У Пінскім раёне знаходзіцца ўнікальная ўстанова, якая дапамагае дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця знайсці сваё прызванне і атрымаць пуцёўку ў жыццё. Недалёка ад аграгарадка Малоткавічы ў дапаможнай школе-інтэрнаце навучаюць дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю.
«Гэтыя дзеці не могуць спасцігнуць агульную школьную праграму. Тут для іх створаны адмысловыя праграмы, накіраваныя на тое, каб адаптаваць да самастойнага жыцця і сацыялізаваць. У школе дзеці могуць атрымаць рабочую прафесію», — расказаў яе дырэктар Вячаслаў ІЗОТАЎ.
Урокі працоўнага навучання пачынаюцца з першых класаў. Паступова заданні дзецям ускладняюцца, а ўжо ў апошніх двух класах іх навучаюць асновам пэўных прафесій: каваля халоднага кавання металу, укладчыка тратуарнай пліткі, зборшчыка корпуснай мэблі, швачкі, пчаляра і агародніка.
«Разнастайнасць прафесій шырокая. У рамках дадатковай адукацыі дзеці знаёмяцца і з ганчарнай справай — у школе ёсць добра абсталяваная ганчарная майстэрня. Створана і пчаліная пасека», — расказвае Вячаслаў Ізотаў.
Цікавы і той факт, што на базе школы створана невялікая вытворчасць па вырабе тратуарнай пліткі, корпуснай мэблі, пашыве пасцельнай бялізны. Для хлопцаў і дзяўчат, якія навучаюцца ў інтэграваных класах, падчас летніх канікул арганізоўваюць на базе школы-інтэрната лагер працы і адпачынку, дзе яны могуць выпрабаваць сябе ў працоўнай дзейнасці, зарабіць сабе першыя і немаленькія грошы.
Ілья КРЫЖЭВІЧ
Падрабязную інфармацыю пра Малоткавіцкую дапаможную школу-інтэрнат вы можаце знайсці на сайце: mоlіntеrn.brеst-rеgіоn.еdu.bу [4]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/ilya-kryzhevich-0
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] http://mоlіntеrn.brеst-rеgіоn.еdu.bу
[5] https://zviazda.by/be/na-pravah-reklamy