У аператыўна-дзяжурную службу Першамайскага РУУС г. Мінска паступіла заява аб прапажы грошай у жыхаркі раёна.
Міліцыянеры ўстанавілі падазраванага ў крадзяжы — 47-гадовага непрацуючага мінчаніна, які раней быў судзімы за няплату аліментаў. Мужчына перыядычна пражываў у кватэры пацярпелай. Напярэдадні свайго ад’езу па справах яна пакінула фігуранту ключы ад жылля і папрасіла даглядаць кветкі. Падазраваны спраўна паліваў расліны, пакуль у адзін з дзён не знайшоў у кватэры грошы. І вырашыў выпрабаваць фартуну — паехаў гуляць у казіно. Частку грошай ён прайграў адразу, а за астатнімі вярнуўся пасля гэтай сваёй няўдачы. Аднак адыграцца не атрымалася і агулам на азартныя гульні мужчына патраціў чатыры тысячы долараў і дзве тысячы еўра, паведамілі ў Першамайскім РУУС г. Мінска.
Заведзена крымінальная справа за крадзеж. Фігурант можа пазбавіцца волі на тэрмін ад двух да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі.
Сяргей РАСОЛЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/kazino
[2] https://zviazda.by/be/tags/proygrysh
[3] https://zviazda.by/be/tags/kradzezh
[4] https://zviazda.by/be/tags/groshy