«Сямейныя гісторыі»
«Беларусь 2», з 2 кастрычніка
Дакудрама — папулярны апошнім часам жанр спалучэння пастановачных здымак і рэальных падзей. Вось і Белтэлерадыёкампанія запускае ўласны дакументальна-драматычны серыял, героі якога знаходзяць шкілеты ў шафах сямейнага дабрабыту. «Мы нічога не прыдумляем, жыццё часам прапануе такія закручаныя сюжэты, што фантазіі сотні сцэнарыстаў не хапіла б на гэткія павароты», — рэзюмуе аўтар і кіраўнік праекта Ксенія Луцкіна. Што рабіць у, здавалася б, безвыходных сітуацыях, падказваюць спецыялісты: псіхолагі, педагогі, юрысты і медыкі.
«Хронікі здрады»
«МІР», 3 кастрычніка
У жыцці сямейнай пары Андрэя і Ганны аказваецца трэці — «камп'ютарны геній» Ягор. Стомленая непаразуменнямі з мужам, Ганна завязвае палкі раман з хлопцам, маладзейшым за яе на 10 гадоў. А вось паставіць у рамане кропку аказваецца цяжэй, чым хацелася б: Ягор закідвае каханую лістамі, тэрарызуе званкамі. І ў дадатак да ўсяго, вярнуўшыся аднойчы дадому, жанчына бачыць, што яе кватэра згарэла, а муж знік...
«Мне не баліць»
TV1000Ru, 5-7 кастрычніка
Дызайнер-пачатковец Міша прапануе свае паслугі Натэле, гаспадыні дарагой кватэры. Той мала цікавыя эскізы, затое вельмі цікавы сам Міхаіл, і яна шчодра дае яму і яго сябрам рэкамендацыі — пропуск у свет багатых кліентаў і завоблачных ганарараў. Толькі выпадкова закаханы дызайнер даведваецца, што дзяўчына ўтойвае ад яго штосьці важнае, што робіць немагчымай сумесную будучыню.
«З каханымі не расставайцеся»
«Беларусь 3», 6-7 кастрычніка
Маладая пара разводзіцца ў судзе, міжволі назіраючы іншыя працэдуры разводаў, як драматычныя, так і пацешныя... Такіх гісторый тысячы. Але ў гэтай неўзабаве пасля разводу былая жонка Каця (Ірына Алфёрава) трапляе ў бальніцу — і былы муж Міця (секс-сімвал савецкага кіно Аляксандр Абдулаў, на той момант яшчэ муж Алфёравай) прыходзіць яе наведаць. Гонар, крыўды, расчараванне адыходзяць на другі план, пакідаючы толькі неабсяжнае каханне і жаданне зноў з'яднаць сваё жыццё з каханым...
«Чорны лебедзь»
ТВ3, 5 кастрычніка
Грацыёзная Ніна жыве балетам і марыць выканаць галоўную партыю ў «Лебядзіным возеры», таму з фанатычнай упартасцю рэпеціруе — да гузакоў, да траўмаў. А канкурэнткі не дрэмлюць, дый рэжысёр толькі падбухторвае Ніну, маўляў, для партыі Чорнага Лебедзя ў яе не хопіць страснасці і імпэту. Ужываючыся ў дзве супрацьлеглыя ролі, у пагоні за ідэалам дзяўчына паступова вар'яцее і страчвае саму сябе.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] https://zviazda.by/be/teletydzen
[3] https://zviazda.by/be/tags/shto-paglyadzec