Учора ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск» прадстаўнікі праваахоўных органаў Злучаных Штатаў Амерыкі перадалі прадстаўнікам Следчага камітэта Беларусі затрыманага і дэпартаванага з ЗША 21-гадовага жыхара Гродна, які амаль два гады хаваўся ад крымінальнага пераследу, паведамляе [1] прэс-служба беларускага ведамства.
Дэпартаваны беларус у чэрвені 2015 года быў асуджаны судом Кастрычніцкага раёна Гродна за незаконны абарот псіхатропных рэчываў (арт. 328 Крымінальнага кодэкса Беларусі). У перыяд адбыцця пакарання ён здзейсніў новыя злачынствы.
"У прыватнасці, 27 мая 2016 года ён набыў праз інтэрнэт асабліва небяспечнае псіхатропнае рэчыва, з якім і быў затрыманы на наступны дзень у Гродне супрацоўнікамі органаў унутраных спраў. У перыяд расследавання падазраваны схаваўся ад крымінальнага пераследу, у сувязі з чым яму было завочна выстаўлена абвінавачванне ў здзяйсненні двух злачынстваў - незаконным абароце псіхатропных рэчываў (арт. 328 КК Беларусі) і ўхіленні ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі (арт. 415 КК Беларусі).
У якасці меры стрымання было абрана заключэнне пад варту і ўнесена пастанова аб абвяшчэнні вышуку, у тым ліку міжнароднага па лініі Інтэрпола", - адзначылі ў Следчым камітэце.
Спасылкі
[1] https://sk.gov.by/ru/news-ru/view/soedinennye-shtaty-ameriki-deportirovali-v-belarus-skryvavshegosja-ot-ugolovnogo-presledovanija-obvinjaemogo-6920/
[2] https://zviazda.by/be/tags/sledchy-kamitet-respubliki-belarus
[3] https://zviazda.by/be/tags/departacyya