Што праўда, то праўда: самае вялікае дасягненне «Звязды» — гэта яе чытачы. Ну, мяркуйце самі: неяк напрадвесні ў газеце кароткая нататка выйшла — пад загалоўкам «Хутка заб'юць фантаны». І што вы думаеце — тут жа ў пошце пытанні: а чым, уласна, заб'юць? Вадой?.. Нейкімі драўлянымі затычкамі? Ці наогул гарадскія ўлады возьмуць і, так бы мовіць, «заб'юць» на тыя фантаны — зоймуцца, напрыклад, дарогамі ці паркоўкамі...
І гэта — звярніце ўвагу — быў толькі загаловачак, тры слоўцы... Што ўжо казаць пра здымак, дзе столькі ўсяго?..
Подпіс трэба прыдумаць? Ды хоць сто штук!
Друкуем, як заўжды, найлепшыя. Такім чынам:
Да сябе фантан заве? —
Кроў дэсанцкая ў жылах!
Значыць, цётка — у ПДВ,
Хай на кухні, ды служыла!
Мяркуе так спадар Мікола Кісель з Мінска.
Падобныя думкі і ў спадарыні Іны Алісевіч з Уздзеншчыны.
Мы праверым на сабе
Завядзёнкі ПДВ.
І з найлепшае пачнём:
Ля фантана адпачнём...
Калі сэрца прагне свята,
Не бяда, што мелкаваты.
І сапраўды: галоўнае, што ён — забіў: вада — ёсць і ёй можна карыстацца, бо часам (паводле назіранняў спадарыні Соф'і Кусянковай з Рагачоўшчыны)
У вёсцы з крана
бруд бяжыць —
Ні памыцца, ні папіць,
Таму ў горад едзе Таня
Асвяжыцца ў фантане.
Далекавата? Але ж...
«Здымак нагадаў мне, як малым хадзіў у касцёл, — піша спадар Іван Сіманёнак з Паставаў. — Каб скараціць дарогу, мы з бабуляй Сабінай ішлі нацянькі — лесам, балотам, прычым басанож, а потым, на падыходзе, у возеры, абмывалі ногі, абувалі чаравікі».
Нешта падобнае ўбачыў чытач і на здымку: бабуля яўна вясковая, больш прывычная да іншага абутку. А тут (ці не патураючы гарадскому ўнуку?) прыбралася — на сваю галаву:
Зручныя гумовічкі,
Сельскія дарогі...
Па асфальце ў новенькім?
Мазалямі ногі!
Ды вада — жывая
(Што няўцям малому):
Ёй заўжды змывалі
Крыўду, боль і стому.
Што праўда, то праўда. Піша пра яе і спадарыня Любоў Чыгрынава з Мінска:
Забіралі з вёскі Дуню
І на сметнік яе чуні,
Следам боты ды сандалі...
Туфлі новыя прыдбалі.
Дуня ведае цяпер:
Замаленькі быў памер.
Ногі сцерла да крыві,
Хоць на свеце не жыві...
Таму знайце, гараджане:
Дуня... лечыцца ў фантане.
І, зазначым, не толькі целам. «Мая знаёмая расказвала, — прыгадвае спадар Валерый Гаўрыш з Чавусаў, — як некалі, за савецкім часам, трапіла ў Маскву на Усесаюзную выстаўку дасягненняў народнай гаспадаркі, як вырашыла абысці ўсе без выключэння павільёны. А іх жа там — без ліку, можна сказаць... Карацей, у другой палоўцы дня жанчына ледзь ногі перастаўляла. А побач — фантаны, вада бруіць... Вось яна і не стрымалася: туфлі скінула і, як гэта цётка са здымка, ногі ў ваду... Казала — быццам у родную вёску трапіла — каля сажалкі сядзіць, што ў канцы гарода...»
Зайздросны быў адпачынак! Ці не так? А ўжо які патрэбны, калі
Унук у цёткі — што ўраган:
Збіла за ім пяты:
Зараз ногі — што ў фантан,
Што ў ставок ля хаты.
А ўсё таму (згадзіцеся з Карынай Цанунінай, сямікласніцай СШ № 3 г. Вілейкі), што
Вада прывабіць у любым
узросце,
Яна — крыніца нашага жыцця.
Перад вачыма прыклад
самы просты:
Жанчына ля фантана і дзіця.
Малому пырскі падымаць
прыемна,
Бо так гуляюць дзеці
ўсёй зямлі,
Бабуля ж, каб не траціць час
дарэмна,
«Размочвае» ў фантане
мазалі.
А потым...
Што будзе (ці можа быць...) ведае спадарыня Іна Алісевіч:
У хлапца бабуля — супер!
Кажа ўсім: «Какие годы?»
Загарэўся б нават Купер
Апісаць яе прыгоды!
Вось і сёння ў паходзе:
Заапарк, атракцыёны...
Хто з іх першы скажа: «Годзе!»
Пажылая ці «зялёны»?
А найлепш бы — на думку спадарыні Чыгрынавай — разам, бо:
Сын з нявесткай —
шусь на мора,
А бабулі — страх і гора:
Зранку бегае ўгрунь,
Бо ўнук — што той уюн...
Але ж нешта во прыціх?
Таму зараз для дваіх
Адпачынак ля фантана
Лепей мора-акіяна!
Можна прыкінуць, чым (канкрэтна) ён лепшы: не трэба візы афармляць, далёка ляцець ці ехаць, грошы плаціць... І сапраўды — дзеля чаго, калі і тут (паводле спадарыні Валянціны Гудачковай з Жыткавічаў)
Ёсць фантан, хоць неглыбокі?
То ўратуемся ад спёкі:
Як сцямнее, у вадзіцы
Можна будзе й агаліцца!
Ну, сапраўды: не адным жа дэсантнікам? І сваім ню людзей прывабіць?.. Альбо распужаць?
А заадно, можа, і грошай сэканоміць, бо «тарыфы на ваду цяпер такія, — піша спадарыня Наталля Шкут са Светлагоршчыны, — што да фантанаў не толькі ногі, але хутка і бялізну пойдзем мыць...» Праўда, гэта — яшчэ не самае страшнае:
Калі не стане раптам газу,
Распалім вогнішча адразу.
Калі вады не будзе ў кране,
Памыем ногі ў фантане.
Калі ж святла, крый бог,
не будзе,
Павыміраюць, мусіць, людзі,
Счарнее, згіне белы свет,
Бо не ўключыш... інтэрнэт.
Без яго, і сапраўды, як без рук. Ці без грошай... Адзін хлопчык, казалі, кінуў манетку ў фантан: прыкмета ёсць — каб вярнуцца... І ён вярнуўся, бо... не хапіла грошай на аўтобус.
На што не хапіла жанчыне?
Хтосьці можа сказаць, што ім заўжды не хапае... У спадара Віктара Сабалеўскага з Узды свой погляд:
Галя — не злачынца,
Галя — не зладзейка.
Маці навучыла
Берагчы капейку.
Тут жа тых капеек
Столькі накідалі...
Хопіць павячэраць —
І не раз — для Галі!
Яна — незамужняя, трэба разумець, сама за вячэры плаціць, можа, нават аб'явы часам дае накшталт: «Выйду замуж. Ем мала, гавару ціха, галава не баліць»... І потым чакае званкоў. А трэба (на думку спадара Івана Астроўскага з Мінска), як вось гэтая Галя (са здымка) дзейнічаць:
Для жанчын незакаханых
Я параду даць гатоў:
Мыйце ногі ў фантанах,
Каб прывабіць жаніхоў.
Гэта стане ім падмогай,
Бо мужчын цікавяць ногі.
Хтосьці «клюне», і тады...
Ёсць... падпісчык у «Звязды»!
А чаму б і не, калі знаёмства адбылося менавіта з яе «падачы», калі адшукалася палавінка (хто казаў, што людзі, як шкарпэткі: усе падобныя, а пару — не знайсці?), калі стварылася ўсё ж сям'я...
Спадар Валерый Гаўрыш убачыў на здымку якраз яе — і ў поўным складзе, можна сказаць: на заднім плане на лавачцы сядзіць зяць, на пярэднім — яго сын і цешча, прычым немаладая ўжо:
Везла сумкі, як падняць?
Сустракаў з вагона зяць.
Дома ванну рыхтаваў
Торцік з чаем падаваў...
Дзе падзеўся той імпэт,
Як пры ёй пусты пакет?
Знік, трэба разумець, бо...
Любіць зяць узяць — чым больш, тым лепш і нашармачка. Хоць бываюць і адхіленні. Той жа спадар Гаўрыш паміж вось гэткім зяцем і цешчай размову падслухаў:
— Ой ты ж, мамачка мая,
Мыў бы ногі табе я,
Каб даведаўся, калі
Ты мне справіш «жыгулі»!
— Даражэнечкі мой зяць,
Дзе ж на іх мне грошы
ўзяць?
Сам старайся —
зарабляй
І хоць «лексусы» купляй!
Можа, і прыслухаецца чалавек да гэтай парады, а можа...
У пошце два варыянты развіцця падзей. Паводле спадарыні Любові Чыгрынавай:
Бізнесоўцы — каста новая
І пыхліва-ганаровая...
Каб уцерці іншым нос,
Палятуць на Барбадос.
Не навіна і не дзіва
Ім Канары ды Мальдзівы...
А бяднейшым — ля фантана
І Багамы, і Сантана...
А тым больш што...
Лірычнае адступленне — ад спадара Астроўскага:
Беларусь — цудоўны край,
Тут працуй, адпачывай...
Шмат азёраў, шмат фантанаў,
Лесу, красак на лугу...
Ды народ як апантаны:
Хто ў Крым, хто на Балканы...
Я ж — нікуды не магу,
Бо да сотак прывязаны,
Як Барбос на ланцугу.
І не мару жыць іначай,
Бо мілей за ўсё мне... дача!
Калі ёсць яна... Бо можа ж і не быць, мяркуе спадар Сабалеўскі:
У вадзе жанчына
Нештачка шукае:
«Дзе ж ты мая,
дзе ты,
Рыбка залатая?!
Для сябе палацы
Я прасіць не буду.
Муж не мае працы,
Дай яму хоць вуду...»
І яшчэ адна просьба-мара — ад спадарыні Гудачковай:
У фантан слязу раняю —
Успамінаю мілага:
Пяты дзень не прасыхае,
Аж жыццё нямілае!
...Такім чынам і з дапамогай спадарыні Ніны Бурко з Бярэзіншчыны «падбіваем бабкі»:
Не зайздросціць аніхто
Сённяшняй жанчыне:
Толькі і ведай, што рабі,
Як тая рабыня...
Праменад ды манікюр
Многім толькі сніцца.
Ім даступна перш за ўсё
Чыстая вадзіца.
Менавіта ў ёй і ёсць паратунак: калі што якое — збрыдзее безграшоўе, цяжкая праца, дзеткі-ўнукі, пітушчы муж ды інш. — можна будзе (з падачы спадарыні Гудачковай) «забіць» на ўсё, сказаць:
Ну й дастаў мяне абутак!
Ногі сталі — нібы скрутак...
Акуну іх у ваду,
Далей босая пайду!
І дай бог далёка!..
Завяршыць жа сённяшні агляд хочацца кранальнымі радкамі, якія напісаў да здымка спадар Мікалай Старых з Гомеля:
Маруся малую радзіму
ўзгадала,
Дзе басанож па мураўцы
гуляла,
Успомніла поле, лугі і дубровы,
Яблыкаў спеленькіх колер
барвовы.
І так захацелася на беражочку
Ў ціхай рачулцы памыць
свае ножкі...
Да роднага дома шлях доўгі
ляжыць.
А ногі ў фантане можна
абмыць.
Аніхто ў Маскве не прычапіўся з-за гэтага да нашай зямлячкі, не прычэпіцца, дасць бог, і дома, бо недурны нехта прызнаў, што, каб заўсёды быць маладым, трэба як мага часцей глядзець на зялёную траву, на бягучую ваду і прыгожых жанчын, пажадана — у натуры, за межамі гарадоў.
Таму ж, хто не мае гэткай магчымасці, дарэчы будуць фантаны і паркі ці нават... старонкі «Звязды», дзе з падачы нашых фотакарэспандэнтаў б'юць крыніцы, цвітуць кветкі, працуюць, гадуюць дзетак мясцовыя харашухі.
Пра іх — і досыць часта — нашы чытачы складаюць вершы.
Вось і мінулы раз (гл. артыкул «Мужчыны ў нас — на пералік, вось і шануем іх без меры...» «Звязда» ад 5 верасня г. г.) чаго толькі не прыдумалі! Цяжка выбраць найлепшае! Але...
Вялікае чытацкае журы прызнала такім радкі спадароў Валерыя Гаўрыша з Чавусаў, Віктара Сабалеўскага з Узды, Міколы Кісяля з Мінска, спадарынь Іны Алісевіч з Уздзеншчыны, Валянціны Гудачковай з Жыткавічаў, Соф'і Кусянковай з Рагачоўшчыны і Любові Чыгрынавай з Мінска.
З гэтым вось апошнім меркаваннем пагадзілася і маленькае рэдакцыйнае журы. А значыць, прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам газету «Звязда» на першы квартал 2019 года застаецца ў сталіцы.
Вы таксама хацелі б, каб пяць разоў на тыдзень да вас прыходзіла найстарэйшая, адзіная са штодзённых беларускамоўная і родная на роднай мове?.. Тады ўважліва глядзіце на ніжні здымак, прыдумвайце подпіс, можна некалькі, але дасціпных, прыгожых, кароткіх (не больш за 8 радкоў), і дасылайце ў рэдакцыю. Шанц на выйгрыш ёсць у кожнага! Поспехаў!
Валянціна ДОЎНАР
Фота Анатоля КЛЕШЧУКА
Ад іх жа шчырыя прабачэнні ўсім, чые радкі не прайшлі строгага конкурснага адбору — на гэты раз, а ўжо наступным...
Пішыце: свет захаваўся таму, што смяяўся. І думаў.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyancina-dounar
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/hto-kago-0
[4] https://zviazda.by/be/hto-kago