Поля:
— У маёй сяброўкі з класа Ніны якраз такія ж боты, як у мяне.
— А вы іх у гардэробе не блытаеце?
— Іх нельга зблытаць.
— Чаму?
— Бо ў Ніны боты заўсёды чыстыя і прыгожыя, а ў мяне брудныя.
Усё правільна: лепш няхай будуць брудныя, але аднолькавыя, чым чыстыя і розныя.
* * *
Прывёз дзяцей у школу. На ўваходзе стаіць завуч. Перад намі ідзе хлопчык, прыкладна клас пяты-шосты. Заходзіць у школу і кажа завучу:
— Добры дзень!
Завуч строга:
— Трэба было са мной у тралейбусе вітацца.
— Я вас не заўважыў у тралейбусе.
— Трэба заўважаць.
Мая парада пацану на будучыню: хадзіць у школу пешкі. А калі сядаеш у тралейбус, заходзячы гучна пытаць:
— Завуч дваццатай гімназіі ёсць?
— Ёсць.
— ДОБРЫ ДЗЕНЬ!
* * *
Сын:
— Тата, можаш мне паставіць свой любімы гурт?
— Які?
— Ну, памятаеш, ты неяк мне ўжо ставіў: наш, беларускі. «Болцік-Вінцік» ці нешта падобнае.
Пакуль я глядзеў на яго круглымі вачыма, жонка пераклала:
— Гэта ён, відаць, «Нейра Дзюбель» мае на ўвазе.
P. S. Сказаў яму, што, пакуль ён не вывучыць правільную назву гурта і не растлумачыць мне, што яна значыць, будзе слухаць выключна «Болцік-Вінцік».
* * *
Размова двайнятак.
Вера:
— Напэўна, вельмі страшна працаваць сцюардэсай...
Поля:
— А што там страшнага? Два разы прайшоў па самалёце, а астатні час сядзіш прышпіленая.
Вера абурана:
— Поля, якая розніца, калі самалёт упадзе?!
Думаў, спрэчка скончана на карысць Веры, але дзе там.
Поля:
— Тады навошта, па-твойму, у самалёце прышпільваюцца?
Вера не знайшла, што адказаць, і давялося ўжо мне растлумачыць, што падаць прыемней прышпіленым.
P. S. Хоць, вядома, я магу памыляцца.
* * *
Сын:
— Тата, уяўляеш: у Майкла Джордана дом 17 тысяч квадратных метраў, у ім 15 ванных! Каштуе 29 мільёнаў долараў.
— Нядрэнна. А давай падлічым, колькі гэта ў маштабах Каменнай Горкі. Колькі ў нашым доме кватэр?
— Ну, можа, кватэр дзвесце.
— Кожная каштуе ў сярэднім тысяч 70. Значыць увесь наш дом каштуе...
— 14 мільёнаў.
— Значыць, дом Майкла Джордана каштуе прыкладна як два дамы ў Каменнай Горцы. Па-мойму, нічога асаблівага.
Сын неяк адразу страціў цікавасць да маёмасці Майкла Джордана, а я падумаў, што калі мераць багацце заходніх «зорак» дамамі ў Каменнай Горцы ці Шабанах, то ў нейкі момант пачынаеш іх нават шкадаваць.
* * *
Кажу двайняткам:
— Ну што, у вас ужо любімыя ўрокі з'явіліся?
Поля:
— Так, у мяне фізкультура!
Вера:
— А ў мяне англійская мова!
Я:
— О, малайчына, Вера. А чым табе так падабаецца англійская?
— Проста на англійскай нам дазваляюць колькі хочаш разоў выходзіць у прыбіральню.
Як усё-ткі важна прывіць любоў да замежных моў з самых ранніх гадоў...
* * *
Старэйшая дачка:
— Тата, расказаць табе смешную гісторыю для тваёй кніжкі?
— Бясплатна ці за грошы?
— Лепш, вядома, за грошы.
— Тады не трэба.
— Я табе ўсё роўна раскажу, а ты сам вырашай.
Хітры маркетынгавы ход, разлічаны на наяўнасць у таты сумлення. На шчасце, гісторыя аказалася менш смешнай, чым міні-дыялог, які нарадзіўся ў выніку (да таго ж зусім бясплатны).
Павел ХОЛАД
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/pavel-holad
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/natatki-tatki