У Цэнтры культуры і вольнага часу курортнага пасёлка Нарач 11 кастрычніка а 15-й гадзіне адбудзецца ўрачыстае адкрыццё Мастацкай галерэі твораў народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча, знакамітага айчыннага графіка, ураджэнца і ганаровага грамадзяніна Мядзельшчыны.
Галерэя Васіля Шаранговіча створана па ініцыятыве і пры фінансавай падтрымцы Мінаблвыканкама і Мядзельскага райвыканкама.
Агульная яе плошча — 210 квадратных метраў, у экспазіцыі прадстаўлена 130 работ майстра. У тым ліку ілюстрацыі да твораў класікаў беларускай і сусветнай літаратуры, станковыя работы, акварэлі і малюнкі, якія пранізвае шчымлівая любоў да роднай зямлі, аднавяскоўцаў.
Значнае месца ў творчасці Васіля Шаранговіча займаюць пейзажы, галоўным чынам мядзельскія. Мастак пісаў пераважна знаёмае яму з дзяцінства асяроддзе, адлюстраваўшы яго непаўторную своеасаблівасць: велічны спакой пагоркаў, бязмежную стыхію азёр, глыбіню неба, падкрэсленую манументальнымі аблокамі, таямнічае мігценне неба начнога.
Нарадзіўся творца ў вёсцы Качаны Мядзельскага раёна. Скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер — Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў), шмат гадоў узначальваў яго і Музей сучаснага выяўленчага мастацтва. З'яўляецца народным мастаком Беларусі, прафесарам, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі, заслужаным дзеячам мастацтваў Польшчы, акадэмікам Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі.
Цяпер атрымліваць асалоду ад знаёмства з творчасцю славутага земляка змогуць і аматары мастацтва на яго малой радзіме.
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/taccyana-lazouskaya
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/vasil-sharangovich
[4] https://zviazda.by/be/tags/mastak
[5] https://zviazda.by/be/tags/grafik
[6] https://zviazda.by/be/tags/mastackaya-galereya