Цёплы антыцыклон, які падарыў нам сонечнае надвор'е, адступае на тэрыторыю Паволжа. А ў апошні дзень працоўнага тыдня да нас у краіну пачне паступаць больш халоднае паветра паўночных шырот. У гэтыя выхадныя дні дажджоў будзе няшмат, але тэмпературны фон істотна панізіцца, паведамілі спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
У суботу будзе пераважна без ападкаў, толькі раніцай і ўдзень у некаторых раёнах па паўднёвым захадзе магчымы невялікія дажджы. Уначы і раніцай у некаторых раёнах слабы туман. Тэмпература паветра ўначы чакаецца ад 1 да 8 градусаў цяпла, па поўначы магчымы замаразкі да мінус 3 градусаў. Удзень прагназуецца ад плюс 7 да плюс 13 градусаў, па поўдні — да 15 цяпла. У нядзелю будзе пераважна без ападкаў, толькі ў некаторых раёнах па паўднёвым захадзе краіны магчымы невялікія дажджы. Уначы і раніцай у асобных раёнах слабы туман. Тэмпература паветра ўначы 1—6 цяпла, месцамі, пераважна па паўночным усходзе краіны, замаразкі да нуля — мінус 3 градусаў. Днём будзе ад плюс 6 да плюс 12 градусаў.
Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у панядзелак уначы будзе без ападкаў. А днём атмасферны фронт, які перамяшчаецца з паўночнага захаду Еўропы, абумовіць па паўночным захадзе краіны кароткачасовыя дажджы. Уначы і раніцай месцамі туман. Уначы на большай частцы тэрыторыі чакаюцца замаразкі да нуля — мінус 4, у некаторых раёнах мінімальная тэмпература паветра не апусціцца ніжэй 1—4 цяпла. Удзень прагназуецца ад плюс 6 да плюс 13 градусаў.
Сяргей КУРКАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/nadvore