няма іншых варыянтаў, што доўга думаць. У анкеце, якую мне далі запоўніць, трэба было пазначыць месца работы і пасаду. «А што, калі я звычайная турыстка?» — не пажадала я рассакрэчвацца. «Пішыце тады, што праездам», — закрыла тэму рэгістратар. Апартаменты каштавалі каля 11 рублёў. Гэта за пакой у блоку. «Выбірайце любы, — дазволілі мне. — Ключ у дзвярах». Дарэчы, люкс за 35 рублёў аказаўся заняты. Акрамя такіх, як я, вандроўніц, ёсць яшчэ і камандзіраваныя. Мне яшчэ пашчасціла, што іх было няшмат. Але, каб прыгоды былі не вельмі экстрэмальнымі, лепей браніруйце нумар загадзя.
Умовы пражывання, мякка кажучы, спартанскія. На блок толькі прыбіральня, гарачай вады няма наогул, а адзіны на ўвесь трохпавярховы будынак душ можна наведаць за асобную плату — 3,4 рубля за гадзіну. Мудрая дзяўчынка Паліяна пісьменніцы Элінор Портэр калісьці навучыла мяне радавацца дробязям. І я радавалася, што ў кране «гатэля» ёсць хоць халодная вада, што ў блок да мяне нікога не падсялілі, бо ў дзвярах двух асобных пакояў не было замкоў, а ў адным нават ручкі. Тэлевізара таксама не было, але ж не для гэтага я сюды ехала. Цяжэй было пераканаць сябе, што ў нумары не так холадна, як здаецца. Але я шчыра радавалася, што на вуліцы невялічкі мінус і што вінегрэт, які я купіла, каб павячэраць, да раніцы не сапсуецца нават без халадзільніка. Яго, як вы зразумелі, таксама не было. На жаль, гасцініцы на перыферыі — заўсёды балючае пытанне. І Глуск прапануе не самы дрэнны варыянт. Тутэйшым прадпрымальнікам у сферы аграэкатурызму варта было б узяць гэта на заметку.
Мясцовыя цікавосткі
Жыццёва-бытавыя выпрабаванні не сапсавалі агульнага ўражання ад Глуска. На вуліцах чыста, людзі ветлівыя, кавярняў хапае, ежа смачная і разнастайная. Мне, напрыклад, спадабалася рыба па-глуску і блінцы з тварагом. Ёсць месцы, дзе можна прыемна пасядзець разам з маленькімі дзецьмі. Для іх прадугледжаны асобны куточак.
Асабліва прыгожа каля парку, дзе захаваліся пабудовы XІX стагоддзя. Гарадскі пасёлак вельмі кампактны і зручны для турыста — па ім прыемна гуляць пешшу. Ёсць месцы і для заняткаў спортам. Нават пашкадавала, што не прыхапіла з сабой купальнік: сёлета тут пры гімназіі адкрыўся цалкам абноўлены басейн. Вечарам ён працуе для жыхароў і гасцей населенага пункта.
Мясцовыя жыхары лічаць, што акрамя музея ў іх болей няма чаго і глядзець. Але, маю думку, з гэтага месца ўсё толькі пачынаецца. Тут можна знайсці шмат падказак, куды рухацца далей. Яшчэ дома высветліла, што музей у Глуску далёка не адзін. Захаваннем спадчыны займаюцца тутэйшыя школы і гімназія. У апошняй, напрыклад, музеяў ажно два — ткацтва і хлеба. Ухіл робіцца на выхаваўчы працэс, але цікаўнай турыстцы не адмовілі ў іх наведванні. Наадварот, яшчэ і экскурсію правялі. У першым музеі ўразіла колькасць ручнікоў і строяў, побытавых рэчаў, якімі пры жаданні яшчэ можна карыстацца. Цікава было паглядзець на туфлі, падбітыя драўлянымі цвікамі. Доўга разглядала рукатворнае дрэва, якое пакінулі выпускнікі. На яго лісточках надпісы, хто кім жадаў стаць. Напрыклад, Пётр Тылец марыў быць настаўнікам інфарматыкі. Ён ім стаў і цяпер працуе ў гэтай жа гімназіі. «А як узнікла ідэя стварыць музей хлеба?» — цікаўлюся, калі мы разам з настаўніцай ідзём да яго. «Ну як жа? — здзіўляецца яна. — Трэба, каб дзеці ведалі, як шмат сіл у яго ўкладзена. Аднойчы стала крыўдна, што школьнікі хлеб у сталовай не даядаюць. Вырашылі расказаць, што ён не з паветра бярэцца». Я добра ведаю, наколькі цяжка здабываецца хлеб, але музей сапраўды цудоўны. Тут і вырабы з саломкі, і зробленая рукамі таленавітых настаўнікаў і вучняў сельскагаспадарчая тэхніка, і нават стылізаваны куточак жытла пачатку XX стагоддзя: з калыскай, дубовым куфрам, драўляным ложкам, печчу і жорнамі, на якіх яшчэ можна памалоць зерне.
Не расчараваў і музей школы № 2. Са сцен установы выйшла шмат таленавітых вучняў, якія сталі вядомымі мастакамі, артыстамі, музыкантамі, урачамі, навукоўцамі, спартсменамі. Пра іх з захапленнем расказвае дырэктар школы Алена Слічонак, якая шмат сіл прыклала для таго, каб праліць святло на невядомыя старонкі 95-гадовай гісторыі ўстановы. Дзякуючы ёй знойдзены фотаздымкі былых кіраўнікоў школы. А яшчэ тут захоўваецца калекцыя мастацкіх твораў таленавітага глускага мастака Івана Булгакава.
Скарбы глускай зямлі
Глуску праз два гады спаўняецца 660 гадоў. Але ён не выглядае такім старадаўнім — звычайны раённы цэнтр. Калісьці яго ўпрыгожваў замак, тут знаходзіўся манастыр бернардзінцаў, касцёл, культавыя будынкі, але на працягу стагоддзяў усе гэтыя славутасці знішчалі войны, пажары, людзі. Сярод уладальнікаў Глуска былі прадстаўнікі такіх вядомых магнацкіх родаў, як Сапегі, Радзівілы, але ніякіх звязаных з імі арыгінальных рэчаў, на жаль, не захавалася. Тым не менш вельмі цікава паслухаць, што пра гэтыя часы расказваюць супрацоўнікі музея. Невялікі куточак прысвечаны графу Бандынэлі, больш вядомаму пад імем Альгерд Абуховіч. Нарадзіўся Альгерд у глускай вёсачцы Калацічы, а пахаваны ў Слуцку. Са знакамітым італьянскім родам, прадстаўніком якога з'яўляецца скульптар і мастак XVІ стагоддзя Бачо Бандынэлі, беларускі пісьменнік, байкапісец і перакладчык звязаны па жаночай лініі.
У музеі шмат цікавых экспанатаў невядомага паходжання. Напрыклад, вялікае пасярэбранае люстэрка. Падчас вайны яго спрабавалі вывезці ў Германію немцы, але яно было настолькі грувасткае, што яны кінулі яго па дарозе. Адна глуская сям'я забрала каштоўную рэч сабе і толькі нядаўна перадала ў музей: не ўпісвалася ў сучасны інтэр'ер. А яшчэ музейныя работнікі з задавальненнем пацвердзяць версію, што карані Максіма Багдановіча хаваюцца ў тутэйшых краях. Раскажуць пра мясцовы халакост — Мыслачанскую гару, дзе ў вайну расстралялі некалькі тысяч яўрэяў. Кажуць, чарга з людзей, асуджаных на смерць, расцягнулася на некалькі кіламетраў.
Адна з захаваных славутасцяў Глускага раёна — драўляная царква XIX стагоддзя ў вёсцы Гарадок. Я, на жаль, не даехала да яе — не хапіла часу, але гэта недалёка ад Глуска і з транспартам ад аўтавакзала няма праблем. Затое наведала ў райцэнтры Богаяўленскую царкву, якая была пабудаваная замест старадаўняй. Праўда, зусім на іншым месцы. На падмурках былой царквы ўзвялі рэстаран «Пціч», які, дарэчы, нядаўна перарабілі ў яшчэ адну царкву. Мясцовыя кажуць, што людзі, якія спраўлялі там вяселлі, былі нешчаслівыя. Новая Богаяўленская царква знакамітая тым, што тут захоўваецца старая ікона, якую знайшоў на гарышчы дома і адрэстаўраваў мастак Іван Булгакаў. У інтэрнэце пішуць, што абраз цудадзейны. А яшчэ ў гэтым храме ёсць абраз Валянціны Мінскай, які міраточыць. Да яго прыходзіць шмат паломнікаў.
На замкавых развалінах
Дакладней — земляных валах. Бо ад замка, на жаль, нічога не засталося. Пакуль аглядала мясцовасць, а гэта якраз у гарадскім парку, пазнаёмілася з вельмі цікавымі жыхарамі пасёлка — Анатолем Зайцавым і Уладзімірам Чабаном. Апошні паведаміў, што калісьці быў старшынёй тутэйшага пасялковага Савета і шмат чаго зрабіў для захавання гістарычнай спадчыны. Ён з задавальненнем паказаў і расказаў, дзе знаходзяцца старажытныя падземныя хады, якія вядуць за раку Пціч і нават да самога Бабруйска. А да яго, хто не ведае, болей за 40 кіламетраў. Дарэчы, мясцовыя дагэтуль знаходзяць тут рэшткі рознакаляровай кафлі, якой былі ўпрыгожаны пакоі замка...
— А яшчэ тут быў цудоўны касцёл, крыжы якога бачылі ажно ў Бабруйску. У ім знаходзіўся арган, які па гучанні лічыўся адным з найлепшых у свеце. Касцёл узарвалі падчас вайны, калі вызвалялі Глуск. У ім немцы захоўвалі боепрыпасы, а нашы з гарматы стралялі ў іх ды трапілі ў будынак, і ён увесь разляцеўся, — расказаў сумную гісторыю былы старшыня.
Цэннік вандроўкі
Два дні знаходжання ў Глуску абышліся мне прыкладна ў 40 рублёў — гэта дарога (пяць рублёў да Бабруйска і тры да Глуска і столькі ж назад), пражыванне і харчаванне. Яшчэ рублёў 30 патраціла на сувеніры. Купіла прыгожую скарбонку вытворчасці тутэйшага Веснаўскага дома-інтэрната, дзе жывуць хворыя, але вельмі таленавітыя дзеці (пра іх я ўжо неаднойчы пісала), і сімпатычнае ўпрыгажэнне, зробленае рукамі мясцовай майстрыхі. Сувенірная лаўка працуе ў музеі, і гэтай установе вельмі патрэбна такая вось фінансавая падтрымка. Рабіць пакупкі тут прыемна яшчэ і таму, што супрацоўнікі за сімвалічную плату праводзяць вельмі добрыя экскурсіі. А знаёміцца са скарбамі роднага краю — сапраўднае задавальненне.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/magilyouskaya-voblasc
[4] https://zviazda.by/be/tags/glusk
[5] https://zviazda.by/be/tags/padarozhzha