Green Office BSPU прызнаны на еўрапейскім узроўні: рэсурсны цэнтр быў унесены на карту Зялёных офісаў і ініцыятыў Еўропы і свету. На дадзены момант у свеце працуе 35 Зялёных офісаў. У бліжэйшы час будуць створаны яшчэ 42. На постсавецкай прасторы офіс БДПУ — першы і пакуль што адзіны. У перспектыве чакаецца адкрыццё Зялёнага офіса ў Вільнюсе.
— Наш Зялёны офіс на сусветнай карце — яшчэ адно “вакно” ў навакольны свет, якое дазваляе нам сачыць за сучаснымі тэндэнцыямі і развівацца ў адпаведнасці з ідэямі і прынцыпамі ўстойлівага развіцця і на іх аснове будаваць свой Устойлівы Універсітэт, а таксама у поўнай меры ўносіць свой уклад у развіццё іміджу БДПУ як інавацыйнага і сацыяльна-адказнага універсітэта, — падкрэслівае дэкан факультэта прыродазнаўства Наталля НАВУМЕНКА.
Рэсурсны цэнтр Green Office BSPU БЫЎ створаны на базе факультэта прыродазнаўства 1 снежня 2017 года. На працягу няпоўнага года свайго існавання ён станавіўся не толькі ўдзельнікам мерапрыемстваў рознага ўзроўню, але і выступаў арганізатарам універсітэцкіх і факультэцкіх акцый, майстар-класаў, адукацыйных гульняў як на базе ўніверсітэта, так і на базе сталічных устаноў адукацыі.
У красавіку гэтага года Green Office BSPU стаў ініцыятарам далучэння да міжнароднага фестывалю “ВНУЭкафэст—2018”, у рамках якога студэнтамі ўніверсітэта было праведзена больш за 30 мерапрыемстваў на экалагічную тэматыку. Каардынатары рэсурснага цэнтра актыўна супрацоўнічалі з прадстаўнікамі Зялёнага офіса ўніверсітэта горада Хільдэсхайм (ФРГ), сталі ўдзельнікамі трэнінгу "Экалагічная адукацыя — Экалагічная журналістыка — Устойлівасць” (Гановер, ФРГ). Прэзентацыя дзейнасці Green Office BSPU атрымала высокую ацэнку еўрапейскіх калег, а каардынатарам дзейнасці офіса паступіла прапанова прайсці анлайн-курс “Green Office model” і прыняць удзел у саміце Зялёных Офісаў Еўропы, які пройдзе ў горадзе Гент (Бельгія) у лістападзе гэтага года.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/bdpu