Адпаведнае пагадненне падпісана падчас сустрэчы Савета кіраўнікоў урадаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Дакумент значна спросціць працэдуру ўзаемадапамогі і скароціць час рэакцыі на магчымыя інцыдэнты, звязаныя з выкарыстаннем атамнай энергіі ў мірных мэтах.
Прадстаўнікоў на ўзроўні прэм'ераў, віцэ-прэм'ераў накіравалі ў Астану ўсе краіны — члены СНД, акрамя Украіны.
Развіццё высокатэхналагічнай вытворчасці ў энергетычнай сферы і супрацоўніцтва ў гэтым кірунку стала адной з асноўных тэм пасяджэння. Згаданая галіна найбольш плённая для краін Садружнасці. Стварэнне энергетычнага абсталявання дасць штуршок для мадэрнізацыі вытворчасці, павышэння навуковага патэнцыялу і забяспечыць новымі рабочымі месцамі.
Усяго на парадку дня было 13 пытанняў, сярод якіх узаемадзеянне па прафілактыцы ачагоў хвароб і шкоднікаў лесу на прыгранічных тэрыторыях, сумесная дзейнасць у галіне даследавання космасу, абмен электроннай інфармацыяй для ажыццяўлення падатковага адміністравання.
Асаблівы блок — фінансавыя дакументы. Напрыклад, вызначаны парадак фінансавання мерапрыемстваў па падтрымцы якасці жыцця ветэранаў войнаў. Падпісаны дакументы аб асігнаваннях на стварэнне і развіццё аб'яднанай сістэмы проціпаветранай абароны дзяржаў.
Акрамя таго, удзельнікі пасяджэння зацвердзілі план прыярытэтных мерапрыемстваў у сферы гуманітарнага супрацоўніцтва на 2019—2020 гады, большасць якіх будуць прысвечаны святкаванню 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Марыя ДАДАЛКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/maryya-dadalka
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/tags/snd