Па ініцыятыве Хойніцкага ТЦСАН у мясцовым Доме культуры прайшоў VІ рэгіянальны фестываль дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Чароўны свет фантазіі» з удзелам маладых інвалідаў, паведамляе газета «Хойніцкія навіны».
Гэтым разам канкурсантам прапанавалі прыдумаць дэкарацыі і касцюмы з поліэтылену для свайго выступлення. Кожная каманда пастаралася на славу. У спіс удзельнікаў увайшлі восем раёнаў: Калінкавіцкі, Лельчыцкі, Лоеўскі, Нараўлянскі, Петрыкаўскі, Рэчыцкі, Мазырскі і Хойніцкі.
Асноўная тэма фестывалю — «У гасцях у казкі». Моладзь дэманстравала фрагменты пастановак па матывах казак «Лятучы карабель», «Курачка Раба», басні «Страказа і мураш» і яшчэ некалькіх добра знаёмых мультфільмаў і дзіцячых песень.
Самым хвалюючым момантам свята стала цырымонія ўзнагароджання. Усе каманды атрымалі заслужаныя Падзякі ад арганізатараў за ўдзел. У намінацыі «Тэатральнае мастацтва» трэцяе месца заняў Петрыкаўскі ТЦСАН, другое — Хойніцкі, а пераможцамі сталі акцёры з Рэчыцкага ТЦСАН, якія цудоўна выступілі з урыўкам «Капрызная прынцэса».
У намінацыі «Эстэтычнае афармленне касцюмаў і дэкарацый» на трэцім месцы апынуліся майстры Лельчыцкага ТЦСАН, другое занялі прадстаўнікі Лоеўскага цэнтра, а перамогу святкавалі хайнічане. Іх неверагодная дэкарацыя для пастаноўкі «Беласнежка і сем гномаў» заслужана атрымала прыхільнасць журы і захапленне гледачоў.
За перамогу ў намінацыі «Тэатральнае майстэрства і ўменне працаваць у вобразе» ўзнагародзілі маладых артыстаў Мазырскага ТЦСАН. Прыз жа сімпатый гледачоў атрымала каманда з Калінкавіч.
У фінале свята ўсе яго ўдзельнікі праспявалі разам гімн фестывалю з абяцаннем сустрэцца тут налета.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne
[4] https://zviazda.by/be/tags/smecce
[5] https://zviazda.by/be/tags/hoyniki