Квіткі па безбагажных тарыфах у авіякампаніі "Белавія" могуць з'явіцца на працягу паўгода, паведаміў міністр транспарту і камунікацый Анатоль Сівак, піша БЕЛТА [1].
"Канкрэтных тэрмінаў назваць не магу, але думаю, што не больш за паўгода. Бо унесці змены ў закон - гэта не змяніць, да прыкладу, пастанову Мінтранса, якую можна прыняць на працягу двух тыдняў", - сказаў міністр. Ён растлумачыў, што перашкодай для ўводу такіх квіткоў цяпер з'яўляецца адсутнасць адпаведнага заканадаўства, у сувязі з чым Міністэрства транспарту і камунікацый ініцыюе ўнясенне зменаў.
Па словах кіраўніка Мінтранса, ва ўрадзе ёсць агульная згода аб увядзенні безбагажных квіткоў. "Мы плануем, што на кожным рэйсе ў продажы будуць квіткі па, скажам так, "смешнай" цане". Сёння юрыдычна такія квіткі "Белавія" прадаваць не можа", - дадаў Анатоль Сівак.
Мінтранс плануе ўнесці заканадаўчыя ініцыятывы на працягу месяца. Пасля іх прыняцця перавозчык зможа сам вызначыць тэрміны ўкаранення безбагажных квіткоў.
Спасылкі
[1] http://www.belta.by/society/view/bezbagazhnye-bilety-na-rejsy-belavia-mogut-pojavitsja-v-techenie-polugoda-322701-2018/
[2] https://zviazda.by/be/tags/bagazh
[3] https://zviazda.by/be/tags/belaviya-1
[4] https://zviazda.by/be/tags/anatol-sivak