З новым генеральным дырэктарам Цэнтра культуры "Віцебск" (а па традыцыі на той, хто займае гэтую пасаду ўзначальвае фэст "Славянскі базар у Віцебску") карэспандэнт "Звязды" пагутарыў на 13 дзень яго працы. Сустрэліся з Глебам Лапіцкім 13 лістапада. Але ж у адмоўны ўплыў "нешчаслівых" лічбаў ён не верыць. Цікава, дарэчы, што нарадзіўся мой суразмоўнік 29 лютага і да гэтага таксама ставіцца з гумарам.
"Звязда" стала першай газетай, якой ён даў інтэрв'ю.
Пуцёўка ў жыццё
Глеб Аляксандравіч нарадзіўся ў 1988 годзе ў Віцебску. Бацька — будаўнік, маці — прадавец. Сёлета яму споўнілася 30 гадоў. Гарадскі чалавек, як ні дзіўна, атрымаў нядрэннае ўяўленне пра сельскае жыццё. А ўсё таму што яго бабуля працавала брыгадзірам на ферме ў Шумілінскім раёне. І малы не проста сачыў, а дапамагаў даглядаць статак. Менавіта гэтым тлумачыць тое, што пасля школы вырашыў пайсці вучыцца на ветэрынара.
Пры гэтым ён з 13 гадоў пачаў займацца вакалам у гуртку. Раней такія існавалі па месцы жыхарства гараджан і функцыянавалі пры падтрымцы ЖКГ.
— Там пазнаёміўся з салісткай Віцебскай абласной філармоніі Галінай Калінінай і кіраўніцай рэжысёрска-пастановачнай часткі гэтай жа ўстановы Святланай Кастэнкай. Лічу, што менавіта гэтыя таленавітыя жанчыны далі "пуцёўку" ў творчае жыццё. За што я ім вельмі ўдзячны, — кажа Глеб Лапіцкі.
Выкладаў, забаўляў, вучыўся
У свой час падлетак паспяхова выступаў на розных сцэнах. А першае афіцыйнае творчае дасягненне ў 22 гады — прыз Уладзіміра Мулявіна, які ён атрымаў на конкурсе маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі "Маладзечна-2009". Ганарыцца, што маэстра Міхаіл Фінберг уручыў тады ўзнагароду.
Малады спявак, які вучыўся на ветэрынара, неаднойчы быў прызёрам міжнародных конкурсаў.
Успамінае, што кіраўніцтва Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны з разуменнем ставілася да таго, што студэнт часта выступаў.
— Наогул, яшчэ пры былым рэктары Антоне Іванавічу Ятусевічу студэнцкія ініцыятывы вельмі віталіся, — удакладніў. — Радуе, што і сучаснае кіраўніцтва працягвае гэтую традыцыю.
Напрыклад, суразмоўнік быў адным з арганізатараў міжнароднага студэнцкага танцавальнага фестывалю "Зрабі крок наперад", а таксама — "Студэнцкая аграрная вясна".
Глеб Лапіцкі пасля сканчэння ВНУ стаў аспірантам. Выкладаў тэрапію і паралельна быў мастацкім кіраўніком у Доме культуры акадэміі. Пры гэтым паспяваў завочна вучыцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў на рэжысёра масавых свят.
Дарэчы, студэнцкі праект стаў перадумовай з'яўлення рэспубліканскага форуму, калі Глеб Аляксандравіч у 2015—2018 гадах працаваў начальнікам галоўнага ўпраўлення па культуры і грамадскай рабоце апарату Савета Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
Службовы творчы раман
З будучай жонкай Хрысцінай пазнаёміўся ў віцебскім ДК чыгуначнікаў.
— Так, службовы раман, толькі яна не была маёй начальніцай, — усміхаецца суразмоўнік.
Прыгажуня скончыла віцебскае вучылішча імя І. І. Салярцінскага (потым атрымала вышэйшую музыкальную адукацыю ў філіяле Гнесінкі ў Смаленску). Грала на домры ў аркестры згаданай вышэй установы культуры. А Глеб стаў вакалістам гэтага калектыву. Разам адправіліся на гастролі, і, як кажуць, закруціўся раман.
— І вось дзесяць гадоў ездзім разам, — пажартаваў дырэктар.
Цікава, што Глеб і Хрысціна працавалі ў Віцебскай абласной філармоніі. Толькі ён пазней. Жанчына выступала ў складзе актэта балалаек "Віцебскія віртуозы". Гэты ўнікальны калектыў быў створаны ў 1973-м. Выключна дамы граюць на ўсіх васьмі існуючых балалайках: ад самай маленькай — пікала, да вялікай... І даволі хутка віртуозаў назвалі адной з візітных картак культурнага жыцця Віцебска.
Між іншым, сучаснай аўдыторыі таленты сталі вядомыя таму, што выйгралі права трапіць у новы творчы сезон расійскага тэлепраекта "Ліга дзіўных людзей".
У мужа і жонкі два сыны. Старэйшаму Яраславу 9 гадоў, ён да вяртання ў Віцебск, калі жылі ў Мінску, займаўся ў танцавальным гуртку. Малодшаму — Арцёму — няма яшчэ двух гадоў — таксама спрабуе спяваць.
— І лічыць, што чым гучней, тым лепш, — кажа са смехам Глеб Аляксандравіч.
Актыўная прафсаюзная культура
Глеб Аляксандравіч падчас працы ў Мінску ў добрым сэнсе слова як чыноўнік даказаў, што адміністратар можа быць творчым ва ўсім.
Ён курыраваў праект "7 таямніц Беларусі" ў ДК прафсаюзаў, які сумесна ладзілі ФПБ і ўніверсітэт культуры. Мэта — расказаць пра Беларусь і яе жыхароў: пра традыцыі, тое, чым мы ганарымся і вядомыя ў свеце. У праекце ішла гаворка пра замкі, гасціннасць, дэманстравалі "візітную картку" краіны. Праект "Новыя імёны Беларусі", міжнародны форум "Тэмп" — доказ таго, што пры таленавітым падыходзе можна, на першы погляд, "вузкія" тэматычныя акцыі прафсаюзаў зрабіць запатрабаванымі людзьмі розных узростаў і захапленняў.
А яшчэ Лапіцкі вядомы як вядучы праграмы тэлеканала нацыянальнага тэлебачання "Народная раніца". У эфіры спрабаваў сябе ў розных прафесіях.
Што датычыцца вакалу (а спявае ён песні розных жанраў), то са сцэнай не развітваўся, а працягваў выступаць.
Жартуе, што, калі прапануюць — выступіць і на "Славянскім базары". Але ён упэўнены, што адміністратарам у творчасці быць складаней, чым, напрыклад, на вытворчасці. І цікавей! Як і вучыцца. На сённяшні дзень ён навучаецца ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці "дзяржаўнае кіраванне".
Ці прыедзе Пугачова?
Мы гутарылі незадоўга да афіцыйнага пачатку міжнароднага фэсту сучаснай харэаграфіі. Ён пройдзе з 20 па 25 лістапада 31-ы раз! А "Славянскаму базару" толькі 28 гадоў. Дырэктар называе танцавальны фэст брыльянтам у кароне культурных падзей не толькі Віцебска, але і былога СССР. Расказаў, што тэлефануюць з розных гарадоў, каб набыць білеты. Напрыклад, на выступленне калектыву вядомага акцёра Сяргея Бязрукава, Яўгена Панфілава і іншых.
Дарэчы, што датычыцца канкрэтнай даты яго правядзення налета, то пакуль рана казаць пра тэрміны. Але, напэўна, традыцыя праводзіць у ліпені не будзе парушаная. Новы кіраўнік лічыць, што кардынальна мяняць нічога не трэба. Бо самае каштоўнае ў праграме напрацавана гадамі. Але трэба больш гучна заявіць пра тэматычныя пляцоўкі. Напрыклад, чалавек любіць джаз. І ён павінен ведаць, што ў канкрэтным месцы ў фестывальныя дні будзе гучаць гэтая чароўная музыка.
Не адмаўляюцца ў дырэкцыі і ад цыркавой праграмы.
Глеб Лапіцкі паабяцаў, што на фэсце ў 2019-м будуць сюрпрызы для тых, хто хоча прыйсці нешта паглядзець усёй сям'ёй.
Што датычыцца "зорак", кандыдаты на выступленне на "базары" пакуль не афішуюцца. На мой жарт:"Можа, Пугачова прыедзе, усё-такі ў яе юбілей", — сказаў, што адпаведнай заяўкі не было. Але, канешне, прымадонну заўсёды рады бачыць у Віцебску.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/muzyka
[4] https://zviazda.by/be/tags/slavyanski-bazar-u-vicebsku
[5] https://zviazda.by/be/tags/gleb-lapicki