29 верасня на аграбіястанцыі “Зялёнае“ пад Мінскам другі раз пройдзе «Гарбузовы фэст».
Удзельнікаў фестывалю чакае цікавая праграма. Яны змогуць прыняць удзел у “Гарбузовых забаўках” і прадэманстраваць, што ж вырасцілі на ўласным падворку, а таксама абмяняцца сезоннай прадукцыяй. На фестывалі можна будзе пакаштаваць “Восеньскія прысмакі” з гарбуза і іншай гародніны і садавіны і “Замежныя пачастункі”. Іншаземныя студэнты, якія научаюцца ў БДПУ, будуць вучыць рыхтаваць стравы сваёй краіны.
Не абыдзецца, вядома, і без “Пачастунка ад рэктарата” — смачнай кашы з гарбуза.
Падрыхтаваны і незвычайныя нумары. Так, адбудзецца конкурс авангарднага касцюма з гарбуза “Залаты сілуэт”. На пляцоўцы “Надзвычай незвычайна” будуць ладзіцца эксперыменты. Таксама можна будзе пабываць на выставе вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Восеньскія дзівосы”, наведаць пляцоўку рэсурснага цэнтра “Зялёны офіс”, псіхалагічную гасціную “Таямніцы душы”.
Мяркуецца, што гасцямі свята стануць работнікі Міністэрства адукацыі на чале з міністрам Ігарам Карпенка, а таксама супрацоўнікі РНПЦ “Кардыялогія” і яго дырэктар Аляксандр Мрочак. Дарэчы, тут жа будзе працаваць пляцоўка “Пульс восені”, дзе спецыялісты цэнтра раскажуць пра здаровы лад жыцця і памераюць ахвотным ціск. БДПУ і РНПЦ “Кардыялогія” супрацоўнічаюць у рамках сумеснага адукацыйна-аздараўленчага праекта “Разам — да здароўя нацыі!”.
Конкурсная праграма "Гарбузовага фэсту” вельмі насычаная. За прызавыя месцы пазмагаюцца 11 студэнцкіх каманд з дзевяці факультэтаў і двух інстытутаў. “Гарбузовыя забаўкі” выйграе самая спартыўная каманда (за гэта званне будзе змагацца і каманда рэктарата), “Восеньскія прысмакі” — каманда з найлепшай кулінарнай стравай. На выставе вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Восеньскія дзівосы” будзе абраны найлепшы выраб дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з гарбуза, а ў конкурсе “Залаты сілуэт” — найлепшы авангардны гарнітур з гарбуза.
Па выніках прэзентацыі “Восень каляровая” журы абвесціць лепшы творчы нумар, а па выніках ўзважвання — самы цяжкі гарбуз. Па суме балаў за ўсе конкурсныя заданні будуць вызначаны пераможца і прызёры “Гарбузовага фэсту”.
Фестываль “Гарбузовы фэст” распачнецца ў 11 гадзін па адрасе: пасёлак Зялёнае, Мінскі раён (аграбіястанцыя “Зялёнае”, навучальны корпус № 10).
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/adukacyya