Асацыяцыя «Адукацыя для будучыні» запрашае школы да ўдзелу ў конкурсе «Хачу вучыцца ў STEM-класе!»
Па яго выніках будуць адабраныя дзесяць устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, дзе на працягу наступнага года будуць адкрыты STEM-цэнтры — сучасныя класы. Дзеці ў іх змогуць навучацца па розных STEM-напрамках: адкрываць для сябе займальны свет праграмавання, робататэхнікі, навучацца 3D-мадэляванню і іншым навукам, без якіх хутка немагчыма будзе ўявіць сабе жыццё ў сучасным грамадстве. Абрэвіятура STEM расшыфроўваецца наступным чынам: S — навука, Т — тэхналогіі, Е — інжынерыя і М — матэматыка.
Адкрыццё STEM-цэнтра патрабуе набыцця неабходнага абсталявання (камп'ютараў, набораў LEGO, 3D-прынтараў, праектараў і г. д.), якое перадаецца ўстанове адукацыі бясплатна. Таксама з боку асацыяцыі «Адукацыя для будучыні» будзе аказана спонсарская дапамога для праходжання настаўнікамі курсаў павышэння кваліфікацыі. STEM-цэнтр дазваляе навучаць да 100 школьнікаў, прычым для дзяцей такія заняткі — цалкам бясплатныя. Пры гэтым установа адукацыі за ўласныя сродкі праводзіць у класе рамонт, а таксама самастойна выбірае дызайн цэнтра ў адпаведнасці з тэматыкай STEM-напрамку, які з'яўляецца найбольш цікавым для вучняў.
Стаць удзельнікам конкурсу «Хачу вучыцца ў STEM-класе!» можа любая беларуская школа або гімназія, якая пакуль што не мае STEM-цэнтра, аднак гатовая ісці насустрач тэхналагічнай будучыні.
Азнаёміцца з умовамі конкурсу, крытэрыямі адбору і запоўніць заяўку для ўдзелу можна на сайце асацыяцыі «Адукацыя для будучыні» [4]. Дэдлайн 31 кастрычніка.
Абзавесціся сучасным STEM-цэнтрам — цалкам рэальна. У 2018 годзе асацыяцыя «Адукацыя для будучыні» пры садзейнічанні вядучых беларускіх ІТ-кампаній адкрыла STEM-цэнтры ў сярэдніх школах і гімназіях горада Барысава і аграгарадка Лошніца ў Барысаўскім раёне, у Баранавічах і Лельчыцах.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] http://edu4future.by/
[5] https://zviazda.by/be/tags/shkola
[6] https://zviazda.by/be/tags/adukacyya
[7] https://zviazda.by/be/tags/vuchan
[8] https://zviazda.by/be/tags/hachu-vuchycca-u-stem-klase