Вазгірд Свірыд, начальнік навукова-даследчай станцыі «Сымон Марый», сустрэў інспектара Дэпартамента пазаземных крымінальных расследаванняў Ратаўта Сарву ў атмасферным шлюзе. Выгляд пры гэтым меў дашчэнту засмучаны: крыху больш за чатыры гадзіны таму навуковец страціў траіх калег.
— Прыміце мае самыя шчырыя спачуванні, спадар Свірыд, — вымавіў інспектар, здымаючы гермашлем і пальчаткі ды паціскаючы начальніку станцыі руку.
— Дзякую, спадар Сарва, — ветліва кіўнуў начальнік станцыі. У параўнанні з фатаграфіяй з асабовай справы ён пастарэў на добры дзясятак гадоў. Голас стомлены, погляд патухлы. Не чалавек, а здань. — Адносіны паміж начальнікам і падначаленымі рэдка калі бываюць сяброўскімі, але Клоўсут, Бігач і Гедкоіл сталі мне сябрамі. Амаль два з паловай гады разам...
— Я павінен задакументаваць смерць вашых людзей, спадар Свірыд, — інспектар злавіў сябе на тым, што адчувае няёмкасць. Начальнік станцыі трымаўся з апошніх сіл. У яго былі ўсе падставы для таго, каб абвінавачваць у смерці Багіна, Кабеліса і Хлуда сябе: Свірыд аказаўся адзіным выжылым. Недарэчная выпадковасць.
— Разумею, спадар Сарва. Правілы ёсць правілы.
— Шмат часу працэдура не адбярэ, — запэўніў інспектар. — З вашага дазволу, спадар Свірыд, давайце адразу пяройдзем да справы.
Пярэчанняў не было. Начальнік станцыі больш не хацеў заставацца сам-насам з трупамі. І яго лёгка можна зразумець: суседства з мёртвымі яшчэ нікому не дадавала душэўнага спакою.
— Да сённяшняга дня праблемы з электраэнергіяй у вас узнікалі? — Звяраючыся з раздрукаваным на лазерным прынтары дэталёвым планам станцыі, інспектар накіраваўся ў лабараторны модуль.
— Ніводнага разу, — начальнік станцыі пакорліва пайшоў за інспектарам, для чаго Свірыду прыйшлося набрацца смеласці. — Усё працавала лепш за швейцарскі гадзіннік. Да Хлуда ў гэтых адносінах прэтэнзій ніколі не было.
— У вас ёсць здагадкі пра тое, што магло стаць прычынай спынення падачы электраэнергіі да знешніх гермадзвярэй? — Па дарозе інспектар па прафесійнай звычцы аглядаў абстаноўку.
— Ніякіх, спадар Сарва. Электраэнергія проста раптам знікла, а аварыйная падача пачалася толькі праз пяць ці шэсць секундаў. Можа, больш.
— А павінна была ўключыцца адразу, — інспектар нахмурыўся. Гэтых самых пяці альбо шасці секундаў аказалася больш чым дастаткова: розніца ціску ўнутры «Сымона Марыя» і на паверхні Ганімеда не пакінула навукоўцам ніводнага шанцу ацалець. — Ці ўдалося высветліць, з якой прычыны не спрацаваў аварыйны стопар гермадзвярэй?
— Ён якраз і спрацаваў, — гора ціснула на начальніка станцыі ўсё мацней. Мяркуючы па ўсім, зносін з псіхатэрапеўтам у найбліжэйшыя тыдні, а то і месяцы, яму не пазбегнуць, — але паветра высмактала з такой сілай, што гермадзверы спыніліся толькі на трэцім кроку... Для нармальнага функцыянавання «Сымона Марыя» даводзіцца падтрымліваць сілу цяжару, роўную зямной.
— Што за дзіўная планіроўка? Гермадзверы ў лабараторным модулі? Навошта?
— З-за недахопу карысных плошчаў мы выкарыстоўваем... то-бок выкарыстоўвалі ў якасці дадатковай лабараторыі грузавы шлюз.
— А які характар работ на станцыі? — Інспектар не заўважыў ні адной камеры відэаназірання.
— Мы праводзім эксперыменты з фарсіраваным вымарожваннем вады з ільдоў і яе апрасненнем: масавая доля вадзянога лёду на Ганімедзе ляжыць у інтэрвале ад сарака шасці да пяцідзесяці працэнтаў. Больш чым сур'ёзная база для тэрафарміравання.
— Вопыты паспяховыя?
— Вельмі перспектыўныя... Пастойце, спадар Сарва! Вы падазраяце, што хтосьці спецыяльна адключыў падачу электраэнергіі? — Ад лішку пачуццяў начальнік станцыі схапіў інспектара за руку і развярнуў да сабе.
— Выключаць такі варыянт нельга, — інспектар мякка вызваліўся з захопу. — Мяркую, што фарсіраваным вымарожваннем і апрасненнем займаецеся не толькі вы адны?
— Працэс адкрывае вельмі шырокія перспектывы, як я ўжо казаў...
— ...і абяцае нядрэнны прыбытак?
— Не без гэтага... — пацвердзіў начальнік станцыі і дазволіў сабе выказаць сумненне ў магчымасці прамысловага шпіянажу: — Калі б нехта пракраўся на станцыю, мы б даведаліся пра гэта.
— Замок на гермадзвярах электрамагнітны або электрамеханічны? — Не стаў дэманстраваць скепсіс інспектар. Знешнія камеры відэаназірання былі, аднак наўрад ці акажацца так ужо і складана ўсталяваць над імі дыстанцыйны кантроль.
— Электрамагнітны.
— Скажыце, спадар Свірыд, станцыйныя камп'ютары маюць выхад у Старнэт? — На ўнутраных створках бачных пашкоджанняў не было.
— Зразумела, спадар Сарва. Але там некалькі ступеняў абароны ад узлому.
Інспектар павярнуў крэмальерную зашчапку. Мужчыны ўвайшлі ў грузавую шлюзавую камеру. Унутры панаваў хаос: усё, што не было замацавана, высцілала керамабетонавую падлогу суцэльным дываном.
Дастаткова было аднаго погляду для таго, каб зразумець, што клеткай Фарадэя лабараторыя не з'яўляецца. Так што знешняе ўздзеянне не выключалася.
— Нічога падазронага вакол «Сымона Марыя» ў апошні час не адзначалі? — Інспектар выцягнуў з чамаданчыка са следчым інструментарыем магутную лупу і прыступіў да агляду знешніх створак.
— А што падазронае мы павінны былі запрыкмеціць? — Пытанне збіла начальніка станцыі з панталыку.
— Дроны, exemplі gratіa.
— Мы спецыяльна не сочым за наваколлем, спадар Сарва, — вінавата развёў рукамі начальнік станцыі. — Працы хапае і без назірання. Але калі гэта настолькі важна, то мы можам паглядзець відэазапісы. Яны ў нас па годзе захоўваюцца.
— Абавязкова паглядзім.
Кабелі энергападачы мацаваліся непасрэдна да пераборкі, і інспектар павольна пайшоў уздоўж сцяны, разглядаючы іх у моцную лупу. Праз некалькі крокаў спыніўся і дастаў газавы храматограф, пасля чаго павёў па кабелі сілікагелевым алоўкам. Лёд.
— Зараз задзейнічана сістэма аварыйнага асвятлення?
— Так, спадар Сарва. Маіх ведаў для рамонту базавай, на жаль, не хапае.
— Паверхневай вадой вы карыстаецеся?
— Выключна для тэхнічных патрэб. Апрасняльна-ачышчальная ўстаноўка дазваляе абыходзіцца ўласнымі запасамі.
Інспектар кіўнуў і схаваў газавы храматограф. Погляд рушыў па сцяне і столі ў пошуках працёку. Наткнуўся на сумешчаны з тэрмометрам электронны гадзіннік, які паказваў няправільны час. Паветра ў памяшканні прагрэлася да плюсавой тэмпературы.
Начальнік станцыі нервова праглынуў, калі інспектар схіліўся над трупамі. Усе прыкметы паказвалі на тое, што Багін, Кабеліс і Хлуд загінулі ад выбуховай дэкампрэсіі. Ад целаў ішоў рэзкі пах ваніт, мачы і фекаліяў. Гіпаксія і механічныя траўмы рабілі трупы падобнымі на марыянеткі з абарванымі ніткамі. Навукоўцы нічога не паспелі зрабіць дзеля ўласнага выратавання.
Інспектар зрабіў некалькі фотаздымкаў загінулых з розных ракурсаў і папрасіў:
— Раскажыце, калі ласка, што тут адбылося, спадар Свірыд.
— З чаго пачаць? — Начальнік станцыі разгубіўся.
— Ab ovo... Прашу прабачэння. Пачніце з таго моманту, як вы накіраваліся ў туалет.
— Добра... — Начальнік станцыі зрабіў некалькі глыбокіх удыхаў. На мерцвякоў пры гэтым стараўся не глядзець. — Туалет у грузавым шлюзе не прадугледжаны, таму я пайшоў у той, каторы ў сектары В. Ён найбліжэйшы. Ля самых дзвярэй раптам выключылася святло... Я пачуў лямант і пабег назад. Адчыніў гермадзверы, а ўнутры...
Начальнік станцыі не стрымаў слёз. Інспектар цярпліва дачакаўся, калі Свірыд здолее працягнуць.
— Я спрабаваў ім дапамагчы, спадар Сарва. Клянуся вам, спрабаваў, але яны ўсе былі мёртвыя... Потым я пабег у радыёрубку і выклікаў дапамогу... Ведалі б вы, спадар Сарва, чаго мне каштавалі гэтыя чатыры гадзіны! Я ледзь не звар'яцеў.
— Для вас гэта было б аптымальным выхадам, спадар Свірыд.
— Як вас разумець? — Начальнік станцыі асалапеў.
— Не было ніякага пазаштатнага адключэння электраэнергіі. Спадароў Багіна, Кабеліса і Хлуда забілі вы.
— Ды як вы можаце? — Начальнік станцыі пачырванеў, калі зразумеў, што сказанае — зусім не жарт. — Я не пацярплю брудных інсінуацый у свой адрас! З гэтымі людзьмі я з'еў не адзін пуд солі!
— Жадаеце доказаў, спадар Свірыд?.. Воля ваша. Час на электронным гадзінніку ў лабараторыі адстае ад сярэднезямнога не на пяць-шэсць секундаў, як вы казалі, а на цэлыя тры хвіліны. Ста васьмідзесяці секундаў гарантавана хопіць для таго, каб чалавек замерз і задыхнуўся: гермадзверы — цяжкія, зачыніць іх уручную немагчыма. Толькі пры дапамозе ручнога прывада. Працэс гэты — працяглы. Зацягнецца яшчэ больш, калі застапарыць гермадзверы лёдам... З тым каб выклікаць абясточванне і не дазволіць Багіну, Кабелісу і Хлуду зачыніць гермадзверы, вы выкарысталі мадыфікаваную поліваду. У лабараторыі ўжо даўно цяпло, а лёд на кабелі энергападачы да гэтага часу так і не растаў. Як і на сервапрывадзе гермадзвярэй.
— Калі вы не ў курсе, спадар Сарва, на Ганімедзе сярэдняя паверхневая тэмпература — сто дзесяць градусаў Кельвіна. Мінус сто шэсцьдзясят тры градусы па Цэльсію, — нагадаў начальнік станцыі.
— Лёд, па-за залежнасцю ад фазы, не можа раставаць, не пакідаючы знаку. Працёку нідзе няма, няма ніякіх падстаў для ссядання кандэнсату ў адным-адзінюткім месцы, з чаго я раблю выснову, што мадыфікаваная полівада аказалася на кабелі энергападачы і ў сервапрывадзе зусім не выпадкова... Полівада згуляла з вамі злы жарт, спадар Свірыд. Дазволіўшы расправіцца з падначаленымі, яна не пакінула магчымасці замесці сляды: гэта — не звычайная вада, якую дастаткова змахнуць рукой ці выцерці анучай.
— Якое выключнае трызненне! Каб я, доктар тэхнічных навук, прафесар, апусціўся да пахабнага забойства? — Начальнік станцыі ўспыхнуў, абураны да глыбіні душы. І без пераходу кінуўся на інспектара, імгненна страціўшы журботны выгляд. На костках правай рукі ў святле люмінесцэнтных лямпаў бліснуў метал.
Quod erat demonstrandum.
Напад не застаў інспектара знянацку: Сарва зрушыўся і адпрацаваным на шматлікіх трэніроўках па самаабароне прыёмам паклаў начальніка станцыі тварам у падлогу. А затым сашчапіў заведзеныя за спіну рукі забойцы аднаразовай пластыкавай сцяжкай:
— Вы маеце права захоўваць маўчанне...
Начальнік станцыі лаяўся і з усіх сіл спрабаваў вызваліцца, пакуль інспектар зачытваў яму «правіла Міранды» і абшукваў. Іншай зброі, акрамя металічнага ланцужка для мультытула, у злачынцы не знайшлося.
— А цяпер, спадар Свірыд, прызнавайцеся, што прымусіла вас пайсці на жорсткае забойства?.. Знайшлі ў лёдзе нешта звышкаштоўнае? Альбо вырашылі валодаць сакрэтам вымарожвання аднаасобна?
Начальнік станцыі толькі лаяўся. Падняцца яму замінала далонь інспектара. Сарва ніколі і не падумаў бы, што чалавек ва ўзросце і з акадэмічнай знешнасцю валодае гэтакім велізарным запасам абсцэннай лексікі. Любы крымінальнік абзайздросціцца.
Выдыхнуўшыся, Свірыд змірыўся з паражэннем і праз нейкі час, рыпнуўшы зубамі, пакаяўся:
— Так, спадар Сарва, я забіў. «Aqua Іnc.», бельгійская карпарацыя з ліку нашых канкурэнтаў, прапанавала мне велізарныя грошы за тое, каб даведацца пра сакрэт фарсіраванага вымарожвання. Непрыстойна велізарныя. Такі шанц выпадае толькі адзін раз у жыцці. Адмаўляцца ад яго было б верхам ідыятызму...
Сарва адчуў небяспеку шостым пачуццём. Нырнуў на падлогу за імгненне да таго, як ледзяная іголка, без сумненняў зробленая з мадыфікаванай полівады, утыркнулася ў пластыкавую шафу. Прабіць керамабетон яна не змагла. З расчыненых дзверцаў пырснулі аскепкі і пасыпаліся абрэзкі паперы.
Нейракамп'ютарны інтэрфейс.
Як інакш начальнік станцыі мог кіраваць мадыфікаванай полівадой?
Свірыд не пакінуў інспектару выбару: Сарва пальцамі націснуў на сонную кропку на галаве начальніка станцыі, і той абмяк.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/litaratura
[3] https://zviazda.by/be/tags/na-konkurs-apavyadannyau