Раніца бадзёрага настрою
Ужо на гэтым тыдні тэлеканал АНТ прапанаваў гледачам абноўленую праграму «Наша раніца», якая істотна змяніла афармленне і канцэпцыю.
«Цяпер гэта не «тэлечасопіс», а інфармацыйна-забаўляльна-пазнавальны канал», — гавораць у праграмнай дырэкцыі АНТ. «Наша раніца» да таго ж здымаецца ў цалкам новай студыі «100 метраў», якая абсталяваная найсучаснай тэхнікай, уключаючы плазменны смарт-экран і камеры з магчымасцю здымак пад ультрашырокім вуглом, якія дазваляюць стварыць эфект прысутнасці гледача непасрэдна ў студыі.
У адфарматаванай праграме часткова захаваецца звыклы набор сюжэтаў і тэм, але таксама з'явіцца шэраг свежых інфармацыйна-забаўляльных рубрык. Таксама ў ранішнім эфіры ўжо змяніліся пары вядучых, першы стартаваў тандэм Аляксандра Сярэбранікава і Таццяны Рудакоўскай.
Замалёўкі на тэму радзімы
Творчая група тэлеканала АНТ пачала работу над чарговай серыяй сацыяльнага праекта «Беларусь. Малая радзіма».
Міжпраграмныя ролікі, прысвечаныя традыцыям, вытокам, выдатным землякам, захаванню памяці і духоўнай сувязі паміж рознымі пакаленнямі, з'явіліся ў эфіры яшчэ ў пачатку года і знайшлі сваю ўдзячную аўдыторыю як у эфіры, так і ў інтэрнэце, а таксама атрымалі прызнанне прафесіяналаў на міжнародным фестывалі рэкламы «Белы квадрат».
Усяго ў серыі іх будзе сем, і фінальны акорд, у якім будуць і драма, і хэпі-энд, і радзіма, і суайчыннікі, аўтары абяцаюць зрабіць асабліва яркім і запамінальным: «Гэтага яшчэ не было на беларускім тэлебачанні». І запэўніваюць, што тэма малой радзімы працягнецца ў новых праектах, і не толькі ў 2018 годзе.
Вікторыя ЗАХАРАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/viktoryya-zaharava
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/teletydzen
[4] https://zviazda.by/be/tags/teletydzen