Мінпрыроды заклікае неабыякавых грамадзян паведамляць пра факты незаконнага ўтрымання ці развядзення ў няволі дзікіх жывёл
Апошнім часам у СМІ перыядычна з'яўляліся навіны, звязаныя са з'яўленнем па-за месцамі ўтрымання дзікіх, часцей за ўсё экзатычных, жывёл — змеяў, папугаяў і нават страусаў. Некаторыя з гэтых уцекачоў, напрыклад змеі, нясуць рэальную пагрозу людзям.
Каб выключыць такія выхады жывёл "у людзі" і прадухіліць незаконнае іх утрыманне, спецыялісты прыродаахоўнага ведамства на працягу верасня праводзяць маніторынг жывёл, што ўтрымліваюцца ў няволі, — гэта датычыцца чырванакніжнікаў і экзатычных відаў. Інспектары правяраюць, ці знаходзяцца гэтыя жывёлы фактычна ў гаспадароў, а таксама як выконваюцца патрабаванні да іх утрымання і развядзення ў няволі.
У Мінпрыроды звяртаюць увагу на важнасць рэгістрацыі дзікіх жывёл, што ўтрымліваюцца ў няволі. Гэта працэдура дапамагае не толькі ўлічваць рэдкія віды жывёл і тыя, што знаходзяцца на мяжы знікнення, але і ствараць для іх гуманныя і спрыяльныя ўмовы ўтрымання і, што немалаважна, падтрымліваць бяспеку грамадзян.
— Мы просім грамадзян, якія маюць якую-небудзь інфармацыю пра незаконнае ўтрыманне ці развядзенне ў няволі дзікіх жывёл, паведамляць пра гэтыя факты ў абласныя, Мінскі гарадскі камітэты прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Тэрытарыяльныя органы Мінпрыроды прымуць неабходныя меры рэагавання, — адзначылі ў прэс-службе прыродаахоўнага ведамства.
Настасся АЛЯКСЕЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/nastassya-alyakseeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/ekalogiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/dzikiya-zhyvyoly