Малады беларускі дызайнер Таня Тур возьме ўдзел у найбуйнейшай міжнароднай тэкстыльнай выставе “Who's Next”, якая пройдзе ў Парыжы з 7 па 10 верасня.
"Who's Next” — важная ў свеце высокай моды падзея, яна праходзіць разам з “Premiere Classe” — вядучай выставай аксэсуараў. Штосезонны салон (а ён збіраецца двойчы на год — у студзені і верасні) фарміруе модныя тэндэнцыі ў fashion-індустрыі: перавагу той ці іншай каляровай гамы, варыянты крою, выбар тканіны, агульны стыль, дызайнерскія інавацыі. Вытворцы адзення з усяго свету дэманструюць шырокай публіцы свае калекцыі новага сезону, элітныя вячэрнія строі і модныя аксэсуары.
Таня Тур неаднаразова ўдзельнічала ў Рэспубліканскім фестывалі-конкурсе моды і фота “Млын моды”, станавілася яго прызёрам і пераможцам. Вясной бягучага года сумесна з камандай “Млына моды” ўдзельнічала у Фестывалі славянскай моды ў Парыжы і стала яго пераможцам. Галоўным прызам за перамогу быў бясплатны ўдзел у міжнароднай тэкстыльнай выставе “Who's Next” і магчымасць прадставіць сваю калекцыю “Еду ды Таткi”.
“Еду ды Таткі” — вельмі асабістая гісторыя, прысвечаная дому і дзіцячым успамінам. Галоўнае месца ў ёй адводзіцца беларускаму лёну і натуральным тканінам. Упрыгожвае калекцыю вышыўка ручной работы і самабытныя аксэсуары ад брэнда “Murava ceramics” — аўтарскія ўпрыгожванні з глазураванай керамікі — і капялюшы ад Марыны Духан. Калекцыя не пазбаўлена іроніі, яна “населена” героямі і персанажамі, якія запрашаюць акунуцца ў казку.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/moda
[4] https://zviazda.by/be/tags/dyzayner
[5] https://zviazda.by/be/tags/paryzh
[6] https://zviazda.by/be/tags/tekstylnaya-pramyslovasc
[7] https://zviazda.by/be/tags/tekstyl