Усебеларускі спартыўны фестываль «Тата, мама, я — футбольная сям'я!», які арганізавала Беларуская федэрацыя футбола, намінаваны на прэмію UEFA GROW 2018.
Праграма UEFA GROW была запушчана ў 2015 годзе і нацэлена на аказанне садзейнічання Еўрапейскім футбольным асацыяцыям у развіцці гульні нумар адзін у такіх галінах, як масавы футбол, маркетынг і камунікацыі.
28 верасня незалежнае журы вывучыла і абмеркавала кожную са 106 заявак, якія былі пададзены Еўрапейскімі футбольнымі асацыяцыямі на прэміі UEFA GROW 2018. Па кожнай з пяці намінацый былі адабраныя тры найлепшыя праекты, з ліку якіх будуць абраныя пераможцы. Пяць асацыяцый — уладальнікаў прэмій у намінацыях «Імідж», «Удзел», «Далучэнне», «Прыбытак», «Маркетынг у жаночым футболе» будуць вызначаны на ўрачыстай цырымоніі, якая пройдзе ў рамках Канферэнцыі УЕФА GROW у Рызе 30—31 кастрычніка 2018 года.
Сямейны фестываль «Тата, мама, я — футбольная сям'я!» быў уключаны ў тройку найлепшых у намінацыі «Удзел». У ліку фіналістаў, акрамя АБФФ, таксама праекты ад футбольных асацыяцый Англіі і Румыніі. Адзначым, што па гэтай намінацыі журы давялося выбіраць з заявак ад дваццаці сямі еўрапейскіх футбольных асацыяцый.
Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/darya-labazhevich
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/sport
[4] https://zviazda.by/be/tags/alimpiec